На падставе дакументаў з дзяржаўных і асабістых архіваў на 280 старонках аўтарскі калектыў прыгадвае асноўныя моманты станаўлення і развіцця камсамола. Як расказаў першы сакратар БРСМ Дзмітрый Варанюк, у зборніку сабраны самыя яркія эпізоды яго гісторыі:
— Гэтая кніга — яшчэ адзін падарунак маладзёжнаму руху, які ніколі не старэе. Я ўпэўнены, што выданне будзе карыстацца попытам як у розных арганізацыях, так і ў навучальных установах Беларусі.
Як адзначалася падчас прэзентацыі, у зборніку спалучаецца навукова-папулярны тэкст і багаты ілюстрацыйны матэрыял. У дзевяці раздзелах паслядоўна раскрываецца гісторыя ўзнікнення і развіцця камсамола і маладзёжных арганізацый у суверэннай Беларусі. Сярод аўтараў — вядомыя айчынныя навукоўцы, большасць з якіх маюць досвед працы ў камсамоле і БРСМ.
Нагадаем, што мерапрыемства адбылося ў рамках камсамольскага тыдня, які праходзіць у Беларусі з 22 па 29 кастрычніка. Цэнтральнай падзеяй юбілею стане святочны канцэрт у Палацы Рэспублікі з удзелам ветэранаў камсамольскага руху і актывістаў БРСМ.