Архіў сведкі біенале
Найменшая колькасць — 13 чалавек у дзень. У першы ж — блізу трыццаці. Калі змянілася надвор’е і пайшлі дажджы, давялося перавесці дыханне з колькасцю ў, прыкладна, 20 наведванняў. Каб не забыцца на пэўныя цікавосткі і назіранні, запісвала на дыктафон. Прычым у першы ж дзень давялося ўзяць інтэрв’ю ў прыхільніка Венецыянскага біенале з дзесяцігадовым стажам… Дзесяць дзён у якасці медыятара праекта “Архіў сведкі вайны”, які прадстаўляе Беларусь на Венецыянскім біенале сёлета, — гэта дзесяць дзён найкаштоўнага досведу, што прачыніў мне дзверы ў свет аднаго з найстарэйшых форумаў сучаснага мастацтва ў свеце. Больш дакладна, ён дазволіў мне ўбачыць публіку гэтай падзеі — з блізкай дыстанцыі, як чалавеку, што знаходзіцца ўнутры праекта, і з ёй, публікай, мае стасункі кожны дзень.