Мы сустрэліся з мастачкай у галерэі «Акадэмія», дзе яна зладзіла выставу пад назвай «Знітаванні».
Ты апынулася ў іншай краіне па сямейных абставінах, а зусім не таму, што для мастацкай рэалізацыі Балгарыя — патрэбнае табе месца?
— Так склаўся лёс. З іншага боку, мяне здзіўляе, што наша размова прызначана для рубрыкі «Нашы замежнікі», таму што я сябе замежнікам, хоць бы і нашым, не адчуваю. Я не магу сказаць, што з’ехала з канцамі.
Мне пашчасціла пераехаць з адной графічнай краіны ў іншую. У нас высокі ўзровень развіцця графікі, і Балгарыя таксама займае адну з вядучых пазіцый у Еўропе — у друкаванай графіцы і ілюстрацыі. Калі ў нас ёсць Павел Татарнікаў, то там ёсць Ясен Гузелеў, узровень аднолькавы і вельмі высокі. У гэтым плане ў мяне не было стрэсу, звязанага з пераездам. У якім коле была тут, у такім апынулася і там. Усе сябры — мастакі, акторы, журналісты. Там ёсць і Саюз мастакоў з выставачнымі заламі, калі я туды прыходжу, кожны раз адчуванне дэжавю — такая ж атмасфера, падобная архітэктура.
Да пераезду ў Сафію мела шмат калег-графікаў, з якімі мы сустракаліся, — з кімсьці віртуальна ўдзельнічалі ў біенале, трыенале, камунікавалі праз сацыяльныя сеткі. З гэтага пункту гледжання практычна няма значэння, дзе ты жывеш, мастакі-графікі аднаго ўзроўню адзін аднаго ведаюць.
Як адна графічная краіна...
— Графічная мова — універсальная. Экслібрыс і малыя друкаваныя формы — мабільны від мастацтва, лёгка перасылаецца, працы тыражныя, можна ўдзельнічаць у розных канферэнцыях, сімпозіумах, кангрэсах, выставах.
Вакол якіх цэнтраў адбываецца развіццё графічнага мастацтва?
— Калі размаўляць пра экслібрыс, то ў кожнай краіне ёсць свой клуб мастакоў і калекцыянераў. Беларусь нарэшце ўступіла ў сусветную арганізацыю FІSAE (Federatіon Іnternatіonale des Socіetes d’amateurs d’Ex-lіbrіs) — Міжнародную федэрацыю, якая аб’ядноўвае аматараў экслібрысу розных краін, мы цяпер займелі права голасу на сусветным кангрэсе, калі выбіраецца краіна, у якой будзе праходзіць наступны кангрэс FІSAE.
Дзе адбываецца фестываль, там і цэнтр?
— Так. Існуе пэўны баланс: большасць моцных мастакоў паходзяць з усходняй Еўропы, большасць калекцыянераў — з заходняй. Хоць на Захадзе таксама шмат вядомых аўтараў, але там назіраецца большы ўхіл у камп’ютарныя тэхнікі, а трымае высокі ўзровень у класічных тэхніках Беларусь, Балгарыя, Украіна, Расія, Польшча. Славакія і Чэхія былі лідарамі ў 1980-я і 1990-я, той жа Альбін Бруноўскі. У Японіі моцная тэхніка меца-тынта, тут яны лідары. У Балгарыі праходзіць адно з найстарэйшых біенале па буйнафарматнай графіцы — у Варне, але ў 2014-м там жа арганізавалі міжнародны конкурс экслібрыса. Мне было прыемна, што мяне запрасілі ў міжнароднае журы, дзе я ў трэці раз прадстаўляю Беларусь. Цікава, што той досвед, які ў мяне быў у Музеі сучаснага мастацтва, калі я стварала міжнародную калекцыю экслібрысаў, усе гэтыя напрацоўкі, спісы мы выкарысталі падчас першага конкурсу экслібрыса ў Варне. Калі першы раз праводзіцца конкурс, мастакоў трэба запрашаць адмыслова, бо ніхто не ведае, што за ўзровень, хто будзе ўдзельнічаць.
На мінулым конкурсе былі два ганаровыя адзначэнні ў нашых суайчыннікаў — у Рамана Сустава і Уладзіслава Квартальнага. Будзем спадзявацца, сёлета парадуемся новым адкрыццям. Дэдлайн ужо адбыўся, і ў адзін з апошніх дзён галерэя-арганізатар атрымала працы ад 37 удзельнікаў. Трэба было гэта ўсё хутка зарэгістраваць, і я з хваляваннем чакаю, якія краіны будуць прадстаўлены, які будзе ўзровень. Гэта заўсёды вельмі цікава. Адбор, пасля журы вырашае, хто патрапіць на выставу, адпаведна і ў каталог, хто атрымае ўзнагароды.
