— 29 кастрычніка міністр культуры Анатолій Маркевіч наведаў Баранавіцкі раён. Анатолій Мечыслававіч паўдзельнічаў у пасяджэнні райвыканкама і зрабіў некалькіх візітаў па рэгіёне. Якія пытанні ўзнімаліся на сустрэчах?
Юлія Налівайка, загадчык аддзела па ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Баранавіцкага райвыканкама:
— Анатолій Маркевіч наведаў планавае пасяджэнне райвыканкама і засяроджваў увагу на павышэнні кваліфікацыі кадраў ідэалогіі і ўдасканаленні працы з моладдзю. Адным з такіх праектаў у нас з’яўляецца “Адкрыты дыялог”, на якім моладзь атрымоўвае магчымасць абмеркаваць шэраг пытанняў з аўтарытэтнымі для іх асобамі. Потым міністр наведаў Мірскі сельскі Дом культуры, дзе агучыў перспектывы развіцця культуры ў краіне, выказаў меркаванне аб патрабаваннях часу і накіраванні работы ў галіне. Таксама Анатолій Мечыслававіч уручыў падзяку Прэм’ер-міністра Беларусі Рамана Галоўчанкі загадчыцы Дома культуры Ларысе Довят.
— У Оршы 30-31 кастрычніка адбыўся фестываль “Бараньскія музыкі”. Гэта мерапрыемства сёлета прайшло ў новым фармаце, хоць і з’яўляецца традыцыйным для Аршаншчыны. Адметна, што адным з пераможцаў конкурсу музыкаў стаў калектыў музыкантаў з пашкоджаным зрокам. Як адбываўся фестываль?
Сяргей Гарбачоў, начальнік аддзела культуры Аршанскага райвыканкама:
— “Бараньскія музыкі” — фестываль, які адбыўся ў 25 раз. Звычайна ён праходзіць у Барані недалёка ад Оршы, але цяпер у гэтым горадзе ідзе рамонт у Палацы культуры. Дагэтуль фестываль быў разлічаны толькі на мясцовыя калектывы, а ў гэты раз вырашана было зрабіць яго міжнародным, але дэлегацыі са Смаленска не даехалі па эпідэміялагічнай прычыне. Для развіцця і папулярызацыі народнай творчасці мерапрыемства сёлета прайшло ў фармаце конкурсу. Такім чынам, музыкі з усёй Беларусі змагаліся за першае месца. У жорсткім адборы лаўрэатам трэцяй ступені стаў калектыў з Магілёва пад кіраўніцтвам Мікалая Варапая, у членаў якога парушаны зрок. Сам Мікалай Іванавіч, таксама інвалід па зроку, быў заслужана ўзнагароджаны дыпломам як індывідуальны выканаўца.
— Падыходзіць да канца год, а значыць і апошні квартал у бібліятэках, за які яны павінны ўкамплектаваць фонды новымі кнігамі. Як праходзіць гэта работа ў Гродзенскай вобласці?
Марына Ігнатовіч, дырэктар Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Яўхіма Карскага:
— Цяпер сапраўды для нас гарачая пара, па-першае для таго, каб скласці падпіску па самай чытаемай нашымі наведвальнікамі перыёдыцы. Мы ўвесь год вялі работу па ўнясенні ў каталог усіх запатрабаванняў чытачоў. Таксама фонды бібліятэкі будуць папаўняцца і новымі кнігамі. Мы супрацоўнічаем з рознымі выдавецтвамі, і перш за ўсё дзяржаўнымі, каб закупляць новыя кнігі, цікаўнасць да якіх выказвалі нашы чытачы.