Кампазіцыя, паводле патрабаванняў тэлеканала, павінна быць напісана для дзявочага калектыву ў складзе 6 чалавек або для сольнага выканаўцы (мужчыны). Яна мусіць адпавядаць усім стандартам еўрапейскага конкурсу песні, і, да ўсяго, быць неардынарнай. Мова песні можа быць беларускай, рускай, англійскай.
Наступным крокам, па словах А.Праваторавай, будзе вызначэнне лепшых дзесяці кампазіцый. "Іх мы і прапануем увазе тэлегледачоў, - кажа яна. - Але галоўнае адрозненне ад папярэдніх конкурсаў у тым, што гледачы ў ходзе інтэрактыўнага галасавання мусяць выбіраць менавіта саму песню, а не пэўнага выканаўцу".
На пытанне, чаму тэлеканал арыентуецца на кампазіцыю для жаночага гурта, кіраўнік прэсслужбы адказала, што гэта патрабаванне не прынцыповае. "Як правіла, на "Еўрабачанні" шмат хлапчуковых ансамбляў, - патлумачыла яна, - а дзявочыя калектывы прадстаўлены адзінкамі, таму і быў вызначаны такі прыярытэт. Але ж калі мы атрымаем цудоўную песню, напісаную, скажам, для дуэта, - мы не станем ад яе адмаўляцца".
Нагадаем, што канал АНТ падаў заяўку на ўступленне ў Еўрапейскі вяшчальны саюз яшчэ ў чэрвені. Зараз ён чакае пасяджэння міжнароднай арганізацыі, якое адбудзецца ў снежні. "Вусная дамоўленасць аб уключэнні нашага тэлеканала ў EBC (European Broadcasting Union) ужо ёсць, - запэўніла А.Праваторава. - Пасяджэнні Саюза адбываюцца толькі два разы на год - у чэрвені і ў снежні, і мы вымушаны чакаць".
Пакуль жа тэлеканалу не забараняецца аб'явіць конкурс песні для "Еўрабачання-2010". Кампазіцыі на конкурс прымаюцца да 1 кастрычніка.