ПАДРЫХТАВАЦЬ ДЗЯЦЕЙ ФАКТЫЧНА З НУЛЯ, КАБ ЯНЫ СТАНЦАВАЛІ ПОЎНАМЕТРАЖНЫЯ БАЛЕТЫ «СПЯЧАЯ КРАСУНЯ», «ДЗЮЙМОВАЧКА», «ШЧАЎКУНОК», ДА ТАГО Ж НА ПЛЯЦОЎКАХ, ДЗЕ ВЫСТУПАЮЦЬ ПРАФЕСІЙНЫЯ АРТЫСТЫ, — ПАЛАЦ ПРАФСАЮЗАЎ, ПАЛАЦ КУЛЬТУРЫ ЧЫГУНАЧНІКАЎ. ГЭТА НЕ КОЖНАЙ ДЗЯРЖАЎНАЙ ШКОЛЕ ПАД СІЛУ. А ТАМ УСЁ-ТАКІ ІНШЫЯ ЎМОВЫ — УЛАСНАЕ ПАМЯШКАННЕ, БАЛЕТНЫЯ ЗАЛЫ ПАД АДНЫМ ДАХАМ, А НЕ РАСКІДАНЫЯ ПА ГОРАДЗЕ, ТАКСАМА ДЗЯРЖАЎНЫЯ, А НЕ ТЫЯ, ЯКІЯ ТРЭБА АРАНДАВАЦЬ.
ЯК ЖЫВЕ ШКОЛА, ЯКІЯ МАЕ ДАСЯГНЕННІ І КЛОПАТЫ, ПРА ГЭТА ГУТАРЫМ З МАРЫНАЙ ВЕЖНАВЕЦ, СТВАРАЛЬНІЦАЙ УСТАНОВЫ, САЛІСТКАЙ НАЦЫЯНАЛЬНАГА ТЭАТРА ОПЕРЫ І БАЛЕТА, ЗАСЛУЖАНАЙ АРТЫСТКАЙ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ. У РАЗМОВЕ ПРЫМАЮЦЬ
УДЗЕЛ ЛЮДМІЛА КУДРАЎЦАВА, НАРОДНАЯ АРТЫСТКА БЕЛАРУСІ, КОЛІШНЯЯ САЛІСТКА НАШАГА ТЭАТРА, ПЕДАГОГ-РЭПЕТЫТАР ШКОЛЫ, І МАСТАК ІЛЛЯ ПАДКАПАЕЎ.
ПРА МАТЫВАЦЫЮ І ЛІЧБЫ
Цікава, якой была матывацыя для стварэння такой незвычайнай структуры?
Марына Вежнавец: Па сутнасці, іх мелася некалькі. У той час у мяне здарылася сур’ёзная траўма. Артыстычная будучыня вымалёўвалася вельмі няпэўная. Не зразумела, ці вярнуся на сцэну, бо ніяк нармальна не зрасталіся косці. Але ў любым выпадку я не змірылася б з тым, што не магу танцаваць. Вольнага часу хапала.
Якія яшчэ меліся прычыны? У маёй сястры Алены талент балетнага педагога. У той час, калі я задумалася пра стварэнне школы, яна паспяхова працавала з дзецьмі ў Беларускім харэаграфічным каледжы. Я ведала, што Алена захоплена справай, і памеркавала: чаму б не стварыць аналагічную школу? У той момант менш за ўсё думала пра сябе, а болей пра сястру. Дарэчы, калі наша школа толькі ўзнікла, пяць лепшых Алёніных вучняў з каледжа перайшлі ўслед за ёй да нас (гэта нашы салісткі Ліза Прывальчук, Ніка Скрабкова, Эліна Сільвановіч). У мяне шмат сяброў, якія падтрымалі і сказалі: «Адкрывай школу цяпер! У арганізацыйных, юрыдычных пытаннях дапаможам!»
Інакш кажучы, не даводзілася займацца паперамі і ўзгадненнямі?
