— У мінулым годзе ўсе высілкі кінастудыі былі накіраваны на стабілізацыю фінансава-эканамічнай сітуацыі і рашэння сістэмных праблем. Дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы ў выглядзе зваротнай бюджэтнай пазыкі атрымалася пагасіць даўгі мінулых гадоў. Дапамога дзяржавы і сістэмная праца прадпрыемства (аптымізацыя выдаткаў, рост даходаў, пазбаўленне няпрофільных актываў) дазволілі выйсці на станоўчыя вынікі фінансава-гаспадарчай дзейнасці. Працягваецца рэструктурызацыя кінастудыі шляхам выключэння лішняй колькасці штатных адзінак, пераводу персаналу за штат і ўкамплектавання здымачных груп па грамадзянска-прававых дагаворах. Варта адзначыць, што мэтай рэструктурызацыі з’яўляецца стварэнне аптымальнай арганізацыйнай структуры і прыцягненне ў кінавытворчасць высокапрафесійных кадраў. Кінастудыя пастаянна пашырае спектр паслуг. У 2021 годзе прадпрыемства забяспечвала здымкі тэлеперадач Белтэлерадыёкампаніі.
Адным з галоўных напрамкаў дзейнасці з’яўляецца рэалізацыя маёмасных правоў. З улікам таго, што значная частка аўдыторыі пераходзіць у Інтэрнэт, кінастудыя вядзе актыўную працу па заключэнні дагавораў не толькі з тэлеканаламі, але і інтэрнэт-платформамі. Вядуцца перамовы з дыстрыб’ютарскімі кампаніямі Расіі, Венгрыі, Карэі, Японіі, Іспаніі і іншых краін. Падпісана пагадненне з буйным тэлевізійным агенцтвам Казахстана. Варта адзначыць супрацоўніцтва з Кітаем. Ужо падпісаны два дагаворы на продаж маёмасных правоў анімацыйных і ігравых фільмаў.
На 2022 і 2023 гады падрыхтаваны кінапраекты розных жанраў для шырокай глядацкай аўдыторыі. У канцы студзеня завершана праца над васьмісерыйным тэлефільмам «Полымя пад попелам» да Года гістарычнай памяці. Ён будзе прадстаўлены ў рэйтынгавы час на тэлеканале «Беларусь 1», правы на паказ набылі і іншыя тэлеканалы.
Пачалася вытворчасць беларуска-ўзбекскага ваенна-патрыятычнага фільма «Казбек», прэм’ера якога запланавана адразу ў дзвюх краінах да 9 мая 2023 года. У канцы бягучага года будуць прадстаўлены дзве беларуска-расійскія стужкі навагодняй тэматыкі. Таксама сёлета плануецца пачаць распрацоўку новай экранізацыі рамана Уладзіміра Караткевіча «Чорны замак Альшанскі» і анімацыйнага фільма «Усяслаў Чарадзей». У бліжэйшай перспектыве — стварэнне беларуска-
расійскага фільма да 80-годдзя Вялікай Перамогі.
Надзвычай складанай з’яўляецца сітуацыя з творчымі кадрамі. Назіраецца недахоп маладых спецыялістаў так званага сярэдняга звяна. У сувязі з гэтым кінастудыя плануе надаваць вялікую ўвагу дэбютным работам і альманахам маладых. Гэта дазволіць прыцягнуць да стварэння кінапрадукцыі маладых аўтараў і рэжысёраў, іншых спецыялістаў здымачных груп. Таксама плануецца адкрыць пры кінастудыі курсы па кінематаграфічных спецыяльнасцях і арганізаваць творчыя майстэрні. Акрамя таго, патрабуе дапрацоўкі механізм узаемадзеяння кінастудыі з незалежнымі прадзюсарамі.
Важнай вяхою стала правядзенне ў 2021 годзе Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад». Лічым мэтазгодным стварыць пры кінастудыі пастаянную дырэкцыю фестывалю. Гэта дазволіць умацаваць імідж студыі на міжнародным рынку і пашырыць сувязі ў сферы кінематаграфіі.
Для эфектыўнай працы кінастудыя будзе вырашаць наступныя задачы. У 2022 годзе — скарачэнне выдаткаў і павелічэнне даходу ад аказання паслуг, у тым ліку новых відаў, сумеснай вытворчасці фільмаў і рэалізацыі маёмасных правоў. У наступныя гады — павелічэнне аб’ёму паслуг за кошт арганізацыі і правядзення здымак для замежных кінавытворцаў, атрымання прамых заказаў на кантэнт для тэлеканалаў і стрымінгавых платформ, скарачэння долі бюджэтных сродкаў у адзінцы прадукцыі і ўкладу ўласных сродкаў кінастудыі.
У перспектыве студыя павінна стаць кластарам кінематаграфіі ў Рэспубліцы Беларусь, аб’яднаўшы прыватных вытворцаў і ўсіх кінематаграфістаў краіны з мэтай рэалізацыі амбіцыйных планаў па выхадзе на міжнародную арэну.