Праграма 7-дзённага свята з’яднала некалькі праектаў: нядаўнія харэаграфічныя пастаноўкі тэатра («Анастасія» і «Рамэа і Джульета»), класічныя творы («Лебядзінае возера», дзе галоўныя партыі выканалі салісты Маскоўскага музычнага тэатра імя К. Станіслаўскага і У. Неміровіча-Данчанкі Эрыка Мікірцічава і Дзяніс Дзмітрыеў), гасцявыя выступы (вечар аднаактовых балетаў «Dance. Dance. Dance» ад прэм’ераў Марыінскага тэатра і спектаклі «Кіеў мадэрн-балета» пад кіраўніцтвам Раду Паклітару), нарэшце, фінальнае гала.
Адкрыўся фестываль шматабяцальнай імпрэзай «Dance. Dance. Dance», якую можна лічыць сапраўдным бенефісам славутых піцерскіх танцоўшчыкаў Данілы Карсунцава, Яўгена Іванчанкі і Ігара Колба (у свой час выхаванец беларускага харэаграфічнага каледжа, ён жа ініцыятар і мастацкі кіраўнік праекта). За плячыма кожнага — паўнавартасны артыстычны тэрмін і каласальны творчы багаж як у класічным, так і ў сучасным балеце. Гэта ўжо другі сумесны вечар згаданых выканаўцаў: першым стаў праект «Рыцары танца», што адбыўся на сцэне Марыінкі ў 2015 годзе. Ад артыстаў з такім багатым досведам чакалася калі не адкрыцця, то як мінімум чагосьці нешараговага. Аднак убачанае пакінула неадназначныя ўражанні. Калі ацэньваць «Dance. Dance. Dance» як камерцыйны праект, то тут усё бездакорна: мінімалістычная і мабільная сцэнаграфія, у якасці музычнай асновы пастановак — бяспройгрышная класіка (Бах, Чайкоўскі, Хачатуран), разбаўленая эстраднымі рытмамі, лаканічная і спрыяльная для глядацкага ўспрымання форма аднаактовага балета і, канешне, самі героі — вядомыя шырокай публіцы прафесіяналы. Такі праект будзе паспяхова пракатвацца, збіраць паўнюткія залы. Што да мастацкага складніка прадэманстраваных спектакляў, то ён аказаўся значна слабейшым за камерцыйны.
«Перарваны палёт» (аўтар ідэі і лібрэта Даніла Карсунцаў, харэаграфія экс-прэм’ера «Кіеў мадэрн-балета» Аляксея Бусько) вылучаўся добра прадуманай рэжысурай, аднак здзіўляў анахранізмам танцавальных прыёмаў, якія захраслі дзесьці між плакатнай жэстыкуляцыяй савецкай харэадрамы і цялеснай экспрэсіяй Барыса Эйфмана. Пра тое, што спектакль прысвечаны трагічнаму лёсу Юрыя Салаўёва (саліст Кіраўскага тэатра, адзін з бліскучых выхаванцаў легендарнага Аляксандра Пушкіна разам з Рудольфам Нурэевым, Міхаілам Барышнікавым, Аскольдам Макаравым і інш.), можна было здагадацца толькі дзякуючы відэа- і фотапраекцыі, але не ўласна танцавальнаму дзеянню. «Ліфт» — іранічны дуэт на тэму ўзаемаадносін палоў у пастаноўцы Эміля Фаскі — аказаўся надзіва не музычным, банальным па лексіцы, якую не ратавала нават заяўленая ў анонсе асіміляцыя маладым харэографам стыляў Матса Эка, Іржы Кіліяна і Джона Наймаера. Найменш трывіяльным выглядала сола «No name» у выкананні Ігара Колба (харэаграфія Аляксандра Чэлідзэ). Харызматычны, экспрэсіўны, неверагодна арганічны артыст, здавалася, за лічаныя сцэнічныя імгненні пражываў некалькі жыццяў. Яго натуральны, нязмушаны танец ствараў уражанне паўімправізацыі, а не строга завучанай паслядоўнасці рухаў. Тым не менш апісанае ў анатацыі «выпакутаванае пластычнае разважанне на тэму ўвагі да далікатнага ўнутранага свету творчай натуры і пра яе часта хваравітыя адносіны, сувязі з рэчаіснасцю, пра месца чалавека ў сучасным свеце...» пераважна мелася на ўвазе, чым атрымлівала сцэнічнае ўвасабленне. У выніку работа ўспрымалася як эцюд, накід, а не як канцэптуальна завершаны твор.