Беларусь уступіла ў арганізацыю FІSAE, і ёсць шанец, што і ў нас можа быць праведзены міжнародны кангрэс па экслібрысе. Ці рэальна гэта?
— Чаму не, у нас ёсць Нацыянальная бібліятэка, экспазіцыйныя залы, бо кангрэс заўсёды суправаджаецца вялікай выставай. Гэта, можа быць, не зусім да мяне пытанне, такую падзею даволі складана арганізаваць. Напрыканцы жніўня 2018 будзе праходзіць сусветны кангрэс экслібрыса ў Празе, праз два гады, здаецца, у Лондане, значыць, сёлета прадстаўнікі клубаў з розных краін будуць прапаноўваць і вырашаць, хто будзе прымаць кангрэс у 2022 годзе.
Ты цяпер жывеш за мяжой, і як з адлегласці выглядае беларускае графічнае мастацтва?
— Мы на хвалі, усё выдатна. Кожны раз, праглядаючы новы каталог якой-небудзь міжнароднай падзеі, я гляджу, хто ўдзельнічаў з Беларусі, а потым ужо — хто з Балгарыі, а пасля шукаю, хто атрымаў узнагароду. Сёння Азія актыўна ўключаецца ў працэс — Кітай, Тайвань.
Цікава, што ў кожнага чалавека ёсць у жыцці нейкія знакі-супадзенні.
У 2000-м у Балгарыі выйшла «Анталогія беларускай паэзіі» на дзвюх мовах, і туды патрапілі мае вершы, я пра гэта нават не ведала. І калі кніжка выйшла, я яе атрымала ў Мінску з падзякай ад пасольства Беларусі ў Сафіі. І было такое незвычайнае адчуванне, калі я паспрабавала прачытаць свае вершы на незразумелай мове. І абсалютна ніякіх думак не ўзнікла, што калісьці я буду жыць у гэтай краіне, размаўляць на гэтай мове.
Вершы яшчэ не спрабавала пісаць на балгарскай?
— Не, не той узровень ведання. Пішацца ж на той мове, на якой думаеш.
З Кітаем таксама цікавыя сувязі атрымаліся. Яшчэ падчас навучання ў Парнаце, гімназіі-каледжы мастацтваў, у апошніх класах прыйшла цікавасць да графікі. Паколькі я з мастакоўскай сям’і: бацька — манументаліст, маці — керамістка, то ў нас дома была даволі багатая бібліятэка, у якой я знайшла альбом графікі кітайскага мастака Ці БайШы. Уразілася і распачала хатнюю капійную практыку, вучылася тонкім пэндзлікам праводзіць лініі, гэта быў першы крок у графічнае мастацтва. Так што першапачатковыя штудыі прыйшлі з кітайскага боку, але ў сам Кітай мне пашчасціла трапіць толькі месяц назад. З вялікай сямейнай выставай — мой муж Юліан Йарданоў і я. Для мяне асабіста гэта была самая вялікая экспазіцыя, я прадставіла больш за 150 аркушаў.
Выстава была сямейная і міжнародная, бо я сябе лічу прадстаўніком беларускай графічнай традыцыі, муж — адпаведна — балгарскай. Цікавы дослед, бо, акрамя арганізацыі выставы, мы цэлы тыдзень праводзілі майстар-класы для мастакоў, студэнтаў і выкладчыкаў. У маёй асабістай гісторыі кола замкнулася: я пачала з кітайскай лініі і вучылася ў іх, а цяпер да мяне прыйшлі на майстар-клас кітайскія мастакі.
Як у Балгарыі з мастацкімі інстытуцыямі, са структурай?
— Вельмі шмат да нас падобнага, у горадзе Бургас ёсць свой Саюз мастакоў, што з апошніх сілаў утрымлівае цудоўную графічную базу, якая месціцца ў прыморскім садзе. Ужо шмат разоў спрабавалі гэты аднапавярховы будынак знесці і зрабіць там вялікі гатэль. Застаўся пажылы майстар Георгій Велкаў, ён там працуе і не пакінуў пасля сябе змены. Трошачкі мне гэта ўсё нагадвае сітуацыю з майстэрняй Малаткова. Праблемы тыя ж. Прыватныя галерэі спрабуюць з дзяржаўнымі арганізацыямі і канкураваць, і супрацоўнічаць. Напрыклад, Міжнародны конкурс экслібрыса ў Варне арганізуе прыватная галерэя, але яны шукаюць падтрымкі ад муніцыпалітэту, які закладае ў свой каштарыс гэты конкурс, аплачваючы частку па выданні каталогу. Варна — адзін з культурных цэнтраў Балгарыі, там шмат праводзіцца розных фестываляў.
Як ты ўладкавалася ў гэтай краіне?
