Але пры гэтым нават беларускія бацькі ўсё часцей вядуць сваіх дзяцей на адборы, якія пецярбургская Акадэмія пачала ладзіць у нашай краіне. Падчас творчай вандроўкі ў Пецярбург я наведала гала-канцэрт выхаванцаў Дзіцячага тэатра танца, каб зразумець, што дае сучаснаму харэаграфічнаму мастацтву арыгінальная сістэма адукацыі, вынайдзеная знакамітым балетмайстрам.
БАЛЕТНЫ КАМПУС
У 2016 годзе разам з іншымі ўдзельнікамі балетнай секцыі Санкт-Пецярбургскага міжнароднага культурнага форуму я трапіла на экскурсію ў Акадэмію танца Барыса Эйфмана. Тады супрацоўнікі падводзілі нас да акна, якое выходзіла на будаўнічую пляцоўку побач, і пераканаўча распавядалі, што хутка тут з’явіцца Дзіцячы тэатр танца. Шчыра кажучы, я сумнявалася, бо ведаю, колькі дзесяцігоддзяў выбітнаму харэографу абяцаюць узвесці будынак для яго Тэатра балета, ды ўсё не пераходзяць ад слоў да справы. Аднак тут усе зоркі сышліся: праз тры гады Дзіцячы тэатр танца Барыса Эйфмана сапраўды прыняў першых гледачоў. Побач праз пэўны час адчыніцца новы будынак інтэрната для выхаванцаў школы — і тады на поўную моц запрацуе задуманы Барысам Якаўлевічам унікальны балетны кампус, які аб’яднае вучэбны і мастацка-адукацыйны комплексы.
У чым незвычайнасць гэтага месца? Новую пецярбурскую сцэну з залай на 500 месцаў абяцаюць зрабіць даступнай для ўсіх, зацікаўленых харэаграфіяй. Спадар Эйфман у шматлікіх інтэрв’ю паўтарае: ён ствараў агульнагарадскі інавацыйны харэаграфічны цэнтр, дзе змогуць выступаць аматарскія калектывы, а таксама будуць ладзіцца адкрытыя майстар-класы ад лепшых балетмайстраў і творчыя лабараторыі для пачаткоўцаў у прафесіі. Такая адкрытасць сапраўды імпануе, бо часцей балетныя вучэльні — і ў нашых абшарах таксама — паказальна не заўважаюць іншыя харэаграфічныя школы, часцяком дыстанцыруюцца ад іх. Між тым ад творчага супрацоўніцтва і пры наяўнасці здаровай канкурэнцыі кожная з адукацыйных устаноў відавочна толькі б выйграла. Тэатр танца дзейнічае ў Пецярбургу з лістапада 2019 года, але паспеў арганізаваць гарадскі конкурс «Юны харэограф» для пастаноўшчыкаў ва ўзросце ад 10 да 18 гадоў. Вынікі яго пакуль не вядомыя, бо з-за каранавірусу фінал перанеслі. І ўсё ж памкненні знайсці новы імпульс для развіцця мастацтва танца навідавоку.
ПРЫБРАЦЬ МАТЭМАТЫКУ... З БАЛЕТНЫХ КЛАСАЎ
Цікавосткі пяціпавярховага навабуда на Петраградскім баку горада на гэтым не сканчваюцца. Увечары ў шматузроўневым фае збіраюцца гледачы, каб паглядзець спектаклі, білеты на якія маюцца ва ўсіх касах. А вось
удзень гэтая прастора ператвараецца ў рэкрэацыю для вучняў Акадэміі. Такім чынам адзін будынак паралельна функцыянуе і як вучэльня, і як паўнавартасны тэатр.
Для пастановак прадугледжана ўсё, што патрэбна: акрамя галоўнай сцэны з сучасным тэхнічным абсталяваннем і глядзельняй у тры ярусы над партэрам, можна карыстацца рэпетыцыйнай залай, грымёркамі і майстэрнямі. І калі той жа вучэбны тэатр Беларускага харэаграфічнага каледжа з’яўляецца прасторай, патрэбнай пераважна для ўнутранага выкарыстання, то навабуд у Пецярбургу першапачаткова ствараўся менавіта як новая гарадская тэатральная пляцоўка.