Сапраўдным хэдлайнерам форуму стаў Раду Паклітару і ягоны «Кіеў мадэрн-балет». Беларусь па праве можа лічыць Паклітару сваім харэографам: тут сфармаваўся яго досвед як артыста балета (у 1991—2001 гг. Раду з’яўляўся салістам нашага Вялікага тэатра), тут падчас навучання ў Акадэміі музыкі па класе народнага артыста Беларусі і СССР, прафесара Валянціна Елізар’ева склаўся ягоны адметны балетмайстарскі стыль. Пасля ад’езду з краіны Раду не парывае творчых сувязяў з Беларуссю. Яго пастаноўкі можна рэгулярна бачыць на Міжнародным фестывалі сучаснай харэаграфіі ў Віцебску, дзе майстар штогод працуе ў журы. Аднак так разнапланава творчасць Паклітару не была ў нас прадстаўлена яшчэ ніколі. Поўнаметражная «Спячая прыгажуня» і аднаактовыя балеты «Уверх па рацэ» па матывах аповеду «Загадкавая гісторыя Бенджаміна Батана» Фрэнсіса Скота Фіцджэральда, «Доўгі калядны абед» паводле аднайменнай п’есы Торнтана Уайлдэра выразна акрэслілі два вектары балетмайстарскай дзейнасці Паклітару: першая звязаная з пераасэнсаваннем балетнай класікі, другая — са стварэннем цалкам аўтарскіх, арыгінальных спектакляў.
«Спячая прыгажуня» — не першы зварот Раду да рэінтэрпрэтацыі балетаў класічнай спадчыны. Раней ім былі ўвасобленыя «Шчаўкунок» (2007), «Лебядзінае возера» (2013) і «Жызэль» (2016). Як і ў згаданых пастаноўках, у «Прыгажуні» Паклітару досыць вольна абыходзіцца з хрэстаматыйным сюжэтам, ствараючы на яго аснове актуальна-сучасную, напоўненую парадаксальнымі сэнсамі казку для дарослых. Харэограф выкарыстоўвае не адаптаваную для дзіцячага ўспрымання казку Шарля Перо альбо братоў Грым, а больш архаічную версію міланца Джамбаціста Базіле. Аўрору ў балеце ахоўваюць не цудоўныя феі, а міфічныя істоты, своеасаблівыя пачвары, народжаныя сном розуму, — актопусы, казлатуры, крабаракі, рыбасірэны, феніксы (артысты кардэбалету ў фантазійных касцюмах і масках, створаных мастаком Дзмітрыем Куратам).
Хоць харэограф і кажа, што яго спектакль, «як і класічны папярэднік, спявае гімн сапраўднаму, усёпераможнаму каханню», для мяне ён найперш пра здраду, абражанае жаночае самалюбства і прагу помсты. Фея Карабос тут не пачварная чараўніца, а раскаваная, сэксуальная дзяўчына — ідэальная палюбоўніца, але не жонка. Яна праклінае караля Фларэстана і яго нашчадкаў, паколькі ён кінуў яе і аддаў перавагу іншай. Наогул у балеце адсутнічае традыцыйны падзел на цалкам станоўчых і дрэнных персанажаў. Так, Дэзірэ паўстае далёка не высакародным прынцам — ён не толькі цалуе спячую прынцэсу, але і... карыстаецца яе непрытомным станам.
Сцэнаграфія спектакля, створаная Марыянай Халенштайн (Швейцарыя), мінімалістычная, але вобразная і красамоўная. Злавесным лейтсімвалам пастаноўкі становіцца чырвоная ружа: напачатку прыдворныя высцілаюць гэтымі кветкамі шлях караля і каралевы падчас вянчання; параніўшы палец шыпам ружы, а не верацяном, пагружаецца ў 800-гадовы сон Аўрора; першапачатковая мізансцэна з ружамі ўзнікае ў сцэне шлюбу Дэзірэ і Аўроры (падобная цыклічнасць сюжэта характэрная для «Спячай прыгажуні» Матса Эка). Разам з тым, нягледзячы на шэраг цікавых вобразных, пластычных знаходак, балет прайграе ў самым галоўным — у суадносінах музыкі і харэаграфіі. Злучыць багаты сімфанічны матэрыял з тым, што адбываецца на сцэне, на мой погляд, пастаноўшчыку не ўдалося. Узаемадзеянне музыкі і харэаграфіі носіць схематычны, прыблізны характар, перагукваючыся пераважна на ўзроўні фразіроўкі і агульных эмацыйных супадзенняў. Танцавальнаму дзеянню відавочна не хапае выбудаванай сістэмы лейттэм, супастаўленняў і кантрастаў, якія апрыёры прадугледжвае музыка незалежна ад таго, што перад намі — чарговая класічная рэдакцыя альбо аўтарская, сучасная версія.