— Так! Я толькі хадзіла ў тыя ўстановы, куды мне падказвалі. Цяпер гэта адзіная прыватная балетная школа. Да таго існавала — афіцыйная ці неафіцыйная — забарона. Мне дазволілі. Але гэта не студыя, а менавіта школа. Калі мы будзем мець адпаведную базу, дык абавязкова зраблю паўнацэнную ўстанову, каб яе выпускнікі атрымлівалі дыплом.
Калі можна, ваша школа ў лічбах.
— Цяпер мы працуем шосты сезон. Пяцігоддзе адзначалі ў маі 2017-га. Спачатку ў нас было 15 вучняў, дакладней вучаніц.
Мы гутарым у балетным класе на Аранскай. Усе рэпетуюць тут?
— Не, ёсць яшчэ дзве залы на плошчы Свабоды, 17. Самі зрабілі там рамонт. Усяго ў школе займаюцца шэсць груп дзяцей плюс дзве пачатковыя. У наяўных залах становіцца цеснавата, таму падбіраем больш прасторнае памяшканне. Увогуле ў школе каля 200 навучэнцаў.
І як вы з імі спраўляецеся?!
— Увесь час ідзе паток. Хтосьці прыходзіць, захоплены спектаклем, хтосьці ўбачыў у інтэрнэце выступленне нашых салістак. Але адначасова шмат дзяцей і сыходзіць, яны бачаць: цяжкія рэпетыцыі патрабуюць вялікіх намаганняў. Хтосьці разумее, што прыйшоў не туды, або выключных даных няма. У нас немагчымыя такія сітуацыі, маўляў, мы парэпеціруем крыху, а потым адпачнем. Мы імкнемся паказваць гледачу выдатны, класны вынік. Для гэтага трэба шмат і плённа працаваць. Максімальна, як толькі можам!
ПРА КАМАНДУ І НАГРУЗКУ
Калі з фатографам Сяргеем Ждановічам мы назіралі за рэпетыцыяй на працягу дзвюх гадзін, пераканаліся: у балетнай зале сапраўды трэба, па-руску кажучы, «пахать». Гэта робяць і самыя малыя, і старэйшыя вучні. І педагогі, здольныя адначасова сачыць за фігурамі танцораў, дакладным ці не зусім правільным выкананнем танцавальных па 30-цю юнымі артыстамі.
— Дзякуй богу, у школе сабралася такая каманда, што ўсе працуюць з велізарнай самааддачай. Таму ў нас і вынік адпаведны. Пачыналі разам з сястрой, Аленай Вежнавец. Потым далучылася Святлана Геронік, былая салістка тэатра. Далей прыйшла Юлія Дзятко, потым Людміла Кудраўцава, народная артыстка і самая блізкая сяброўка. Ведаю: магу з’ехаць па справах ці на гастролі, але ўсё ў школе будзе зроблена як мае быць. Рэдка калі такое шчасце выпадае. Нашымі педагогамі з’яўляюцца таксама Таццяна Уласень і Таццяна Падабедава, першая з іх — салістка тэатра, другая нядаўна скончыла кар’еру. Шмат часу аддае школе і Юрый Кавалёў, ён займаецца з хлопцамі, як артыст заняты ў пастаноўках.
Колькі часу прайшло ад таго, як школа была створана, да першага спектакля?
— Першую пастаноўку паказалі праз год.
Вельмі хутка! Бо малых трэба шмат чаму навучыць. Не баяцца сцэны і натуральна на ёй трымацца, упэўнена насіць тэатральны касцюм. А галоўнае — грацыёзна, сапраўды па-балетнаму рухацца, захоўваць у масавых танцах агульны малюнак. Памятаю, тая «Спячая красуня» была шматнаселеным спектаклем.
— У філармоніі ў першым аддзяленні мы паказвалі «Спячую красуню», а ў другім ішоў канцэрт зорак беларускага балета. Хацелася, каб дзеці адразу ўбачылі прывабнасць, прыцягальнасць гэтага мастацтва.
Звярну ўвагу на гендарны склад школы. Дзяўчаткі складаюць 80 працэнтаў навучэнцаў?
