— Агульную мову нам удалося знайсці вельмі лёгка, — падзяліўся Сяргей Канстанцінавіч сваімі ўражаннямі ад сустрэчы. — Мы пачуваліся на адной хвалі, таму гутарка атрымалася шчырая і зацікаўленая. Абмеркавалі тыя навацыі, якія змяшчае новы праект Асноўнага Закона — і, у прыватнасці, ролю Усебеларускага народнага сходу. Было відаць, што людзі музыкі ставіліся да гэтых нарматыўных змен уважліва і адказна. Гаварылі пра захаванне гістарычнай памяці — асабліва пра подзвіг нашых продкаў у часы Вялікай Айчыннай вайны. У яго ўшанаванне славуты ансамбль таксама зрабіў вялікі ўнёсак — у рэпертуары “Песняроў” не раз з’яўляліся песні на ваенную тэматыку.
У размове я падкрэсліў, што істотная ўвага ў Канстытуцыі надаецца захаванню нацыянальнай культуры і самабытнасці, якія з’яўляюцца падмуркам для ідэалагічнай платформы нашай дзяржавы. І тут музыканты “Песняроў” маюць вельмі вялікую адказнасць. Цяжка падлічыць, колькі мільёнаў людзей зацікавіў сваімі глыбокімі нацыянальнымі традыцыямі легендарны Уладзімір Мулявін.
Ды і сёння “Песняры” аб’ядноўваюць сваёй музыкай многія пакаленні — на іх канцэртах можна ўбачыць і моладзь, і людзей сталага веку. Ансамбль актыўна гастралюе за мяжой, прапагандуючы тым самым нашу беларускую песню, выступаючы на ніве народнай культурнай дыпламатыі і падтрымліваючы нацыянальны дух у прадстаўнікоў беларускай дыяспары. Пра падтрымку такіх гастрольных тураў таксама вялася гутарка падчас сустрэчы.
Закраналіся і моманты практычныя. У прыватнасці, я даведаўся, што ўдзельнікі цяперашняга складу знакамітага ансамбля маюць праблемы з жытлом. Сярод іх толькі адзін карэнны мінчанін, астатнія ў сталіцы “свайго кутка” не маюць. Як дэпутат, паабяцаў зрабіць належныя захады для вырашэння гэтай сітуацыі.
Наша гутарка доўжылася цэлыя дзве гадзіны. Цягам гэтага часу я ў чарговы раз пераканаўся, што творчыя людзі — асаблівыя. Ім уласцівая абвостраная пачуццёвасць, тонкая душэўная арганізацыя. Трэба берагчы іх і шанаваць, ствараць аптымальныя ўмовы для самарэалізацыі на карысць народа і дзяржавы.
Лічу, такія сустрэчы мэтазгодна праводзіць рэгулярна. Парламентарыям важна мець магчымасць непасрэднага кантакту з людзьмі мастацтва, каб яны маглі падзяліцца сваімі думкамі, распавесці пра тое, што іх хвалюе і што патрэбна ім для плённага творчага развіцця.