Лясны вопыт
Шмат часу ў лесе — гэта значыць, што ўсе канікулы на дачы ці ў вёсцы. Гэта Вілейка і Палессе, дзе жыла бабуля. Тады яшчэ аўтэнтычнае Палессе, старажытная вёска, драўляныя хаты і, памятаю, нейкія масткі. Уваходная кропка — «у грыбы», «у ягады», калі ўсе хадзілі ў лес разам і часта, але я мала збіраў, а больш калупаўся: глядзеў, кранаў, слухаў, нюхаў траву, мох, дрэвы і пні.
Мая бабуля вельмі паўплывала на мяне — сваім успрыманнем жывёл, аптымізмам і верай на ўзроўні казак і міфаў. Сярод іх было шмат смешных, здавалася, што нам не дадзена зразумець рэальнасць, што ёсць свет апроч нас: нейкі хаос, і ў той жа час — не хаос.
Потым захапіўся стрыт-артам у самым пірацкім сэнсе, цалкам несвядома, але акцыі і перформансы былі вельмі цікавыя. Стыкеры і трафарэты яшчэ далёкія ад мастацтва, аднак я стаў удзельнікам музычнай групы. Хацелася здзіўляць гледачоў, хацелася публічнасці, і мы дадалі да канцэртаў і паездак самаробны часопіс («Дом быту»), дзе прадстаўлялі працы 15-20 мастакоў, і штомесячную газету. А4 фармат, намалявана і пашыта ўручную — гэта было прыкольна, сярэдзіна 2000-х, там была куча ўнікальных гісторый з фестывалямі, эксперыментамі ў электроннай музыцы.
І годзе ў 2010-м з’явіўся Лес — з выездамі на пленэры, шматгадзіннымі шпацырамі, калі можна было проста глядзець і працаваць з матэрыялам. Лес заўсёды рабіў уражанне. Спецыяльна я не думаў, як «укараніцца», я проста адчуваў, што само асяроддзе — паўнавартаснае, у ім усё ёсць, і нічога свайго прыўносіць не хочацца. Спачатку гэта былі рэзідэнцыі і фестывальныя праграмы, а потым я перайшоў да асабістых даследаванняў, да ўласных праектаў.
Праца ў ландшафце: маё і іншае
У адрозненне ад класічнага амерыканскага лэнд-арту, мае працы грунтуюцца на жаданні не змяняць, а адчуваць сябе ў прыроднай прасторы, праяўляць сваю пазіцыю. Ёсць нават аб’екты, якія ствараюцца толькі для фатаграфіі або відэа, тут сама дакументацыя і ёсць мастацтва. Іншыя павольна старэюць, для іх таксама важны не сам аб’ект, а яго стасункі з асяроддзем. Пастаянна, у розныя поры года, на працягу светлавога дня яны мяняюцца.
Прырода дае больш магчымасцей, чым любая інстытуцыя з яе нормамі і правіламі. Тут можна быць свабодным, незалежным і так, у прысутнасці нечага іншага. Гэтае іншае хочацца даследаваць, узаемадзейнічаць з ім. І можа быць, калісьці скарыстаць і ў горадзе, у галерэйным белым кубе. Цікава, што ў лесе можна ўсё сабраць, знайсці форму, аб’ём, уключыць у ландшафт, які стане іншым, а потым узнікае пытанне: дзе пачынаецца маё, мастака, і канчаецца іншае, натуральнае?
Паралельна я стаў вывучаць гісторыю мастацтва. Многае мы зрабілі ў «Мастацкай майстэрні» галерэі «Ў», калі рыхтавалі лекцыі і практычныя заняткі для дзяцей. Тады ж я пазнаёміўся з экалагічнымі арганізацыямі: «Экадомам», «Аграэкакультурай», «Зялёнай сеткай», стаў членам «Багны», якая займаецца аховай балот.
Гэта блізкія мне тэмы, чалавецтва ўжо бачыць: у свеце адбываецца нешта не тое. Мы не разумеем, што менавіта, гісторыя нічому людзей не вучыць. А вось прырода дае натхненне, але за ёй трэба назіраць. Часам няма мэты стварыць выказванне, аднак ёсць задача атрымаць вопыт і пры гэтым не парушыць навакольнае асяроддзе. Яно патрабуе далікатных адносін, з гэтага нараджаецца своеасаблівая ідэалогія. На возеры Балдук, праводзячы арт-рэзідэнцыі (2013—2019), мы стваралі самыя розныя інсталяцыі, уключаючы ў іх усё — ад дрэў да ягад, і два-тры гады сачылі за зменамі. За гэты час прырода цалкам усё знішчала: выліньвалі фарбы, з’яўляліся расколіны, усё засыхала. Назіраць за тым, як рэагуе асяроддзе на аб’ект, вельмі важна і цікава. «Адчуй маё лясное» (2014) — з падвешанымі камянямі, пірамідамі, малюнкамі — быў такім праектам. Яго змянялі вецер, лісце, жукі, лёд, галінкі, там фізічна адчувалася дыханне вады і лесу. І ты разумееш, што з імі патрэбная далікатнасць любові.
