Восенню 1916 года ў наваколлях Барунаў вяліся баявыя дзеянні Першай сусветнай вайны. 12 верасня расійская паветраная эскадра здзейсніла налёт на тыл праціўніка. У яе складзе быў чатырохматорны бамбардзіроўшчык “Ілля Мурамец” № 16. Самалёты гэтай мадэлі былі самымі вялікімі ў рускай арміі, іх з павагай называлі караблямі. “Іллю Мурамца” атакавалі чатыры нямецкія самалёты-знішчальнікі. Трох ён прымусіў уцякаць, змагаючыся пад моцным абстрэлам. Але чацвёрты ўпарта ляцеў над бамбардзіроўшчыкам і паліваў яго кулямётным агнём. Паблізу Барунаў рускі самалёт упаў і разбіўся. Мужнасць яго экіпажа, адцягнуўшага атаку нямецкай авіяцыі на сябе, дала магчымасць галоўным сілам расійскай эскадры прарвацца ў дыслакацыю ворага. Камандзір Дзмітрый Макшэеў, памочнік камандзіра Мітрафан Рахмін, артылерыйскі афіцэр Фарух Ага Гаібаў і назіральнік Алег Карпаў былі пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Святога Георгія 4-й ступені.
Подзвіг баявога экіпажа “Іллі Мурамца” ўшанаваны памятным знакам, усталяваным у Барунах у красавіку 2009 года. А сёлета, да 105-годдзя трагічнай і гераічнай падзеі, па ініцыятыве і пры фінансаванні пасольства Азербайджанскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь быў створаны помнік-бюст Фаруху-Ага-Мамедкерыму-Ага-Аглы Гаібаву — першаму ваеннаму лётчыку Азербайджана. Такім чынам, утварыўся невялікі мемарыяльны комплекс. Аўтары абодвух помнікаў — скульптар Валерый Калясінскі і архітэктар Віктар Буры.
Падрыхтоўку пляцоўкі і падмурку для ўсталявання бюста ўзяў на сябе Ашмянскі райвыканкам, работы курыраваў намеснік старшыні райвыканкама па будаўніцтве Андрэй Клышэўскі. Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця помніка Фаруху Ага Гаібаву, якая адбылася 15 лістапада, узялі ўдзел Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Азербайджанскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Ульві Бахшаліеў і ваенны аташэ Эльшан Рагімаў, унучка брата Фаруха Ага Гаібава — Гаміда Гаібава, ад Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь — маёр Павел Станевіч, старшыня Ашмянскага райвыканкама Уладзіслаў Гершгорын, намеснік старшыні Ашмянскага райвыканкама Наталля Станкевіч, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў Азербайджана і нашай краіны. Яны ўшанавалі хвілінай маўчання памяць загінулых у гады Першай сусветнай вайны.
Азербайджанская дэлегацыя разам з мясцовымі жыхарамі пасадзіла клёны на алеі Сяброўства. Госці таксама наведалі музей у вучэбна-педагагічным комплексе Баруноў і могілкі Першай сусветнай вайны, дзе пахаваны экіпаж “Іллі Мурамца”.
Святлана ІШЧАНКА
Фота Валерыя КАЛЯСІНСКАГА