— Нават 90. Практыка сведчыць: з 20 хлопчыкаў у калектыве застаецца прыблізна чацвёра. Але затое вельмі цікавыя хлопцы, якім танец і балет сапраўды патрэбныя.
Дзе знаходзіце будучых навучэнцаў і ці шмат іх прыходзіць пасля спектакляў вашай балетнай школы?
— Спачатку хадзіла па дзіцячых садках і адбірала дзяцей. А пасля спектакляў, конкурсаў, дзе нашы перамаглі, пачынаецца паток.
Набор у нас ідзе на працягу ўсяго года. Не хочацца губляць таленавітых, якія потым могуць пайсці ў іншую сферу.
Вашы выхаванцы займаюцца пяць разоў на тыдзень па дзве з паловай гадзіны. Не скардзяцца, што вялікія нагрузкі?
— Перад сур’ёзнымі мерапрыемствамі ў нас рэпетыцыі часам яшчэ больш працяглыя. Іншым разам і па шэсць гадзін. І ніхто не плача.
Людміла Кудраўцава: Я дзіўлюся іншай акалічнасці. Яны плачуць, калі не датанцоўваюць якую-небудзь варыяцыю. Калі з імі праходзіш не ўвесь танец. Як рэпетытар я працавала і з дарослымі артыстамі. Вось тыя не плачуць, калі з імі не займаешся.
Марына, памятаю, што ў вас вышэйшая адукацыя балетнага педагога, набытая ў Пецярбургу. Задам правакацыйнае пытанне. Фігуры дзяцей, якія займаюцца, цалкам не сфармаваліся. А нагрузкі, якія дае балетны класс, — не шкодныя ў дзіцячым і падлеткавым узросце?
Марына Вежнавец: Магу з упэўненасцю сказаць: тое, што дзеці атрымаюць у плане балетнай тэхнікі да 9-10 гадоў, застанецца з імі на ўсё астатняе жыццё. У плане «расцяжкі», фізічнага развіцця больш нічога не дадасца.
Калі ў дарослым узросце хочаш мець тэхнічную ўпэўненасць, спадзявацца на дакладнае выкананне ўсіх трукаў — ты павінен на паўгадзіны больш разагравацца. Тое, што дасягнута ў дзяцінстве, захоўваецца.
Чым раней пачынаюцца заняткі балетам, тым лепш?
— Лепш для прафесіі. Усе прыма-балерыны пачыналі засваенне танца з 4 гадоў. Калі будучая артыстка прыйшла ў залу ў 10 гадоў, то значнага тэхнічнага выніку дасягнуць немагчыма.
Прафесійныя заняткі гімнастыкай і бальнымі танцамі таксама рана пачынаюцца...
— Жыццё артыстаў балета вельмі кароткае. З харэаграфічнай вучэльні ты павінен выйсці артыстам, які сфармаваўся, каб прэтэндаваць на вядучыя партыі і не марнаваць час на давучванне. Гады пачатку кар’еры, калі яшчэ шмат можаш, важныя. А калі артыст прыходзіць у тэатр і мусіць «дабіраць» вопыт, тэхніку, гэтага часу шкада.
Школа ўзнікла не як альтэрнатыва харэаграфічнай вучэльні?
— Наогул пра гэта не думала. Наадварот! Наша праца дапамагае каледжу. Мы рыхтуем дзяцей, потым яны паступаюць. Але навучэнцы павінны разумець, куды яны ідуць і чым будуць займацца.
Ці шмат вашых дзяцей навучаецца ў каледжы?
— Туды паступілі амаль усе нашы выпускнікі. Вучыцца чалавек 15. За маіх выхаванцаў выкладчыкі заўжды кажуць мне «дзякуй»!
ШТО БАЧЫЦЬ ПЕДАГОГ?
Вашы методыкі ўсеагульныя, пецярбургскія або беларускія?
