Адразу трэба адзначыць, што клуб “Краязнаўца” аб’ядноўвае аматараў гісторыі, культуры, літаратуры, мовы, прыроды роднага краю, людзей розных прафесій і ўзростаў, прафесіяналаў і аматараў-краязнаўцаў з ліку чытачоў бібліятэкі.
Краязнаўства — неад’емная частка нашай вялікай гісторыі. Сёння цікавасць да вывучэння роднага краю выклікана небывалым уздымам нацыянальнай самасвядомасці. Магчымасці краязнаўчых матэрыялаў дазваляюць выхоўваць маладое пакаленне на прыкладах з жыцця бацькоў, землякоў, на падзеях з гісторыі сваёй малой радзімы.
Адным са сродкаў краязнаўчага даследавання і крыніцай гістарычнай інфармацыі з’яўляецца фатаграфія. Наша краязнаўчае мерапрыемства было прысвечана менавіта фатаграфіі, таму што нават адзін самы маленькі фотаздымак часта можа даць больш інфармацыі, чым некалькі старонак гістарычнай кнігі.
Для зручнасці адбору фота да мерапрыемства ўдзельнікам былі прапанаваныя некалькі тэм: “Сямейная фотарэліквія”, “Фота, якое адлюстроўвае эпоху”, “Я ганаруся сваімі продкамі!”, “Яны зрабілі ўнёсак у развіццё краю”, “Прыродныя і архітэктурныя аб’екты Століншчыны ў ранейшым абліччы”, “Святы, абрады і традыцыі, адлюстраваныя на фота”, “Фота, мілае сэрцу”, “Фота з цікавай гісторыяй” і іншыя.
Удзельнікі сустрэчы дэманстравалі фотаздымкі з сямейных фотаальбомаў, суправаджаючы іх падрабязнай унікальнай інфармацыяй. Было цікава разглядаць дарэвалюцыйныя здымкі, фота ваеннага часу, сярэдняга і позняга савецкага перыяду і пачатку 2000-х, убачыць культуру і побыт людзей, прасачыць змяненне аблічча Століна. Прысутныя атрымалі дадатковыя звесткі аб нашым краі, яго культуры, развіцці, розных гістарычных падзеях.
Шмат было сказана пра людзей, родных і блізкіх удзельнікаў мерапрыемства, іх продках, якія не толькі ўнеслі свой уклад у развіццё Століншчыны, здзейснілі подзвігі або навуковыя дасягненні, але і проста дарагія ім. У сямейных альбомах нашых гасцей захоўваюцца старадаўнія здымкі, зробленыя не толькі на Радзіме, але і ў Польшчы, Англіі, Афганістане, Аргентыне і іншых краінах.
Неабходна памятаць і вывучаць гісторыю свайго роду і малой радзімы, дзяліцца гэтымі звесткамі, перадаваць іх сваім нашчадкам, таму што без ведання мінулага нельга пабудаваць будучыню.
Кацярына СТРАХА, галоўны бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі Столінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі, кіраўнік клуба “Краязнаўца”