Як паведамілі “К” у Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь, замежную дэлегацыю ўзначаліць намеснік міністра культуры і турызму Турэцкай Рэспублікі Хусейін Яйман.
Афіцыйнае адкрыццё Дзён культуры Турэцкай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь з удзелам міністра культуры нашай краіны Юрыя Бондара адбудзецца 28 лістапада ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Гледачоў чакае насычаная канцэртная праграма: выкананне турэцкіх оперных твораў, дэманстрацыя традыцыйных турэцкіх строяў, выкананне народных танцаў. У фае Белдзяржфілармоніі будзе працаваць фотавыстава, прысвечаная Турцыі.
Днём раней, 27 лістапада, у сталічнай Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага адкрыецца выстава турэцкіх традыцыйных народных рамёстваў, нацыянальных касцюмаў і вырабаў майстроў. На прэзентацыі экспазіцыі прагучыць інструментальная музыка і адбудзецца міні-дэфіле — паказ традыцыйных турэцкіх строяў для ўсіх гасцей мерапрыемства. Таксама ў гэты дзень у галерэі можна будзе ўбачыць яшчэ і выставу негатываў на шкле “Сляды Стамбула: ад імперыі да рэспублікі”.
У рамках Дзён культуры 29 лістапада адбудзецца яшчэ адзін святочны канцэрт у Палацы культуры горада Маладзечна. Фотавыставу замежных гасцей таксама перавязуць туды з фае Белдзяржфілармоніі.
Мінулай восенню сваю праграму ў Турэцкай Рэспубліцы прадстаўляла беларуская дэлегацыя.