— Тыя, па якіх я атрымала прафесію педагога (і вышэйшую адукацыю) у Пецярбургу. У іх распісана, літаральна па днях, што ты павінна рабіць, што мусім прайсці за два першыя месяцы, пасля якіх вынікаў можна рухацца далей.
Але нельга не выкарыстоўваць і ўласны вопыт. Мой педагог Ірына Мікалаеўна Савельева — балерына менавіта пецябургскай школы. Да гэтага часу памятаю і згадваю яе словы, парады, нават камбінацыі рухаў, якія нам задаваліся. Тое, як мяне вучыла Савельева, іграе галоўную ролю ў маіх паводзінах як педагога. Калі сёння займаюся з дзецьмі, успамінаю рэпетыцыі ў Мінску з Людмілай Бржазоўскай, Марыянай Подкінай або з Любоўю Кунаковай у Піцеры. Так што методыкі методыкамі, а больш за ўсё ўплывае практыка, уласны досвед.
Людміла Кудраўцава: Насамрэч тут няма супярэчнасці, бо беларуская школа грунтуецца на методыках Агрыпіны Ваганавай.
Марына Вежнавец: Калі атрымлівала адукацыю ў Пецярбургу, дык там была адной з лепшых студэнтак. Чаму? Не таму, што вывучыла харэаграфічны тэкст. А таму, што правільна паказваю, як выконваць рухі, іх звязкі, іх камбінацыі. У свой час Ірына Мікалаеўна правільна нас вучыла, вось і не было праблем з адукацыяй балетнага педагога.
Людміла Кудраўцава: Мы былі навучаныя ў традыцыях пецябургскай школы, яна лічыцца самай дасканалай і запатрабаванай у свеце.
Марына Вежнавец: Калі пачынаеш вучыць дзяцей, дык аналізуеш і згадваеш: а як я выконвала гэтую камбінацыю рухаў ці варыяцыю?
На рэпетыцыі я дзівілася: дзяцей шмат, а вы, педагогі, бачыце ўсе іх дробныя памылкі, хібы, недапрацоўкі. Прычым заўвагі робяцца многім. Не такія стопы, кісці, пяты...
Марына Вежнавец (са смехам): Гэта ўжо вока «наточана» ўсё бачыць.
Але як можна бачыць усіх адразу?!
— Ірына Савельева ніколі не працавала ў зале з адной навучэнкай. Хоць досыць часта так бывае: стаўка робіцца на аднаго-двух, усе астатнія — другім планам. Савельева займалася з усімі. Калі выпускнік прыходзіць у тэатр, з ім ніхто асобна, дэталёва займацца не будзе. Ты павінен, але сам сабе. І калі навучыўся працаваць, дык «схопіш» з аднаго паказу. Калі раней на цябе было звернута шмат увагі, а тут яе няма, малады артыст пачынае, умоўна кажучы, дэградаваць. А той, хто прызвычаіўся разлічваць на ўласныя сілы і працаваць сам, «выплыве». І таму ў школе імкнуся не выдзяляць асаблівай увагай некага аднаго. Каб увага была раўназначнай, трэба паспяваць на ўсіх глядзець і ўсе заўвагі выказаць.
Вы маеце магчымасць назіраць за дзецьмі і падлеткамі ў працэсе навучання. У часы майго дзяцінства хлопчыкі і дзяўчаткі выглядалі больш задуменнымі і ціхімі, гэтакай «рэччу ў сабе». Сучасныя дзеці — больш сарамлівыя ці азартныя?
— Кожнае пакаленне ўсё больш і больш здольнае. Свабоднае, раскаванае, адкрытае. Цяпер нашмат болей магчымасцей для творчасці і самарэалізацыі. Назіраю за бацькамі і бачу, што многія з іх сур’ёзна занятыя развіццём здольнасцей уласных дзяцей.
А якое стаўленне бацькоў да школы?
