Навукова-літаратурная дзейнасць Барычэўскага пачалася ў 1837 г. артыкуламі, якія друкаваліся ў “Часопісе Міністэрства народнай асветы”: “Паданні Адольфа Лізека аб Пасольстве імператара рымскага Леапольда да вялікага цара Маскоўскага Аляксея Міхайлавіча ў 1675 годзе” (1837 г.), “Аб рускім летапісе ў Літве, які завецца Хронікаю Быхаўца” (1838 г.), “Мекленбургскія старажытнасці” (1839 г.). У 1840 — 41 гг. з’явілася ў дзвюх частках ягоная першая вялікая праца — “Аповесці і паданні славянскага племені”, працягам якой былі “Народныя славянскія аповеды” (1844 г.). Абедзве гэтыя працы ўтрымлівалі нямала матэрыялу, што друкаваўся ўпершыню.
Амаль у той жа час Барычэўскі адным з першых звярнуўся да вывучэння гісторыі і старажытнасцей беларускага краю і напісаў дзве вялікія працы “Даследаванне аб паходжанні, назве і мове літоўскага народа” (1847 г.), “Праваслаўе і руская народнасць у Літве” (1851 г.), акрамя гэтага — цэлы шэраг артыкулаў. Барычэўскі быў адным з галоўных супрацоўнікаў санкт-пецярбургскага часопіса “Маяк”, і публікацыяЛьвом Кавеліным у 1845 годзе першай рэдакцыі “Энеіды навыварат” была прысвечана менавіта яму. Тады ж у “Маяку” быў змешчаны цікавы ліст настаўніка з Гародні В.Ігнатовіча да Барычэўскага, прысвечанае стану школьнай і бібліятэчнай справы на Беларусі. Як бачым, менавіта Барычэўскі мог быць адным з арганізатараў санкт-пецярбургскага гуртка беларусаў — аматараў літаратуры і фальклору, якія, у адрозненне ад тых сваіх землякоў, што групаваліся вакол “Незабудкі” Яна Баршчэўскага і пісалі па-польску, карысталіся рускай мовай. Сярод аднадумцаў супрацоўніка “Маяка”— Іван Грыгаровіч, Фёдар Шымкевіч, Павел Шпілеўскі.
Памёр Іван Пятровіч Барычэўскі 24 чэрвеня 1887 года ў Выбаргу. Яго архіў не знойдзены, фотаздымкаў не захавалася, і ніводны яго твор пасля смерці, на жаль, не быў надрукаваны.
Як даследчык я зацікавіўся работамі Барычэўскага. На жаль, у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ёсць толькі адна яго кніга— ужо згаданая “Праваслаўе і руская народнасць у Літве”. Тады я зрабіў заказ праз міжбібліятэчны абанемент. Якая ж была мая радасць, калі з Рыгі даслалі ксеракопію “Народных славянскіх аповедаў” (1844 г.), прычым бясплатна! Цікава, што на вокладцы і тытульным лісце стаіць штамп: “Вучнёўская бібліятэка гімназіі імператара Мікалая I”. Кніга — пераклад на рускую мову паэтычных паданняў і легенд славянскіх народаў.
Я ў першую чаргу звярнуў увагу на “Беларускія павер’і”, бо пад гэтай назвай змешчаны 170 прыкмет беларускага народа, сабраных Міхасём Загароўскім. Звестак пра гэтага чалавека пакуль не выявіў.
Аляксандр ВАШЧАНКА,
краязнаўца
краязнаўца