Радуе, што пры гэтым выхаванцы Акадэміі могуць паўнавартасна карыстацца ўсімі памяшканнямі. Гаворка ідзе не толькі пра падрыхтоўку да выніковых канцэртаў і публічных выступленняў: у рэканструяваным будынку былой школы (менавіта да яе будаўнікі «далучалі» тэатральны комплекс) з верасня выкладаюць агульнаадукацыйныя дысцыпліны. Як памятаеце, у Акадэмію набіраюць з сямі гадоў, таму да апошняга часу матэматыку і мовы вывучалі ў залах, дзе ўздоўж сцен прымацаваныя балетныя станкі. Цяпер ва ўсіх чатырнаццаці рэпетыцыйных класах і вучэбнай зале-трансформеры будуць толькі танцаваць.
Калі з’явілася новая дадатковая прастора, установа замахнулася на адкрыццё новых адукацыйных праграм. Разам з танцоўшчыкамі Акадэмія Барыса Эйфмана збіраецца выпускаць спецыялістаў з сярэдне-прафесійнай падрыхтоўкай для пастановачных цэхаў тэатраў. Улетку адбудуцца першыя ўступныя экзамены для тых выпускнікоў 9-х класаў, хто марыць стаць мастаком-грымёрам ці заняцца рэжысурай асвятлення. Першых абяцаюць знаёміць з гісторыяй мастацтваў, псіхалогіяй, цырульнай справай, макіяжам, візажам і шматлікімі мастацкімі дысцыплінамі. Ад другіх патрабуецца досвед у фізіцы і інфарматыцы, бо ім будуць выкладаць асновы святлатэхнікі, электронікі, інжынернай графікі.
Такім чынам, Акадэмія ператварыцца ў вучэльню поўнага цыклу, што выпускае не толькі тых, каму выхадзіць пад святло сафітаў, аднак і тых, хто ведае, як гэтыя самыя асвятляльныя прыборы выставіць найлепшым чынам, як у адпаведнасці з пэўнай задачай загрыміраваць танцоўшчыка. Так яны самастойна вырашаюць праблему, з якой даў-
но сутыкнуліся і беларускія калектывы: і ў нас, і ў іх сапраўдным галаўным болем з’яўляюцца пошукі тэхнічных спецыялістаў, дасведчаных у спецыфіцы тэатра.
ЭКЗАМЕН НА ЧЫСЦІНЮ КЛАСІКІ
Аднак вернемся непасрэдна да гала-канцэрта выхаванцаў Акадэміі. Ён складаўся з дзвюх частак. У першай давалі ІІІ дзею «Пахіты» ў рэдакцыі Юрыя Бурлакі, мастацкага кіраўніка Акадэміі танца (рэдакцыя адноўлена паводле гістарычных запісаў). У другой прэзентавалі балет «Мусагет» самога Эйфмана, прысвечаны харэографу Джорджу Баланчыну.
Выбар такіх палярных пастановак зразумелы: Акадэміі трэба было засведчыць, што выхаванцы з аднолькавай упэўненасцю могуць выконваць як класіку, так і мадэрн. З першым у шэрагу прафесійных харэографаў і бацькоў будучых артыстаў заўсёды было звязана найбольш перасцярог. Як памятаем, з сямі гадоў будучыя танцоўшчыкі пачыналі вывучаць рытмапластыку, гімнастыку, пластычную выразнасць, з пятага класа ім уводзілі не толькі традыцыйныя харэаграфічныя дысцыпліны, але і падключалі танец-мадэрн. Да ўсяго ў абавязковы расклад на тыдзень уваходзілі спартыўныя дысцыпліны, якія выкладалі майстры спорту па мастацкай, спартыўнай гімнастыцы, а таксама па акрабатыцы.