— Ірына Мікалаеўна мяне ў свой час вучыла: браць у школу ў адпаведнасці з тым, якія бацькі ў юных артыстаў. Дзеці залатыя! Але ёсць у нас і «залаты» тата — Кірыл, бацька Веры Шпакоўскай. Унікальны чалавек! Узнікаюць складанасці, а ён заўжды побач. Не ўяўляю, што будзем рабіць, калі дзяўчына з’едзе вучыцца ў іншы горад. Ён заўжды дапамагае школе — і маральна, і матэрыяльна, і фізічна. Як толькі можа. І што дзіўна: адна з лепшых вучаніц нашай школы — яго дачка.
ЗОРКІ І ЗОРАЧКІ
Якраз хацела распытаць пра вашых юных салістак. Тая ж Вера Шпакоўская — лаўрэатка не аднаго, а многіх міжнародных конкурсаў. Дзяўчынка з неверагоднымі харызмай і абаяльнасцю. Маленькі танцавальны Моцарт. Адразу заўважылі, што яна такая здольная, або гэта адкрылася ў працэсе заняткаў?
— Я шукала здольных дзяцей па дзіцячых садках, а там працавала бабуля Веры. Менавіта ў групе, куды я прыйшла. Насамрэч такіх дзяцей адразу відаць. Ты сказаў — і дзіцё зробіць на 100 працэнтаў тое, што просіш.
Калі меркаваць па яркіх выступленнях Веры, якія я бачыла на ТВ, дык відавочна: яна захопленая дзяўчына, у яе вочы ззяюць.
— І яшчэ дзівосная рэч. Чаму Вера так пісьменна танцуе складаныя варыяцыі? Бо слова педагога для яе — закон. Яна ніводнага руху не зробіць няправільна. У дзяўчынкі цела працуе вельмі дакладна. Яна чуе тваю параду і — адразу выдае вынік. Якую варыяцыю ёй ні дасі, яна бярэ і праходзіць яе адразу.
У праекце «Сіняя птушка» аднаго з расійскіх каналаў выступала шмат таленавітых дзяцей. Калі Вера танцавала там варыяцыю з «Эсмеральды», гэта выглядала ўзрушальна! Таго ж Мікалая Цыскарыдзэ няпроста здзівіць. Але Вера здзівіла! Таму рэктар Акадэміі рускага балета і сказаў, што яе чакаюць у адной з лепшых харэаграфічных школ свету.
Людміла Кудраўцава: Калі суаднесці яе ўзрост і тэхнічныя, артыстычныя магчымасці, гэта сапраўды робіць уражанне.
ПАРЫЖ І БАРСЕЛОНА
Відаць, хтосьці з педагогаў школы заўжды ездзіць з дзецьмі на міжнародныя конкурсы або тэлепраекты?
Марына Вежнавец: Абавязкова!
Людміла Кудраўцава: Яны яшчэ маленькія. Іх трэба падрыхтаваць да выступлення, разагрэць. Супакоіць, настроіць, пракантраляваць...
Марына Вежнавец: Калі імкнемся мець вынік. Іначай атрымліваецца, што дарма рыхтуемся...
Перад «Спячай красуняй» я ўважліва вывучала праграмку і дзівілася: нават партыі фей выконваюць лаўрэаты міжнародных конкурсаў. Цяпер столькі конкурсаў ці столькі здольных дзяцей? Як гэта яны паспелі або вы паспелі іх звазіць?
— Каб зразумець, якіх юных артыстаў везці на прэстыжныя конкурсы, мы з малога ўзросту адпраўляем іх на танцавальныя спаборніцтвы. Каб набіраліся вопыту, адчулі агульную атмасферу. Ведалі, што і як там адбываецца. Таму для падобных дзей рыхтуем шмат выканаўцаў. Едзем вялікім калектывам, там падзяляемся на ўзроставыя групы.
Людміла Кудраўцава: Удзел у конкурсах вельмі карысны. Бо адразу відаць: або дзеці выходзяць на сцэну часта, або рэдка туды трапляюць. Ці юны артыст паводзіць сябе ўпэўнена і свабодна, ці ён «заціснуты», яму не хапае разняволенасці. Такі вопыт нічым не заменіш.
Цікава, ці існуюць аналагічныя, менавіта прыватныя балетныя школы ў суседніх дзяржавах?