Ёсць рэчы, якія застаюцца на ўзроўні практыкі, асабліва на вадзе: ім не надаеш вялікага значэння — збіраеш нейкія ракавінкі, камяні, лісце. Але ў той жа час мне ўдавалася выкарыстоўваць лясны вопыт для камерцыйных заказаў: у афармленні кавярань, клубаў.
Няпрошаныя інсталяцыі
Многія працы ў лэнд-арце я раблю досыць далёка ад людзей, і яны не разлічаны на тое, што іх хтосьці ўбачыць. Хоць заўсёды цікава, што адбудзецца, калі ў лесе чалавек знаходзіць такі аб’ект — зменены ці не зменены самой прыродай. Як правіла, людзі руйнуюць іх хутчэй, чым жывое асяроддзе. Прычым нават у самых далёкіх месцах, калі чалавек раптам знаходзіць нешта нечаканае, неверагоднае для прыроды. Гэта сюрпрыз, калі не шок, — і яго знішчаюць з такім жа вандалізмам, як у горадзе. Так што лэнд-арт — гэта дакладна не пра вечнасць, гэта пра вітальнасць, пра трансфармацыі.
Напрыклад, «Пні» (2018—2019) — доўга я нават не даваў ім назвы, таму што не ведаў, як паказваць: старыя карчакі, пні, тое, што застаецца ад спілаваных дрэваў... У вельмі прыгожае месца ўваходзяць людзі, штосьці бяруць на свае гаспадарчыя патрэбы, і я бачу ў гэтых пнях свайго роду надмагіллі. Зрабіў пяць аб’ектаў, але і іх знайшлі! Частку пасеклі сякерай, частку парэзалі, спрабавалі спаліць — незразумела навошта. Больш за год назіраў за гэтым месцам, ад вясны да канца наступнай вясны. Вядома, тут патрэбная была фотадакументацыя, як іх мяняла прырода, як знішчалі людзі.
Аднойчы я размаляваў некалькі камянёў на марскім беразе, былі там нейкія сюжэты і абстракцыі. Стараўся добра ўпісаць іх у прастору. Літаральна на наступны дзень было відаць, што людзі іх рухалі, спрабавалі пацягнуць. Але яны цяжкія, іх не падымеш, ды і што з імі рабіць?
Хоць у прыродзе мне падабаецца назіраць, як аб’ект ліняе, разломваецца, развальваецца, знікае. У яго як быццам няма пачатку, няма пункту адліку і няма канца.
Вучоба — гэта заўсёды эксперымент
Натуральна, былі і ёсць людзі, якія паўплывалі на мяне, але і безадносна да людзей адбываюцца падзеі, якія так ці інакш уздзейнічаюць. Часта гэта самыя розныя працэсы, напрыклад вельмі важнае ўзаемадзеянне з мастакамі, музыкамі, прадзюсарамі. Я б назваў Юру Шуста. У асяроддзі мастакоў ёсць і ўплыў, і здаровае суперніцтва. Я захапляўся вулічным мастацтвам, дызайнам і відэа-артам, архітэктурай, анімацыяй — ва ўсіх гэтых сферах ёсць моцныя мастакі. Скажам, мяне ўражвае Марына Абрамавіч — тым, як яна працуе з уласным целам, адмаўляючыся ад іншых формаў. У лэнд-арце мне цікава, што робіць брытанскі мастак Эндзі Галсуорсі. Часам ён працуе для інстытуцый, у яго ёсць заказныя праекты, але ў асноўным яны ўзаемадзейнічаюць з асяроддзем.
Даўно сачу за стрыт-артам, ад моманту яго з’яўлення. Там шмат мастакоў, ёсць новыя практыкі, мне ўвогуле цікава, як паводзіць сябе вуліца. Напрыклад, флэшмобы: людзі падключаюцца імгненна і разам ствараюць нешта новае. У 2012 годзе вядомы польскі мастак Павел Альтхамер правёў у Мінску акцыю пад назвай «Прамень сонца»: пасля канцэрта сто чалавек у залатых касцюмах прайшлі па цэнтры горада і сустрэлі світанак. Задума Альтхамера была, у прыватнасці, звязана з ідэяй Артура Клінава пра «Горад Сонца».