Своеасаблівым метафарычным героем усіх трох спектакляў «Кіеў мадэрн-балета» паўставаў Час і звязаныя з ім матывы хуткаплыннасці быцця, несупыннага колазвароту жыцця і смерці. У «Доўгім калядным абедзе» дзеянне балансуе паміж трагедыяй і клаўнадай. На сцэне — бясконцае святочнае застолле, падчас якога праходзяць 90 гадоў жыцця сямейства Баярдаў. У цыклічнай змене розных падзей героі, іх дзеці, унукі і праўнукі нараджаюцца, улюбляюцца, старэюць, співаюцца, вар’яцеюць, паміраюць... Харэограф стварае не індывідуалізаваныя характары, а архетыпічныя маскі паўсядзённага жыцця — няверны муж, шалапутны сын, клапатлівая матуля, спакуслівая палюбоўніца і інш. Калядны стол, за якім адбываецца дзеянне, становіцца тут гратэскнай метафарай чалавечага існавання, матэрыяльна-будзённых памкненняў герояў, а іх жыццё — безупыннай мітуснёй, бессэнсоўным марнаваннем часу.
У гала, акрамя нашых артыстаў, на сцэну выйшлі вядомыя салісты з Расіі, Украіны, Эстоніі, Вялікабрытаніі, Бразіліі, Канады. Паводле фестывальнай традыцыі, у імпрэзе прынялі ўдзел прадстаўнікі айчыннай балетнай школы, якія сёння актыўна выступаюць на сусветных сцэнах. Гэта прыма-балерына Нацыянальнай оперы «Эстонія» Алена Шкатула, вядучы саліст Санкт-Пецярбургскага тэатра балета імя Леаніда Якабсона Дзяніс Клімук, прыма-балерына Берлінскага дзяржаўнага балета Ксенія Аўсянік. На жаль, не змог паўдзельнічаць у канцэрце Іван Васільеў — яшчэ адзін бліскучы выхаванец нашага харэаграфічнага каледжа, які з 2011 года з’яўляецца прэм’ерам пецярбургскага Міхайлаўскага тэатра і запрошаным артыстам многіх танцавальных труп свету.
Бясспрэчным плюсам «Балетнага лета» я назвала б удзел у гала не толькі айчынных выканаўцаў, але і харэографаў. Публіка змагла ўбачыць сцэны са спектакляў, якія ўжо сталі нашай нацыянальнай класікай («Адажыа» з балета «Спартак» Валянціна Елізар’ева), а таксама работы новай генерацыі рэжысёраў. Сярод апошніх вялікую цікавасць выклікала мініяцюра «Лабірынты душы» ў пастаноўцы Юліі Маркоўскай, студэнткі Акадэміі музыкі ў класе Валянціна Елізар’ева. Танцавальнае сола ў выкананні Перваны Мырадавай вылучалася дакладнай драматургіяй, экспрэсіўнасцю і музыкальнасцю разгортвання пластычнага малюнка, тонкім псіхалагізмам у абмалёўцы ўнутранага свету жанчыны, яе нявыказаных пачуццяў і патаемных жаданняў. Лабірынт тут паўставаў метафарай самапазнання, падарожжа ў прастору ўласных перажыванняў і ўспамінаў.
Кожны год у фестывальнай праграме з’яўляюцца новаўвядзенні. Калі думаць пра далейшыя перспектывы, хочацца, каб акрамя «параду спектакляў» форум займеў насычаны адукацыйны складнік (лекцыі, майстар-класы, «круглыя сталы», лабараторыя танцавальнай крытыкі і г.д.). Такая практыка сёння ўласцівая амаль усім буйным харэаграфічным фэстам. Тым больш у нас ёсць адпаведны досвед — дастаткова згадаць легендарны міжнародны фестываль «Я люблю балет!», што ладзіўся ў Мінску ў 1990-я.