Марына Вежнавец: Па ўсім свеце, у Еўропе і ў Амерыцы, такіх школ велізарная колькасць. Дзяржаўных няшмат, іх звычайна некалькі на краіну, а прыватных — болей. На конкурсах відавочна, што здольных дзяцей шмат, яны ўжо многае ўмеюць, добра навучаныя. Бачыла шмат аналагічных устаноў танца і таму ўсведамляю, што трэба рухацца. Наперад і наперад! Досыць часта мы ездзім на конкурс «Гран-пры маладая Амерыка» (Youth America Grand Prix), там збіраюцца самыя таленавітыя і яркія дзеці з усяго свету. Па ўсёй Еўропе, па ўсіх Штатах, у Кітаі, Карэі праходзяць адборачныя туры гэтага спаборніцтва. Сустракаемся мы ўсе ў Нью-Ёрку.
Ведаю, што вашы выхаванцы выступалі і ў Парыжы...
— Так. Туды з’ездзілі тры разы. Двойчы паказвалі «Шчаўкунка», гастролі адбыліся дзякуючы дапамозе і спрыянню пасольства Беларусі ў Францыі. А што да конкурсаў, дык першы раз у сталіцу гэтай краіны паехала Вера Шпакоўская. Усё было тры гады таму. У конкурсе ўдзельнічалі дзеці з дзевяці гадоў, ёй споўнілася толькі сем. Тыя, хто занялі тры першыя месцы ў Парыжы, потым едуць у Нью-Ёрк. У Парыжы праходзіць паўфінал. Пабачыўшы выступленні Веры, арганізатары конкурсу неяк захваляваліся, падышлі да нас: «Вы ў Нью-Ёрк гатовыя ехаць?!» Вера ў тройку прызёраў не трапіла, але заняла 4-е месца. Вядома, яе запомнілі, запрашалі наведаць іншыя школы.
Наступным годам на парыжскі конкурс выправіліся большай кампаніяй. Паехалі моцныя дзеці, якія дасягнулі пэўнага тэхнічнага і артыстычнага ўзроўню. У дадатак тыя, чые сям’і могуць сабе гэта дазволіць. Бо такая вандроўка — дарагое задавальненне. Вядома, і неацэнны вопыт, бо ўкладанні абавязкова потым акупаюцца. Паехалі Вера Шпакоўская, Ксюша Косава, Эліна Сільвановіч, Ася Ярмаш, з хлопчыкаў Мікіта Сінкевіч. У выніку траіх запрасілі ў Нью-Ёрк (Веру і Асю, якія занялі 3-е месца, а таксама Мікіту). Эліна ўвайшла ў лік 12 лепшых выканаўцаў.
У момант абвяшчэння вынікаў вы адчувалі сябе шчаслівай?
— Адчувала. Але Ксюша Косава не трапіла у тройку прызёраў або ў лік 12 лепшых па маёй віне, бо я абрала для яе занадта складаныя, віртуозныя варыяцыі. Я была ўпэўнена: Ксюша справіцца, але журы паставілася да дзяўчынкі сурова і вырашыла: складанасць рэпертуару не адпавядае ўзросту. Маўляў, рана! Мы ўлічылі заўвагі і пажаданні журы і сёлета разбіліся на дзве групы. Адна накіравалася ў Парыж, другая ў Барселону...
Гэта татальны захоп прызавых месцаў!
(агульны смех) — Насамрэч у Парыжы і Барселоне ўжо ведаюць пра балетную школу Вежнавец, разумеюць: нашы выхаванцы — сур’ёзныя супернікі. Апошнім разам на конкурс выправіліся тыя, хто ездзіў летась. Далучыліся Аліса Рошчына, маленькая зорачка, і хлопчыкі — Арцём Паўлычаў, Мікіта Сінкевіч, Мірон Саўчанка, Ваня Петрашэвіч.