Вельмі цікавы саенс-арт, асабліва калі ёсць сувязь з біялогіяй. Напрыклад, нямецкі мастак Юліус фон Бісмарк стварыў такую пастку для птушак, дзе аўтаматычна (бяспечна!) афарбоўваў іх у незвычайныя колеры, — праект быў паказаны ў небе Венецыянскага біенале таксама ў 2012 годзе. Бісмарк працуе з лічбавымі тэхналогіямі, з big data, ён стварыў новыя прыёмы трансляцыі малюнкаў, часам відавочных, а ў іншых выпадках не бачных воку.
З гэтага пункту гледжання стараюся ўзірацца ў біяграфіі мастакоў, бо многае расказана, але шмат чаго і ўтоена ў гісторыях іх жыццяў. І заўсёды цікава тое, што не відаць адразу. Так адбываецца мая вучоба: не вельмі прыкметна, ды я заўсёды думаю, што з гэтых кейсаў можна ўзяць для сябе.
У сядзібе Утрына мне ўдалося зрабіць гіганцкі кокан, падвесіць яго, і ноччу ён свяціўся. Аб’ект таксама быў у лесе, выглядаў зусім магічна, вельмі прыгожа. Я доўга думаў пра электрычнае святло, пра тое, як потым будзе адбывацца самаразбурэнне. З аднаго боку, кокан упісаўся ў асяроддзе амаль натуральна, з другога — сустракаў чалавека як містычны татэм, можна было прыдумляць нейкія гісторыі. І гаспадары хутара гэта ацанілі, іх госці могуць выйсці ноччу і ўбачыць нешта фантастычнае.
У мяне наогул ёсць мара стварыць такі светлавы парк, дзе скульптуры свяціліся б у цемры.
Партысіпатыўная практыка
У 2018 годзе на фестывалі «Справа» мы паказалі свой праект, а да гэтага зладзілі рэзідэнцыю. Там ёсць возера і вельмі прыгожыя дрэвы на беразе. Мы вырашылі падаглядаць іх — зрабіць ім масаж, маскі. У якасці матэрыялу абралі гліну, і таксама назіралі: яна сохла, трэскалася, мяняла колер. На самім фестывалі правялі экскурсію — сабралася шмат людзей, да 100 чалавек. Зрабілі такую медытацыю-малітву: кожны прамаўляў словы пра сваю мару і ўсе разам іх паўтаралі.
На Байкале ў арт-рэзідэнцыі (2019) было яшчэ больш цікава: там іншыя лакальныя супольнасці, іншыя важныя людзям тэмы. Гэта і посткаланіялізм (прыход Расіі ў Бурацію), і адгалоскі фемінізму, шаманізму. Мяне заўсёды вабіць такі кантэкст: свая гісторыя, архітэктура, звязаная з умовамі надвор’я, іншая эстэтыка прасторы. Пачаў я з «лятучых камянёў» і нейкія рэчы нават не дакументаваў. Нам удалося заняць адзін пусты дом у вёсцы і літаральна захапіць яго для галерэі. Нам — таму што мне хацелася папрацаваць з мясцовымі жыхарамі. Добра адгукнуліся дзеці, яны больш пластычныя, гатовыя да дыялогу, у іх ёсць вольны час. Мы абыгралі ў гэтым доме вокны — зрабілі вітражы, для сцен — малюнкі, у ход пайшлі шышкі, насенне, кветкі, грыбы. У самой вёсцы на сценах і платах таксама рабілі аб’екты, роспісы. Было шмат розных знакаў, гісторый — у камунікацыі з дзецьмі многае даведваешся пра іх жыццё. Яны выйшлі на вуліцу, нешта тлумачылі жыхарам, без усялякіх правілаў — і вонкава вёска змянілася, хай на час. А ідэяй у іх было тое, што прыгажосць мяняе свет. Яны самі ўсё зрабілі, усталявалі, паказалі, што ёсць альтэрнатыва пустому Дому культуры. Хоць для мяне застаецца пытанне, ці будзе гэтае асяроддзе па-ранейшаму аўтэнтычным, калі мы ўключаем у яго свае выказванні.
Вялікія гарады... Усё пачынаць спачатку
З роспісам і аб’ектамі ў горадзе праблем больш. Патрэбныя ўзгадненні, і атрымліваць іх доўга, але па-свойму гэта добра: для маштабных рэчаў трэба шмат рэсурсаў, пад’ёмнікі, каманда, праца патрабуе шмат часу, і ў аб’екта на ўвесь гэты час з’яўляецца абарона. На фестывалі Vulica Brasil мне патрэбная была сцяна 700-800 м2. Тэма там была пра свет, які застанецца пасля чалавека: іншапланетныя сутнасці прыйдуць на Зямлю, каб паказаць людзям, як жыць у гармоніі. У Зверанаўта шырока раскінутыя рукі — гэта знак поўнай адкрытасці і даверу да свету, на яго целе вокны, там нешта ўнутры адбываецца. У той жа час побач слімакі-танкі — гэта тое, што спрабуе зрабіць чалавек. Яны маленькія, павольныя, а павінны быць зброяй, як дэльфіны, сабакі, коні, якіх выкарыстоўваюць у ваенных дзеяннях. Усё гэта марныя, вар’яцкія намаганні людзей...
