Таксама атрымаюць музычнае аздабленне і экскурсійныя праграмы ў Ратушы: пачуць музыку і спевы эпохі барока можна будзе ў Зале ўрачыстых пасяджэнняў. Гэты праект, як паведаміла карэспандэнту “К” намеснік дырэктара музея-запаведніка Наталля Жэрко, стаўся плёнам супрацоўніцтва Музычнага Дома “Класіка” і, уласна, культурнай установы “Нясвіж”.
У цэлым, да “гарачай пары” Чэмпіянату свету па хакеі музей-запаведнік “падрыхтаваўся” па некалькіх пунктах: акрамя адмыслова адкрытай крамы сувеніраў, павелічэння экскурсійнага “штату”, установа не забылася і на разнастайнасць асартыменту паліграфічнай прадукцыі (дарэчы, яна прадстаўлена на сямі мовах), інфакіёскі, аўдыягіды. Не застаўся ўбаку ад прыгатаванняў ва ўсіх сэнсах і “мясцовы” рэстаран “Гетман”: ён значна абнавіў меню, таксама далучыўшы да апісанняў страў пераклад на англійскую мову.
Што да запамінальнага сувеніра, які ў той жа час з’яўляецца і ласункам, то Наталля Жэрко мяркуе, што тут ідэальны варыянт — шакалад “Чорная Панна Нясвіжа”, які выпускаецца фабрыкай “Камунарка” па дамоўленасці з культурнай установай. Ласунак ужо сёння можна знайсці ў продажы, але пасля наведвання Нясвіжа ён атрымлівае дадатковую сімвалічную каштоўнасць, на якую сапраўды складана не разлічваць...