У ігравым фільме, рэжысёрам якога выступіў Аляксандр Анісімаў, дзеянне адбываецца ў часы Рэчы Паспалітай. “ХVIII стагоддзе. Юны шляхціц Пранціш разам з доктарам, алхімікам Бутрамеем Лёднікам трапляе ў вір інтрыг уплывовых магнатаў вакол трона Рэчы Паспалітай”, — так гучыць анатацыя да карціны. Стваральнікі стужкі абяцаюць гледачу прыгоды, подзвігі і ліхія бойкі. Гэтаксама гісторыя не абыйдзецца без кахання.
Козыр карціны — беларуская каманда акцёраў. Георгій Пятрэнка, Іван Трус, Вераніка Пляшкевіч іграюць галоўныя ролі; у акцёрскім ансамблі таксама — і Сяргей Чекерэс, Віктар Манаеў, Сяргей Жбанкоў, Сяргей Юрэвіч, Вячаслаў Паўлюць, Дзмітрый Енісевіч...
Каб перадаць эпоху Рэчы Паспалітай, стваральнікі “Аванцюраў…” задзейнічалі розныя лакацыі. Здымкі ладзіліся ў Лідскім, Нясвіжскім і Мірскім замках, у мястэчку Сноў, Бабруйску і Мінску. “Адмыслова для праекта на кінастудыі “Беларусьфільм” па чарцяжах Леанарда да Вінчы быў пабудаваны яго знакаміты танк”, — пазначаецца ў прэс-рэлізе да карціны. Была праведзена вялікая праца па аднаўленні касцюмаў ХVIII стагоддзя (мастак па касцюмах — Наталля Адзінцова). Таксама на пляцоўцы кінапрадпрыемства былі створаны адмысловыя дэкарыцыі, стылізаваныя пад аблічча інтэр’ераў тагачасных збудаванняў (мастак-пастаноўшчык — Уладзімір Царыковіч).
Музыку да карціны напісаў Віктар Капыцько. Аператар-пастаноўшчык на праекце — Дзмітрый Рудзь.
Што публіка атрымае ў выніку — пабачым у бліжэйшы час.