Дык вось, ва ўзгодненых праектах інстытуцыя стараецца абараніць інсталяцыю ад вандалізму: так здарылася з «Вялікай істотай» (2017) на вуліцы Кастрычніцкай. Ёй не раз адломлівалі рукі, але іх аднаўлялі, нешта дараблялі. Тады было шмат спрэчак, у выніку пяціметровы аб’ект вырылі разам з падмуркам і цяпер ён знаходзіцца ля «Ок16». Яго збіраюцца яшчэ выстаўляць, і мне ў любым выпадку цікавая рэакцыя людзей: можна абдымаць, пісаць на ім, залазіць і рабіць сэлфі, а можна разбураць і рэстаўраваць.
У стрыт-арце важнае права на горад
Быць незалежным не значыць ісці на канфлікт. Але мастак мае права на горад, на час, на матэрыял, на нечаканасць: там, дзе ёсць звычайны трафік, чалавек раптам бачыць нешта дзіўнае. І гэта не класічная скульптура або помнік, прысвечаны герою, і не дэкаратыўны аб’ект. Гэта сучаснае выказванне на важную для чалавека тэму. У гэтым сутнасць. І вулічнае мастацтва не разлічанае на доўгі тэрмін.
Лынтупы і Славуціч — асаблівыя месцы, дзе мінулае перацякае ў цяперашняе
«Палявая мабільная дывізія 0112» (куратарка Сафія Садоўская, інсталяцыя Аляксандра Веледзімовіча) стала прыкладам работы ў вёсцы, дзе асяроддзе не гатовае і ў людзей няма звычкі хадзіць на выставы. У штодзённасці сельскага жыцця — паход на рынак, але дакладна не ў галерэю, тут дзейнічаюць зусім іншыя патэрны. А мы зрабілі гэтую выставу: пераасэнсавалі фатаграфічны архіў (1914) нямецкага салдата Краўдскопфа, які захаваў краявіды вёскі і вобразы яе жыхароў. Якім быў лад жыцця ў Лынтупах, як выглядалі людзі і хаты 100 гадоў таму і што адбываецца сёння? Тады немцы пабудавалі школу, казіно, правялі электрычнасць — вядома, усё гэта забыта. Тых, хто мог распавесці, няма ў жывых, а з ідэалагічных прычын пра ворагаў не было прынята казаць добра. Але паглядзець і параўнаць з сучаснымі фатаграфіямі вяскоўцам усё роўна было цікава — праект рабіўся ў фармаце лабараторыі, успамінаў, запісаў гісторый і міфаў. Вельмі просты прыём супастаўлення, і па сутнасці гэта два асобныя праекты, аднак мінуўшчына перацякае ў сучаснасць. А знешне ў некаторых месцах нічога не змянілася. Паказалі праект у старым Доме культуры — з лістамі выдуманага героя, з анкетамі: гэта была спроба змяніць атмасферу, адчувальнасць да праўды, да межаў часу.
Дарэчы, у Лынтупах ёсць супольнасць мастакоў, эколагаў, там вельмі цікавае месца.
У горад Славуціч (1986) я ўсім раю паехаць, ён зусім унікальны. Яго будавалі для тых, хто ліквідаваў наступствы Чарнобыльскай катастрофы: прыбіраў заражэнні, закрываў саркафаг. Гэта горад без грамадскага транспарту і рэкламы, але затое яго ўзводзілі шэсць рэспублік тагачаснага СССР — і пабудавалі абсалютна розныя кварталы. Азербайджан і Латвія, усе іншыя краіны — гэта розная геаметрыя, ландшафты, архітэктура. Тут ладзіцца арт-фестываль, куды збіраюцца кінадакументалісты, музыкі, мастакі з усяго свету. Мы знайшлі там месца, выпаленае пажарам, і ўсталявалі скульптуру «Блізкасць» (2017). Гэта вобраз чалавека, які прыхінуўся да дрэва. Ёсць прысутнасць катастрофы, і адчуваецца блізкасць прыроды. І як бы дрэва абараніла яго ад пажару. На спіне ў яго з’явіўся мох, умоўна гэта быў бы новы пачатак, але разламалі яго людзі — у гэтым месцы шпацыруюць з сабакамі, ёсць праход да дачнага пасёлка. Сам вобраз тады шмат абмяркоўвалі, камусьці ён нагадваў пудзіла, камусьці бервяно — і яго проста білі. Чаму? За што? Тры дні я літаральна «здымаў пабоі».