Вершы на турэмных сценах
У Заходняй Беларусі хоць і не дайшло да расстрэлу паэтаў, але многім з іх давялося зведаць, што такое вязніца. У сумнавядомых віленскіх Лукішках у розны час сядзелі Максім Танк, Піліп Пестрак, Валянцін Таўлай, Міхась Машара, Алесь Дубровіч ды іншыя. Паэт Мікола Засім у 1925 годзе патрапіў у пружанскую турму. Рэпрэсіі зазналі тысячы актывістаў беларускіх партый і грамадскіх арганізацый. Напрыклад, выдатны публіцыст Антон Луцкевіч быў пазбаўлены права выкладаць беларускую літаратуру...
Пра жорсткую палітыку паланізацыі ў дачыненні да беларусаў сведчыць статыстыка. У дакладной запісцы намесніка наркама асветы БССР К.С. Чарнова аб стане народнай адукацыі ў Заходняй Беларусі ад 25.10.39 (апублікаваная ў зборніку “Ты з Заходняй, я з Усходняй нашай Беларусі…” (“Беларуская навука”, Мн., 2009) прыведзеныя такія дадзеныя: “Пачатковыя школы. На тэрыторыі чатырох абласцей Заходняй Беларусі маецца 6199 пачатковых (т.зв. паўшэхных) школ, у якіх вучыцца 804472 вучні. З іх у горадзе 1142 школы і ў вёсцы 5057... з іх польскіх — 5932, рускіх — 3, яўрэйскіх — 263, нямецкіх — 1, беларускіх — няма”.
Таму і не дзіва, што ў такіх умовах літаратары Заходняй Беларусі марылі пра зусім іншае стаўленне да сябе з боку ўладаў, якое — так яны верылі — было ў БССР. З ёю яны заўсёды адчувалі духоўную сувязь, нягледзячы на мяжу. Напрыклад, Валянцін Таўлай у артыкуле “Творчасць Янкі Купалы ў барацьбе за ўз’яднанне беларускага народа” сцвярджаў, што радкі Песняра не раз з’яўляліся на сценах польскіх астрогаў.
Пра тую беларусізацыю, якая адбывалася ў БССР і прывяла да небывалага раней нацыянальнага ўздыму, за заходняй мяжой дзеячы культуры маглі толькі марыць. І далёка не ўсе ўсведамлялі, што ўздым быў нядоўгім. Напачатку 30-х палітычны клімат у БССР стаў рэзка мяняцца.
Ясна, што на сустрэчах з жыхарамі Заходняй Беларусі ніхто з пісьменнікаў не казаў пра рэальнае становішча ў рэспубліцы. Вядома, пра многае тады не ведалі і самі вызваляльнікі. Скажам, пра “Ноч расстраляных паэтаў”, пра сакрэтны ліст, які ў лістападзе 1938 года адправіў Сталіну першы сакратар ЦК КП (б) Беларусі Панамарэнка — з прапановай усчаць новую хвалю рэпрэсій у дачыненні да беларускіх пісьменнікаў. У тым ліку, быў прадугледжаны арышт нават саміх Купалы і Коласа.
Лучнасць лёсу
Толькі рашэнне Масквы выратавала беларускіх пісьменнікаў — яна гэтым разам абрала пернік, а не бізун. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 31 студзеня 1939 годзе сем літаратараў з БССР за “поспехі і дасягненні ў развіцці савецкай літаратуры” атрымалі ўрадавыя ўзнагароды: Янка Купала і Якуб Колас — ордэны Леніна, Змітрок Бядуля, Міхась Лынькоў і Эдуард Самуйлёнак — ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга, Пётр Глебка і Пятрусь Броўка — ордэны “Знак Пашаны”.
Аднаго з найбуйнейшых празаікаў таго часу Кузьмы Чорнага ў гэтым спісе быць не магло. Найвялікшым шчасцем для яго стала магчымасць хаця б ізноў апыгнуцца на волі — пасля 8-месячнага знаходжання ў мінскай турме.
У сваіх мемуарах ён пакінуў страшны запіс, які сведчыць пра лучнасць лёсу беларускіх літаратараў з Захаду і Усходу: “Аўторак. У нядзелю ўвечары Пестрак расказваў Лужаніну, як яго мучылі ў польскай турме. Алаўкі паміж пальцаў, пампавалі ваду праз нос, білі гумавым кіем, замыкалі рукі ў кайданы. Я слухаў. Пестрак умее цікава расказваць. У яжоўскай турме ў Менску ўвосень 1938 г. мяне саджалі на кол, білі вялікім жалезным ключом па галаве і палівалі збітае месца халоднай вадой, паднімалі і кідалі на рэйку, білі паленам па голым жываце, устаўлялі ў вушы папяровыя трубы і раўлі ў іх на ўсё горла, уганялі ў камеру з пацукамі...”
Мяркуючы па ўсім, толькі прызыў у 1939 годзе ў войска выратаваў ад арышту маладых літаратараў і крытыкаў Уладзіміра Кандраценю, Івана Казеку, Івана Грамовіча, Аляксандра Бачылу і Пімена Панчанку (з верасня 1939 года па студзень 1946 года ён служыў спецыяльным карэспандэнтам і пісьменнікам у армейскіх газетах).