Некаторыя сумняваліся, ці не будзе пры такім падыходзе класічны складнік занядбаны? Тлумачэнні, што класічны танец выкладаюць выпускнікі Акадэміі рускага балета імя Ваганавай, не ўсіх супакойвалі. У першыя гады здараліся выпадкі, калі пасля заканчэння пачатковых класаў бацькі вялі выхаванцаў Эйфмана на ўступныя экзамены ў Ваганаўку. «Пахіта», пастаўленая па ўсіх канонах самага класічнага для нашых краін харэографа Марыюса Пеціпа, красамоўна развейвае сумненні. Тут навідавоку зладжанасць кардэбалету, эфект-
насць салістаў, чысціня малюнка, дакладнасць рухаў, вышыня скачкоў і бездакорнасць падтрымак. Юрый Бурлака заняў у спектаклі вучняў усіх узростаў, ад выхаванцаў пачатковай школы — яны выконвалі дзіцячыя паланез і мазурку — да старшакласнікаў. У партыі Пахіты я пабачыла Анфісу Ашчэпкаву: дзяўчыне яшчэ паўтара года вучыцца да атрымання дыплома, аднак ужо сёння бачна, што выдатныя фізічныя даныя і тэхнічнасць спалучаюцца з акцёрскім талентам. Забягаючы наперад, скажу: старэйшыя класы ўжо рэпеціруюць «Сільфіду», у планах Барыса Якаўлевіча яшчэ некалькі маштабных балетаў для вучняў. Ці будзе хто спрачацца, што Акадэмія здала экзамен на чысціню класічнага танца?
БАЛАНЧЫН «НА ШЧАСЦЕ»
Класіка патрабавала ад выканаўцаў поўнай канцэнтрацыі і самакантролю. Звычайная публіка гэта наўрад ці прыкмеціла: шматлікія заняткі па акцёрскім майстэрстве не прайшлі дарэмна, таму выхаванцы цудоўна трымаліся на сцэне і нават падчас выканання самых складаных піруэтаў не забывалі ўсміхацца. У «Мусагеце» ж вучні відавочна пачалі атрымліваць задавальненне ад свайго выступлення. Падаецца, ім больш утульна ў сучаснай пластыцы.
Без гэтага спектакля першыя выступы ў Дзіцячым тэатры танца ўявіць немагчыма. Эйфман заўсёды захапляўся Джорджам Баланчыным, адным з галоўных харэографаў ХХ стагоддзя, дзякуючы якому мастацтва танца так моцна эвалюцыянавала. Цікава, што ў самой Акадэміі ўсталяваная скульптура Баланчына, і дзеці па ўзніклай традыцыі падыходзяць да яе напярэдадні экзаменаў ці выступленняў, каб патрымаць генія за руку — «на шчасце». Пагадзіцеся, адкрыць доўгачаканы Тэатр танца спектаклем, дзе галоўным героем з’яўляецца Баланчын, было вельмі сімвалічна.
Нагадаю: першапачаткова ў 2004 годзе Барыс Эйфман свой балет-прысвячэнне Баланчыну паставіў для New York Сity Вallet, пасля перанёс ва ўласную трупу. Журналістам Барыс Якаўлевіч прызнаваўся, што сумняваўся, ці адолеюць дзеці складаную пластыку. Зразумела, спектакль быў адрэдагаваны для юных выканаўцаў, а на партыю Баланчына запрасілі Алега Маркава, саліста Тэатра балета Эйфмана.
Дзеянне разгортваецца ў балетнай зале, ва ўспамінах пра пастаноўкі, поспехі, закаханасці і расчараванні. У ролі муз харэографа выступалі Алена Угрумава, Анфіса Ашчэпкава і Дар’я Папова — у кожнай танцоўшчыцы свае характар, тэмперамент і адметная пластыка. Дарэчы, гэтая відавочная розніца ва ўзросце паміж галоўным героем і сапраўды юнымі грацыямі нечакана надала спектаклю дадатковае адценне смутку і пяшчоты па тым, што даўно мінула і безнадзейна страчана.
Як вядома, для пастаноўкі свайго «Апалона Мусагета» Баланчын абраў партытуру Стравінскага. У Эйфмана музычная аснова іншая. Грузінская народная музыка ў спалучэнні з засяроджанасцю Баха і трапятлівымі сумневамі Чайкоўскага дазваляе выхаванцам Акадэміі на працягу ўсяго дзеяння змяняць палітру эмоцый і максімальна выяўляць уласную энергетыку. Яны добра засвоілі складаны харэаграфічны малюнак — зразумела, пластычная лексіка кардынальна адрознівалася ад патрабаванняў першай дзеі гала-канцэрта. Здаецца, Акадэміі танца Барыса Эйфмана сапраўды ўдалося дасягнуць сваёй мэты: падрыхтаваць танцоўшчыкаў, якія змогуць аднолькава пераканаўча ўвасабляць як сучасныя, так і традыцыйныя плыні харэаграфіі.
Настасся Панкратава