У мінулым годзе калектыў аказаўся ва ўнікальнай сітуацыі, якая дала тэатру бясцэнны вопыт, падштурхнула да новых творчых і стратэгічных рашэнняў. Таксама 2021-ы паказаў нам, як важна цаніць кожнага гледача.
Афіша тэатра пры падтрымцы Міністэрства культуры папоўнілася васьмю новымі культурна-відовішчнымі мерапрыемствамі, якія адлюстроўваюць традыцыі беларускага народа. Яны накіраваны на захаванне, развіццё і папулярызацыю нацыянальнай культуры і мовы.
У рамках Цэнтра творчых праектаў Зінаіда Вядзеніна рэалізавала пастаноўкі «Калі палюбіў, то гэта назаўсёды» і «Мелодыя маёй душы, Радзімы», а Данііл Філіповіч прэзентаваў музычна-літаратурную сустрэчу «Сніўся мне сон…» і музычна-пластычную фантазію «Скрыжаванне».
Да 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны разам з Беларускім саюзам жанчын і Белтэлерадыёкампаніяй тэатр ажыццявіў аўдыяпастаноўку «Галасы зямлі». Для дзіцячай аўдыторыі ў снежні 2021 года выпушчаны спектакль-казка «Гісторыя шакаладнага дрэва».
Пры вызначэнні рэпертуарнай палітыкі ўлічвалася глядацкая запатрабаванасць і камерцыйная акупнасць спектакляў. Таксама тэатр усвядоміў карысць анлайн-падтрымкі. У рамках рэспубліканскай акцыі «Культура анлайн» запісаны пастаноўкі «Вечар» Аляксея Дударава і «Жаніцьба» Мікалая Гогаля. Відэазапісы дапоўнены субцітрамі на англійскай і кітайскай мовах, што садзейнічае папулярызацыі нацыянальнай культуры за мяжой.
Думаю, стварэнне культурных праектаў у новых жанрах у лічбавай прасторы варта працягваць. У анлайн-напрамку ёсць сэнс развівацца. Аднак ніводны з лічбавых каналаў камунікацыі не здольны замяніць жывы кантакт паміж акцёрам і гледачом. Таму мы ўдзячныя Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь Аляксандру Лукашэнку за магчымасць рэалізацыі білетаў на ўзроўні 100 працэнтаў умяшчальнасці залы.
Але ж, безумоўна, з мэтай стварэння спрыяльных умоў для працы калектыву і захавання здароўя гледачоў штодзень ажыццяўляецца кантроль за выкананнем санітарна-эпідэміялагічных мерапрыемстваў. Лічу, што вакцынацыя сёння — гэта адзіны спосаб спыніць распаўсюджанне пандэміі і захаваць продаж білетаў на ўзроўні 100 працэнтаў.
Сёлета Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы плануе стварыць не менш за пяць новых спектакляў. Ужо зараз калектыў працуе над трыма: «Час жыцця» па п’есе Освальда Заградніка, «Гарачае сэрца» паводле Мікалая Астроўскага і «Чакана гучна і да болю блізка» Морыса Паніча.
Паказчыкі дзяржаўнай праграмы «Культура Беларусі» за 2021 год выкананы: паказана 128 спектакляў, колькасць наведванняў склала больш за 26 тысяч. Для павелічэння ўласных даходаў тэатр пашырае практыку аказання паслуг. Плануецца ўвесці новыя — стварэнне кніг, брашур, каталогаў і іншай друкаванай прадукцыі. Таксама тэатр атрымлівае даходы ад іншай прадпрымальніцкай дзейнасці: здачы памяшканняў у арэнду, камісійнай рэалізацыі білетаў, рэкламы і іншых паслуг. Пераклік трэба пашырыць за кошт арганізацыі мерапрыемстваў мастацка-творчага характару, стварэння па заказах касцюмаў і дэкарацый для тэатральных пастановак і канцэртаў, гастрольнай дзейнасці ў рэгіёнах і за мяжой. Таксама прапаную на базе kupalauski.by як білетнага аператара арганізаваць працу па стварэнні дзяржаўнай платформы для рэалізацыі білетаў на імпрэзы іншых арганізацый. Гэта створыць канкурэнцыю недзяржаўным аператарам і будзе садзейнічаць папулярызацыі нацыянальных калектываў.
За кошт нарошчвання даходаў ад пазабюджэтнай дзейнасці і з улікам новых падыходаў фінансавання тэатр у 2022 годзе плануе паказаць на сваім прыкладзе магчымасць працы па новым падыходзе забеспячэння роўнага ўдзелу бюджэтных і ўласных сродкаў. Мяркую, гэты вопыт можна прымяніць і ў іншых тэатрах. У Год гістарычнай памяці мы працягнем слаўныя традыцыі тэатра, будзем узбагачаць беларускую культуру яркімі дасягненнямі.