Бадай усе беларускія літаратары перажылі арышты блізкіх, сяброў і калег. Бадай кожны разумеў, як блізка ў гэтыя гады прайшла ад іх смерць. Таму, наступаючы на горла ўласнай песні, яны ва ўнісон славілі партыю і Сталіна. Тым больш, уз’яднанне Беларусі многія цалкам шчыра ўспрымалі як аднаўленне справялівасці і спраўджванне доўгачаканай запаветнай мары.
8 кастрычніка 1939 года Якуб Колас разам з цэлай брыгадай іншых пісьменнікаў (Міхась Клімковіч, Змітрок Бядуля, Зелік Аксельрод, Янка Маўр, Макар Паслядовіч…) выехаў у Заходнюю Беларусь для правядзення творчых вечароў і ўдзелу ў падрыхтоўцы выбараў у Народны сход. Цягам наступнага тыдня дэлегацыя наведала Стоўбцы, Ваўкавыск, некалькі дзён прабыла ў Беластоку.
Першая літаратурная сустрэча ў Беластоку адбылася ў тэатры “Апалон”. На ёй выступілі Якуб Колас, Змітрок Бядуля, Міхась Клімковіч, а таксама Янка Купала. Не адгукнуцца на такую падзею, як уз’яднанне, народны паэт не мог. І публіцы ў той вечар быў прэзентаваны новы цыкл “На заходнебеларускія матывы”:
Накарміліся панскаю
ласкай,
Горкіх слёз напіліся
дасыта.
Што здавалася ўчора
йшчэ казкай,
Прыйшло сёння у сонцы
спавітым.
У часе паездкі члены брыгады сустракаліся з працоўнымі Заходняй Беларусі, праводзілі літаратурныя вечары. 21 кастрычніка беларускія пісьменнікі і кампазітары выступілі на сустрэчы з беластоцкай інтэлігенцыяй. Менавіта там Якуб Колас прачытаў новы верш “Свайму народу”. Сёння яго вельмі часта цытуюць, і асабліва радкі “На прастор, на шырокі разлог выхадзі, мой народ, грамадою”. Аднак там ёсць і іншыя — пра іх цяпер лічаць за лепшае не ўзгадваць:
…Ідзі ж смела і ясна
ўпярод
Разам з намі дарогай
адзінай:
Мудры Сталін вядзе
свой народ
Самай вернай і простай
пуцінай…
Наколькі шчырым быў паэт у дадзеным выпадку? Сёння пра гэта цяжка сказаць. Але не выклікае сумневаў адно: уз’яднанне Беларусі ён, як і бадай што ўсе ягоныя калегі, успрыняў з радасным сэрцам.
Сход у тэатры
Пачатак Народнага сходу Заходняй Беларусi быў запланаваны на 28 кастрычнiка. Месцам дзеяння стаў гарадскі тэатр у Беластоку. 926 кандыдатаў ледзьве размясціліся ў ягонай зале. А былі ж яшчэ і ганаровыя госці! У іх лік — што асабліва акцэнтавалася падчас сходу — патрапілі і народныя паэты Беларусі Янка Купала і Якуб Колас.
Як і кожная палітычная падзея таго часу, сход меў і культурны складнік. Свята ладзілася на пляцоўцы перад тэатрам. Ансамбль беларускай песні і танца Белдзяржфілармоніі ладзіў свой выступ наўрост на бруку.
Дэкларацыя пра ўстанаўленне савецкай улады на ўсёй тэрыторыi Заходняй Беларусi і далучэнне гэтых зямель да БССР была прынятая бадай аднагалосна. Пасля вяртання з Беластока ў Мінск Якуб Колас пісаў рускаму літаратару Сяргею Гарадзецкаму: “Потрясающее, глубоко волнующее впечатление произвело это собрание. Мне никогда еще не случалось видеть такой съезд, такой народный сход, где бы с такой силой изливалась душа народа, его горькая обида, нанесённая подлыми, глупыми, спесивыми угнетателями… Меня также глубоко взволновало и то обстоятельство, что белорусский народ не забыл и своих певцов, меня и Купалу, и выразил нам громко свою признательность. Никогда не забудутся эти великие, подлинно исторические дни…”
А ўжо 15 лістапада паэты і пісьменнікі Заходняй Беларусі зладзілі зваротны візіт. У сустрэчы са студэнтамі і выкладчыкамі Мінскага педінстытута імя М. Горкага ўзялі ўдзел Максім Танк, Піліп Пестрак, Ніна Тарас, Міхась Машара, Анатоль Іверс... Усе яны — перакананыя камуністы. Для многіх з іх прыход улады аднадумцаў азначаў канец пераследу і напаўгалоднага існавання — якое вёў у апошнія гады, да прыкладу, той жа Машара, ледзь-ледзь здабываючы сабе пракорм як просты селянін. Перад імі адкрываліся новыя перспектывы: публікацыі, пасады, ільготы…
А вось тых пісьменнікаў з Заходняй Беларусі, якія прыхільнікамі камуністычнай ідэалогіі не з’яўляліся, нічога добрага, вядома, не чакала. Многія з іх спрабавалі наладзіць з новай уладай адносіны. Але ў большасці выпадкаў — марна. Ім было наканавана перажыць тое самае, што і калегам з БССР — чарговую хвалю рэпрэсій.
Зміцер ДРОЗД, гісторык-архівіст