Не сакрэт, што сама карціна свету ХХІ стагоддзя істотным чынам змянілася. У свеце адбываюцца грамадзянскія, гібрыдныя, інфармацыйныя войны, парушаюцца межы дзяржаўнага суверэнітэту, з’явілася шмат бежанцаў з розных краін. Гэта не можа не пераконваць нас у тым, што традыцыйныя каштоўнасці ўжо пастаянна выпрабоўваюцца на трываласць, патрабуюць канстытуцыйнай, прававой абароны.
Вельмі своечасова Палатай прадстаўнікоў ініцыяваны і прыняты Закон Рэспублікі Беларусь “Аб генацыдзе беларускага народа”, рэалізацыя норм якога накіравана на ўвекавечанне памяці ахвяр генацыду і заклікана вывесці на новы ўзровень інфармацыйную, асветніцкую і вучэбна-выхаваўчую работу. Школы, універсітэты, педагогі сёння робяць многае ў выхаваўчай дзейнасці, але і бацькі не павінны заставацца ўбаку.
Несумненна, рэферэндум — гэта стратэгічны крок для далейшага развіцця краіны, выверанае і ўзважанае рашэнне, як будзем жыць мы, нашы сем’і заўтра.
Канстытуцыя нам гарантуе, што Беларусь была і застанецца сацыяльна арыентаванай дзяржавай. У нас захаваны ўсе сацыяльныя гарантыі для розных катэгорый грамадзян, дапоўнены меры падтрымкі інвалідаў і іх сем’яў. Дзяржава забяспечвае інвалідам роўныя магчымасці для ўдзелу ва ўсіх сферах жыцця, выхоўвае грамадства ў духу павагі і салідарнасці з імі, а таксама прымае да ўвагі іх патрэбы, плануючы будаўніцтва сацыяльных аб’ектаў.
Таксама вызначана, што дзяржава садзейнічае інтэлектуальнаму, духоўнаму, маральнаму і фізічнаму развіццю моладзі, стварае неабходныя ўмовы для свабоднага і эфектыўнага ўдзелу моладзі ў палітычным, сацыяльным, эканамічным і культурным жыцці, рэалізацыі яе патэнцыялу ў інтарэсах усяго грамадства.
Я ўважліва сачыў за тым, як адбывалася абмеркаванне змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю. Будзе праўдай, калі скажу, што іх унесла само жыццё. Новы праект Асноўнага Закона гэта патрабаванне дня сённяшняга. Каб ісці ў нагу з часам і развівацца як сацыяльна арыентаваная дзяржава, і было прынята рашэнне аб неабходнасці рэфармавання Канстытуцыі, пры гэтым захаваўшы суверэнітэт, духоўныя і культурныя традыцыі, дабрабыт грамадзян.
Кожны грамадзянін, які неабыякавы да лёсу нашай Беларусі, павінен прыняць удзел у галасаванні. Апускаючы бюлетэнь у урну, мы тым самым галасуем за мір, згоду, стабільнасць, бяспеку, квітнеючую будучыню Беларусі. Галасуем за тое, што мы добрыя, гуманныя людзі і неабыякавая нацыя.
Канстанцін КАРНЯЛЮК