Між тым, з іменем М.Казінца звязаны прынцыпова новы перыяд існавання аркестра. Сярэдзіна 1970-х, калі гэты дырыжор яшчэ і ўзначаліў калектыў, звязана з імклівым развіццём у беларускай музыцы так званай новай фальклорнай хвалі, калі старадаўні народны струмень спалучаецца з найноўшымі музычнымі здабыткамі сучаснасці і стылістыкі ХХ стагоддзя. Калі ў даваенны час дзейнасць народнага аркестра скіравана найперш на фальклорныя апрацоўкі, а ў пасляваенны — яшчэ і на пералажэнні сусветнай класікі, дык у 1970-я пачынаецца свядомая арыентацыя на арыгінальныя творы беларускіх кампазітараў, напісаныя ў разліку менавіта на гэты калектыў і яго адметнае гучанне: М.Казінец актыўна замаўляе такую музыку творцам, заражае іх запалам, разам з імі працуе над тэмбравай палітрай, каб дасягнуць дасканаласці.
У выніку 1970–1980-я сталі папраўдзе залатым векам і аркестра, і фарміравання прафесійнай нацыянальнай спадчыны ў гэтай галіне. “Батлейка” Віктара Помазава адкрыла шырокай грамадскасці яркія тэатральна-вобразныя магчымасці аркестра, п’есы Уладзіміра Кур’яна — нечаканыя санорныя фарбы, Сімфонія “Памяць зямлі” Андрэя Мдывані — дасягненне сімфанічнасці драматургіі і агульнага гучання.
Новай прыступкай міленіуму і ўласна ХХІ стагоддзя сталі разнастайныя спалучэнні народнага аркестра з эстраднай і нават рок-стылістыкай, прычым менавіта ў беларускай музыцы. А яшчэ — спасціжэнне буйной формы музычна-тэатральных імпрэз, уключаючы сучасныя мадыфікацыі жанру оперы, прыўнесеныя ў творчасць аркестра. І гэта далёка не ўвесь раскрыты патэнцыял калектыву!
Пры ўсім гэтым Міхаіл Антонавіч асацыяваўся не столькі з мудрай сталасцю, колькі з маладосцю — духу і агульнага атачэння. Моладзь вакол яго — гэта не толькі 20-годдзе рэктарства ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, але і кіраўніцтва яе сімфанічным аркестрам, што суправаджалася, як і ў аркестры імя І.Жыновіча, замежнымі гастролямі і папулярызацыяй беларускай музыкі, адкрыццём у ёй новых адгалінаванняў.
Галоўнае пытанне пасля смерці кіраўніка — як будзе існаваць калектыў надалей. Але М.Казінец і тут падрыхтаваў глебу і ўзрасціў новыя пакаленні дырыжораў. Акрамя знанага Аляксандра Крамко, гэта яшчэ сціплы і надзвычай музычны, тонка адухоўлены Аляксандр Высоцкі, які працягвае традыцыі майстра яшчэ і ў тым, што паспяхова супрацоўнічае з сімфанічнымі калектывамі — аркестрам Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Беларусі, опернай студыяй Акадэміі музыкі. Так што за будучыню назапашанага можна не хвалявацца: спадчына народнага аркестра застаецца ў надзейных дырыжорскіх руках. І з чароўнай палачкай, здольнай з нотных аркушаў зрабіць жывую музыку.