— Жыву ў Сафіі, з мужам здымаем майстэрню, а ў Мінску разам з бацькам утрымліваем майстэрню. Калі прыязджаем на радзіму, ёсць магчымасць працаваць, стаіць стары падольскі станок для друку. Прыязджаем на зімовыя вакацыі і большую частку лета праводзім тут.
Год пачаўся тут — са святкавання з бацькамі, напрыканцы студзеня я ўжо была ў Варшаве на сумеснай выставе з Вольгай Крупянковай і Таццянай Сіплевіч у Беларускім доме, дзе мы паказвалі экслібрысы. Вясной паўдзельнічала ў міжнароднай выставе ў Італіі, пасля сямейная ў Кітаі, а зараз — персанальная экспазіцыя у сценах альма матэр, дзе я роўна 16 год таму абаранілася на кафедры графікі. Цікавыя супадзенні творчага лёсу.
Жыццё на дзве краіны — ці спрыяльная гэта сітуацыя для творчасці?
— Мяркую, што такі досвед для любога мастака заўжды цікавы, але гэта даволі складана. Цяжка сказаць, ці паўплывала гэта на маю творчасць, здаецца, я развіваюся ў раней намацаным кірунку. Я рабіла афорты на чорнай паперы з выкарыстаннем калажу, прашыўкі ніткамі. На гэтай выставе з’явіліся інсталяцыі, на якіх увасоблены працэс сушкі адбіткаў, перанесены з гарызанталі ў вертыкаль. Ідэя куратаркі Кацярыны Кенігсберг была ў тым, каб прыўнесці нейкія дэталі працоўнай атмасферы, засведчыць такім чынам прысутнасць аўтара. З той жа прычыны ў зале дэманструецца відэа, запісанае Ангелінай Пастоевай, магістранткай Акадэміі мастацтваў.
Мне было неабходна перакроіць выставачную прастору, каб графіка загучала. Сімвалічную функцыю выконвае і калона, абгорнутая чорным пластыкам. З аднаго боку, яна адсылае да «Чорнага квадрата» Малевіча, з іншага — да практыкі Хрыста, які мае балгарскія карані.
Выстава мае назву «Знітаванні». Гэта і знітаванне культур, і пазначэнне метаду працы, калі нейкія ідэі-вобразы знітоўваюцца — у прамым сэнсе сшываюцца срэбнымі ніцямі. І апісанне майго стану: я завісла, псіхалагічна і ментальна, паміж дзвюма краінамі.
Калі казаць пра маё жыццё паміж Мінскам і Сафіяй — каля пяці гадоў ужо жыву ў Балгарыі, — усе гэтыя гады мне не хапала тэатра. У Беларускай акадэміі мастацтваў і тэатралы, і мастакі вучацца разам, натуральна, што з’яўляецца шмат сяброў. Але мяне звязвае з Купалаўскім тэатрам і непасрэднае супрацоўніцтва праз афармленне кнігі паэзіі Уршулі Радзівіл: мая графічная мова цалкам супала з далікатнай эротыкай ХVІІІ стагоддзя. Пасля спектакля «Выкраданне Еўропы, альбо Тэатр Уршулі Радзівіл» (пастаноўка Мікалая Пінігіна), падчас якога задаваліся загадкі ад Уршулі Радзівіл, тры шчаслівыя гледачы сыходзілі з падарункам — кніжкай.
У гэты мой прыезд, на жаль, я не змагла патрапіць на прэм’еру Купалаўскага «Радзіва “Прудок”». Напэўна, давядзецца спецыяльна прылятаць дзеля гэтай пастаноўкі, бо ён — дэбютная рэжысёрская праца Рамана Падалякі, якога я ведаю як цудоўнага акцёра. З ім таксама вучылася ў Акадэміі, а са Святланай Анікей — яшчэ ў мастацкай гімназіі-каледжы імя Ахрэмчыка. Але ўчора паглядзела спектакль «Талерантнасць» Мікалая Пінігіна з вельмі цікавай сучаснай сцэнаграфіяй Руслана Вашкевіча. Усяго гэтага мне вельмі не хапае ў Балгарыі, але я пачала часцей наведваць тэатры Сафіі — мова ўжо дазваляе. З апошняга — спектакль «Тры высокія жанчыны» па п’есе Эдварда Олбі ў Народным тэатры «Іван Вазаў», але фактычна гэта адна гераіня, выяўленая ў розных сваіх узростах.
У плане мастацтва Сафія — самадастатковы горад ці трэба некуды ехаць па культурныя ўражанні?
— У Балгарыі кожны горад самадастатковы, гэтая краіна вельмі цікавая як для мастакоў, так і для мастацтвазнаўцаў. Тэрыторыя Балгарыі раней уваходзіла ў Рымскую Імперыю, вельмі шмат скарбаў з тых часоў засталося. На мяне як на чалавека, які нарадзіўся ў Мінску, горадзе, зруйнаваным падчас Другой сусветнай вайны, яны робяць вялікае ўражанне.