У Барселону скіраваліся Ася Ярмаш (1-е месца), Ваня Петрашэвіч (2-е месца), Ліза Прывальчук (увайшла ў лік 12 лепшых). Усе дзеці паказалі вельмі высокія вынікі. Такім чынам, у Нью-Ёрк едуць два ансамблі і пяць салістаў. Вера заняла 1-е месца ў класіцы. У сучаснай харэаграфіі 1-е месца занялі Ксюша Косава і Ася Ярмаш.
На апошнім конкурсе Аліса Рошчына і Эліна Сільвановіч увайшлі ў спіс 12 лепшых. Мікіта Сінкевіч і Ваня Петрашэвіч — занялі 2-е месца.
А сучасныя нумары хто для вашых выхаванцаў ставіць?
— Юлія Мельнічук, Юлія Дзятко. Іншым разам — я.
Цікавую інфармацыю знайшла ў інтэрнэце. Акрамя прызоў, нью-ёркскі конкурс дае пераможцам стыпендыі для навучання ў вядучых балетных школах свету. Штогадовая сума стыпендый — 250 000 $.
— Так. У дзяцей будзе магчымасць выбару. Іх запамінаюць, за іх ростам сочаць.
Людміла Кудраўцава: Для чаго на конкурсы ездзяць педагогі вядомых школ? Глядзяць і выбіраюць здольных, адораных, тых, хто ў перспектыве будзе ў іх вучыцца.
Марына Вежнавец: Калі юны артыст увайшоў у лік прызёраў конкурсу, дык яго навучанне балету будзе бясплатным. Увогуле яно вельмі дарагое, а так дзеці выйграюць гранты і навучаюцца бясплатна.
СЦЭНАГРАФІЯ, КАСЦЮМЫ, ГАСТРОЛІ
Некалькі пытанняў наконт паказу спектакляў у Мінску. Дзе шукаеце грошы на шматлікія касцюмы, на шыкоўныя дэкарацыі, як у «Спячай красуні»? Тканіны, зразумела, нятанныя, як і іх роспіс.
— У мяне як кіраўніка школы няма мэты зарабляць. Задача — стварыць якасны тэатральны прадукт. Мая мара і мэта — мець Дзіцячы тэатр з адпаведнай інфраструктурай. Таму ўсе даходы скіроўваем на далейшае развіццё. Сорамна сказаць, але я яшчэ ніводнага разу не атрымала зарплаты. Пакуль працую ў тэатры, магу сабе гэта дазволіць. Каб мець вынік, трэба займацца шмат. Так, заняткі для дзяцей платныя, але шмат займаемся з імі і бясплатна.
Ідэя Дзіцячага балетнага тэатра выдатная! Бо юных гледачоў больш за ўсё ўражвае, што на сцэне іх равеснікі.
Ілля Падкапаеў: Цікавай аказалася гастрольная вандроўка школы ў Вільнюс. Спектакль «Шчаўкунок» мы паказвалі на пляцоўцы Вільнюскай балетнай школы. Што назіралі на пачатку 2-й дзеі? Дарослыя сядзяць, а дзеці — ля сцэны, літаральна ляжаць на рампе. Яны выглядалі як кампанія анёлкаў. У «Шчаўкунку» пачаліся варыяцыі, і зала ўзнялася.
Марына Вежнавец: І гэта вельмі натуральная і раскаваная рэакцыя дзяцей, захопленых відовішчам.
Калі школа выязджае на гастролі са спектаклем, дзе шмат дзейных асоб, — гэта сур’ёзна! Але апрануць артыстаў для балетаў Чайкоўскага — астраномія!
Марына Вежнавец: Загадзя ведаем, калі прэм’ера. І назапашваем сродкі для сцэнічных касцюмаў. Шыем у фірме Святланы Тадорскай, вядомага дызайнера. Касцюмы акуратныя, пашытыя з густам, таму робяць адпаведнае ўражанне.
Цікава, колькі каштуе адна балерынская пачка для юнай артысткі?
