Па словах дакладчыка, у мінулым годзе больш за шэсць мільёнаў чалавек наведалі музеі і мемарыялы Беларусі, атрымаўшы новы духоўны і эстэтычны досвед. Галоўным вынікам года, на думку Рыгора Бысюка, можна лічыць гістарычную экспазіцыю “Летапіс Брэсцкай крэпасці” ў Паўднёва-ўсходняй казарме Цытадэлі, якая была адкрыта 31 студзеня. Такім чынам, музейныя і выставачныя плошчы павялічыліся і складаюць цяпер больш за дзве тысячы квадратных метраў.
А міжнародныя праекты з Белгарадскім дзяржаўным гісторыка-мастацкім музеем-дыярамай “Курская бітва. Белгарадскі напрамак” са Смаленскім дзяржаўным музеем-запаведнікам, з Дзяржаўным музеем гераічнай абароны і вызвалення Севастопаля і іншымі не толькі ўмацавалі міжнародныя сувязі, але і пашырылі геаграфію ведаў.
Цікавы факт: колькасць наведвальнікаў мемарыяла за апошнія тры гады павялічылася на 100 тысяч чалавек, склаўшы летась звыш 522 тысяч. Як адзначыў Рыгор Бысюк, у параўнанні з 2017 годам рост склаў ажно 23 працэнта. Навуковымі супрацоўнікамі мемарыяла абслужаны 8,5 тысяч экскурсійных груп.
Разам з тым, па словах кіраўніка ўстановы, яго хвалюе той факт, што ў мінулым годзе зменшылася колькасць наведвальнікаў мемарыяла жыхарамі Рэспублікі Беларусь. Напрыклад, у 2017 годзе былі абслужаны 4800 груп з Беларусі, а летась — толькі чатыры тысячы груп (95,5 і 76,9 тысяч чалавек адпаведна). Турбуе дырэкцыю таксама і тэндэнцыя змяншэння наведвання ў складзе груп вучнёўскай і студэнцкай моладзі. Улічваючы гэта, музейшчыкі намецілі ў лютым — сакавіку арганізаваць у навучальных установах Столінскага і Лунінецкага раёнаў Брэсцкай вобласці выставачныя праекты, правесці музейныя ўрокі ў мэтах папулярызацыі мемарыяла.
— У апошні час арганізуецца досыць вялікая колькасць экскурсій у Варшаву, Кракаў, — адзначыў Рыгор Бысюк. — Вядома, знаёміцца з гісторыяй сваіх суседзяў таксама варта, але не трэба забываць пра ўнутраны турызм.
У завяршэнні выступлення дырэктар спыніўся яшчэ на адной вельмі важнай праблеме.
— Мы часта, практычна штодня, сутыкаемся (у сілу адкрытасці тэрыторыі) з так званымі “валанцёрамі” або нелегальнымі экскурсаводамі, — сказаў кіраўнік установы. — Перахопліваючы турыстаў (галоўным чынам, расіян) на пад’ездах да мемарыяла, яны падаюць ім недакладную інфармацыю, наносячы шкоду не толькі нам як юрыдычнай асобе, але і іміджу краіны.
Таксама, па словах Рыгора Бюсюка, рэгулярнымі сталі экскурсіі па тэрыторыі мемарыяла, якія праводзяцца польскімі тураператарамі без дакументаў, якія дазваляюць ім працаваць на тэрыторыі Брэсцкай вобласці. І гэтая праблема, на ягоны погляд, пераходзіць з эканамічнай плоскасці (замежнікі зарабляюць грошы на тэрыторыі дзяржаўнай установы) у ідэалагічную і маральную. Як лічыць Рыгор Бысюк, дадзенае пытанне неабходна разгледзець на высокім узроўні.