А сучасны аспект?
— Сафія, Варна і Бургас — моцныя цэнтры, дзе праводзяцца розныя фестывалі мастацтва, жывапісныя і графічныя імпрэзы. Хочацца сказаць шмат добрых слоў за нашых суседзяў — палякаў, у якіх графіка даўно развіваецца на высокім узроўні, дзе ёсць уплывовыя міжнародныя конкурсы і культурныя цэнтры ў розных гарадах. Існуе прынт-трыенале ў Варшаве і Кракаве, конкурс у Лодзі, малыя графічныя формы — Остраў Велькапольскі, біенале экслібрыса ў Глівіцах і Мальборку, «Выспа скарбаў» — конкурс міні-прынта і экслібрыса ў Гданьску. Дзіцячыя конкурсы экслібрыса, напрыклад у Жарах.
Муж таксама працуе ў малой графіцы?
— Яшчэ да знаёмства ведала яго па працах, нават падчас напісання дысертацыі пра экслібрыс згадвала імя Юліана Йарданова. Ён таксама мяне ведаў па працах, але асабіста сустрэліся падчас сусветнага кангрэса ў Стамбуле. Шмат правялі сумесных выстаў, наступнай кропкай будзе Варна. Тут як маці хачу пахваліцца поспехамі 10-гадовай дачкі Арыны, якая выграла міжнародны дзіцячы конкурс экслібрыса ў горадзе Хлохавец у Славакіі, дзе атрымала 2-е месца ў малодшай катэгорыі. Таксама стала лаўрэаткай конкурсу экслібрыса ў Італіі, атрымаўшы спецыяльную ўзнагароду «New Mіllenіum Artіst», але мастачкай пакуль станавіцца не збіраецца.
Нясціплае пытанне: ты зарабляеш творчасцю ці маеш пастаянную працу?
— Няма пастаяннай працы, і калі б мяне паклікалі ў Музей сучаснага мастацтва ў Сафіі, магчыма, я б і пагадзілася. Але з іншага боку, калі займаешся такой арганізацыйнай дзейнасцю, больш мастацтвазнаўчай, то не хапае ні сіл, ні часу на сваю асабістую творчасць. Гады, якія я правяла ў мінскім Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, не былі самымі плённымі ў творчасці. Бо літаральна не хапала часу. У Сафіі ў мяне быў невялікі вопыт працы ў прыватнай галерэі, якую адкрылі мастакі, — галерэя «Дзесяць». Праз год я гэтую ідэю пакінула. Галерэя існуе дагэтуль, але мы з мужам ужо не ўдзельнічаем у яе кіраванні. На кожным этапе жыцця даводзіцца нешта выбіраць. Апошнія гады я спрабую не знікаць з беларускай арт-сцэны. Так, новымі працамі ўдзельнічала ў двух «Восеньскіх салонах з Белгазпрамбанкам», штогадовых экспазіцыях секцыі графікі ў Палацы мастацтва, «Apple Смак», у выставе «Міні-мідзі-прынт». І ў мяне па-ранейшаму беларускае грамадзянства.
Як пазіцыянуеш сябе на міжнародных выставах — як прадстаўніцу дзвюх краін?
— Калі ёсць магчымасць, то звязваюся з арганізатарамі, каб пісалі «Беларусь», але калі ўдзельнічаю ў балгарскіх міжнародных праектах, то пазначаюць, што я ўдзельніца ад Балгарыі. Гэтая сітуацыя паўсюль у свеце, калі ты робіш нешта цікавае і значнае, то кожная краіна хоча цябе прыватызаваць. Але ў конкурсе ў Варне я прадстаўніца міжнароднага журы ад Беларусі. І гэта прыемна. А наогул гэта нармальна — пісаць дзве краіны, тую, дзе карані, і важна аддаць даніну той краіне, дзе жывеш.
Раней мяне засмучала, калі наш мастак трохі пажыў за мяжой, і раптам у каталогах яго пазначаюць польскім ці французскім аўтарам. Але зараз я сама сутыкнулася з такой праблемай, што я пішу грамадзянства Беларусі, але адрас стаіць: Сафія, Балгарыя. І па адрасных дадзеных цябе адразу ўключаюць у кейс гэтай краіны, і тое не залежыць ад твайго жадання, простая бюракратыя.
Сёння ўвогуле лягчэй станавіцца эмігрантам: людзі сталі больш мабільнымі. Можна лёгка перамяшчацца, адсочваць падзеі ў свеце ў рэжыме анлайн...
— Так, у тых жа сацыяльных сетках можна пабачыць, чым займаюцца калегі, у якіх падзеях удзельнічаць. Быць у курсе ўсяго. Але жывога працэсу, напэўна, гэта не замяняе.