А пачалося ўсё з абвесткі ў дзяржаўных СМІ. Гэтая абвестка заклікала беларусаў актыўна далучацца да Рэспубліканскай акцыі “Тыдзень лесу”, якая пад дэвізам “Пасадзі сваё дрэва” штогод праходзіць у нашай краіне ў сярэдзіне красавіка. Зерне, што называецца, трапіла на падрыхтаваную глебу. Тым больш апошні дзень акцыі прыпадаў на чарговы этап турнэ “Суботнікаў з “Культурай”, які мы разам з Арт-суполкай імя Тадэвуша Рэйтана планавалі правесці на Малой радзіме Ігната Дамейкі — у Вялікай Мядзвядцы (Карэліцкі раён, Гродзенская вобласць). Так і прыйшла думка да зацятага змагання з хмыззём на падмурках сядзібы Дамейкаў дадаць яшчэ пасадку дубка ў гонар нашага славутага земляка.
Уласна кажучы, традыцыя ўшаноўваць памяць таго ці іншага гістарычнага дзеяча або пакідаць такую жывую памяць аб значнай падзеі памятным дрэвам старая як свет. Не былі ў баку ад сусветных трэндаў і нашы продкі. Але ад дубоў у гонар князя Усяслава Чарадзея, караля Міндоўга ці князя Вітаўта або 100-годдзя Грунвальдскай бітвы, пэўна, не засталося ўжо і пнёў. І ўсё ж некалькі такіх імянных дрэваў прыходзяць у галаву. Напрыклад, дуб прафесара Віленскага ўніверсітэта Станіслава Юндзіла ў Шчучыне. Або два дубы ў Крашыне, якія пасадзілі ў 1884 годзе Ігнат Дамейка і ягоны малодшы сябра, паэт Антон Адынец. На думку краязнаўцаў, пры дубках быў пастаўлены камень, на якім быў выбіты надпіс на памяць аб гэтай падзеі. І нібыта выбіў гэты надпіс не хто іншы, як самы вядомы крашынец — паэт-самавук і каваль Паўлюк Багрым (якога лічаць аўтарам вершыка “Зайграй, зайграй, хлопча малы”). Сёння замест таго каменя нясе варту іншы, з памятнай дошкай ужо ад нашых сучаснікаў. А вось дубы тыя растуць і па сёння. Згадваецца і дуб, які быў высаджаны не так даўно ў Навагрудку, блізу сядзібы-музея Адама Міцкевіча.
ПРАЦЯГ ДОБРАЙ ТРАДЫЦЫІ
Ігнат Дамейка, без сумневу, культавая асоба на Гарадзеншчыне. Але ён і род яго шчыльна знітаваныя таксама з Міншчынай і Берасцейшчынай. Таму ідэя злучыць ланцужком “дрэваў памяці” тры рэгіёны Беларусі з’явілася як цалкам лагічная.
І вось 15 красавіка дубкі ў гонар Дамейкі былі высаджаныя ў Жыбартоўшчыне (Дзятлаўшчына) і ў Новай Мышы (Баранавіччына). 16 красавіка, у дзень Рэспубліканскага суботніка, да акцыі далучыліся іншыя раёны. Так, памятныя дрэвы з’явіліся ў Шчучыне (Шчучыншчына), Гарадзеі і Студзёнках (Нясвіжчына) і Заслаўі (Міншчына). І, вядома, на месцы правядзення нашага суботніка — Вялікай Мядзвядцы (Карэліччына).
Але варта дадаць, што ў Новай Мышы і Вялікай Мядзвядцы была ўшанаваная памяць не толькі самога Ігната Дамейкі, але і ягоных найбліжэйшых сяброў, вядомых дзеячаў культуры — Яна Чачота і Адама Міцкевіча, Тамаша Зана і інш.
Хочацца выказаць шчырыя словы падзякі кіраўніцтву і супрацоўнікам дзяржаўных устаноў, якія падтрымалі акцыю “Пасадзі дрэва Дамейкі”, — Шчучынскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці, Шчучынскі лясгас, Дзятлаўскі краязнаўчы музей (Алена Абрамчык і Вольга Цюшляева), Крупаўская сярэдняя школа-дзетсад, ДУК Баранавіцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, Навамышскі сельскі выканаўчы камітэт, Нясвіжскі раённы выканаўчы камітэт, Новагарадзейскі сельскі цэнтр культуры і адпачынку (Лідзія Галубко і Святлана Мартос). А таксама гаспадарам колішніх маёнткаў Дамейкаў — Канстанціну Шуляку (Жыбартоўшчына) і Ігару Клімчанку (Вялікая Мядзвядка). І краязнаўцам — Валерыю Петрыкевічу, Анатолю Альшэўскаму (Дзятлава) і Аляксандру Абрамовічу (Студзёнкі).
Асобая падзяка валанцёрам Арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана — Аляксандру Мачульскаму, Анатолю Новікаву і Ільі Чарняўскаму. З імі мы разам высадзілі дубок Дамейкі і правялі чарговы “Культурны” суботнік у Мядзвядцы.
Ёсць упэўненасць у тым, што такая добрая і годная традыцыя высаджваць дрэвы памяці ў гонар гістарычных асоб і слаўных дзеячаў культуры будзе працягвацца і надалей. Бо, як кажуць, іржа точыць жалеза, вада — камень, а дрэвы, калі іх садзілі з любоўю, жывуць і нясуць людзям і наваколлю радасць!