Ілля Падкапаеў: Кошт шмат ад чаго залежыць: адна абыдзецца ў 100 умоўных адзінак, а другая ў 200. Для вырабу адной трэба пяць слаёў фаціну, а для другой дзесяць. Зразумела, аплікацыя ці камяні, якімі расшываюць сцэнічную вопратку, толькі павялічваюць кошт.
А дзе захоўваеце дэкарацыі і касцюмы да пастановак?
— Касцюмы — тут, на Аранскай. А дэкарацыі? У нас ёсць бацькі, якія маюць складскія памяшканні. Дапамагаюць, чым могуць.
Пытанне Іллі Падкапаеву. Як даўно супрацоўнічаеце са школай?
Ілля Падкапаеў: З першай пастаноўкі. Калі даведаўся, што Марына збіраецца ставіць «Дзюймовачку», намаляваў стос эскізаў і прынёс.
Марына Вежнавец: У «Дзюймовачцы» я марыла, каб кожнае дзіця хацела быць жабай або жуком. І наш мастак зрабіў такія «апетытныя» касцюмы, што ўсе імкнуцца быць адмоўнымі героямі. Калі кажу: «Дзеці, вучыце ролі, якія падабаюцца!» — дык ролі жаб вучаць усе! Важна, што Ілля — і таленавіты, і працаздольны. Такіх людзей вельмі люблю.
Дэкарацыі для «Спячай красуні», «Шчаўкунка» Ілля сам распісваў ці вы знайшлі выканаўцаў?
Марына Вежнавец: Нават калі эскізы ўвасабляюць мастакі-выканаўцы, Ілля з імі ад пачатку і да канца. У падрыхтоўцы сцэнаграфіі нам вельмі дапамагае Оперны тэатр. Уладзіміра Грыдзюшку называю хросным бацькам школы. Ён ні разу не адмовіў — ні мне, ні дзецям. Дапамога яго значная ад моманту заснавання школы да сённяшняга дня. Калі прыходжу з просьбай, ён заўжды адгукаецца.
Спрыяе нам і вытворчы камбінат тэатра, але без згоды гендырэктара гэта немагчыма. На камбінаце шмат майстроў, якія маюць вялікі вопыт, разумеюць, як тканіна і роспіс глядзяцца пры тэатральным асвятленні.
Дэкарацыі балетаў, якія паказвае школа, сапраўды казачныя. Бо ствараюць атмасферу чарадзейства, умацоўваюць у душы дзяцей і дарослых веру ў перамогу дабра, радасці і здаровага сэнсу.
— Ганарымся, што пры канцы сакавіка школа тройчы пакажа на сцэне Тэатра оперы і балета спектакль «Спячая красуня». Прычым у суправаджэнні аркестра. Будуць спектаклі і ў красавіку.
Харэаграфія гэтага балета належыць, як вядома, Марыусу Пеціпа. Яна надзвычай складаная, дзеці могуць яе засвоіць толькі часткова. Марына, разумею, адаптацыю вы робіце самі?
— Так. Трэба, каб юны артыст адчуваў сябе на сцэне ўпэўнена і камфортна. Калі бачу, што складаныя элементы, іх камбінацыі маім выканаўцам пад сілу, тады не буду абмяжоўваць.
Згадаю: феі ў «Спячай красуні» былі абсалютна класныя! Такая малеча — і ўжо ўпэўнена на пуантах танцавала. Пальцавая тэхніка — рэч складаная. А ў фінале і фуэтэ нам прадэманстравалі.
— Калі шмат ездзіш — на гастролі, конкурсы, — разумееш: свет не стаіць на месцы. Каб мець адпаведны вынік, трэба шмат працаваць.
Цяпер у рэпертуары школы тры спектаклі. Што далей? Збіраецеся ўдасканальваць тыя ж балеты ці ставіць новыя?
— На май запланавана прэм’ера. Вядзем перамовы з аўтарам музыкі. Хутчэй за ўсё, гэта будзе «Беласнежка і сем гномаў». Сёлета вясной у нас выпускаецца шмат яркіх дзяўчынак і хлопчыкаў, таму для іх хацелася б зрабіць штосьці незвычайнае і запамінальнае...