— На наступным тыдні пройдзе датэрміновае галасаванне на рэферэндуме па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Супрацоўнікі галіны культуры краіны, вядома, таксама задзейнічаны ў названым мерапрыемстве. Пытанне аб гатоўнасці да правядзення вырашальнага рэферэндуму мы задалі прадстаўнікам рэгіёнаў.
Таццяна Кітаеўская, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Камянецкага райвыканкама:
— Вядома, як і ў іншых абласцях і раёнах, у некаторых установах культуры Камянеччыны размешчаны ўчасткі для галасавання. Каб стварыць прыязную атмасферу, адбудуцца забаўляльныя мерапрыемствы па зацверджаным плане. Прафсаюзы высунулі пэўных супрацоўнікаў галіны на ролю назіральнікаў. Адбылося шмат дыялогавых пляцовак, таму людзі, безумоўна, цалкам разумеюць, які важны выбар яны зробяць. Асабіста мне спадабалася, як з жыхарамі Камянеччыны вёў гутарку старшыня Беларускага таварыства “Веды” Вадзім Гігін. Акрамя таго, у нас ладзіліся дыялогавыя пляцоўкі ўласнымі сіламі — групамі прадстаўнікоў розных галін улады.
Людміла Вітка, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Нясвіжскага райвыканкама:
— Участкі для галасавання ў нашым раёне змесцяцца ў розных арганізацыях, у тым ліку і ва ўстановах культуры. І да датэрміновых дзён галасавання, і да асноўнага дня правядзення рэферэндуму ў раёне гатовы. Інфармацыю насельніцтву раёна адносна змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю данеслі, выкарыстоўваючы дыялогавыя пляцоўкі. У раёне за гэты час былі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк і Іван Мамайка, паралімпіец Аляксей Талай, прадстаўнік Міністэрства культуры Алена Быкава.
Пётр Алексяёнак, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ушачскага райвыканкама:
— Да датэрміновага галасавання ўстановы культуры, дзе ў тым ліку змяшчаюцца ўчасткі для галасавання, гатовыя. Праграма культурных мерапрыемстваў на абсалютна ўсіх участках будзе арганізавана ў асноўны дзень рэферэндуму. Нашы мясцовыя ўлады правялі для жыхароў дастатковую інфармацыйную работу, шматлікія дыялогавыя сустрэчы, абмеркаванні па сутнасці змяненняў і дапаўненняў у Асноўны Закон. Таму кожны зможа зрабіць свой выбар.
Падрыхтаваў Павел САЛАЎЁЎ