Свае
Дакументальны праект Віктара Гіліцкага «Апошні візіт» стаў своеасаблівай воссю выставы найперш фактам свайго размяшчэння — на пляцоўцы другога паверха і ў калідоры, так што, каб перайсці з пакоя ў пакой, да нейкага іншага праекта, трэба было рухацца поруч і насустрач фатаграфіям старога чалавека напрыканцы свайго жыцця. Такім чынам задавалася вострая эмацыйная дамінанта: сцверджанне каштоўнасці кожнага моманту здымкі — калі ўсё яшчэ не так, як будзе пазней. Калі ўсе яшчэ жывыя.
Такое ж вострае адчуванне ў цёмным пакоі: праект Вольгі Кірылавай — даніна памяці бацьку. Выбраныя моманты старога сямейнага відэафільма дэманструюцца на планшэтах у розным рытме, з рознымі сюжэтамі, дзесьці гнецца пад ветрам трава, дзесьці смяецца маладая жанчына… Усё няўлоўна і фрагментарна. Вольга — музыкант, і праект яна суправадзіла гукавым «купалам» — для пачуццёвасці формы і аб’ёмнасці ўспрымання. Чорна-белая хроніка, нямое кіно ўсё ж не з нашай эпохі, але разглядаецца гэта яшчэ больш напружана, чым фатаграфіі ў калідоры. І міжволі ставіш сябе на месца аўтаркі, для якой гэта вельмі асабістая гісторыя.
На выставе былі дзве серыі са здымкамі сямейных свят фатографаў-удзельнікаў. Але калі Уладзімір Парфянок ужывае метад амерыканскай стрыт-фатаграфіі, імкнучыся зрабіць свае адбіткі больш брутальнымі, то Сяргей Язлавецкі прымяняе спосаб баналізацыі здымкі, чаму спрыяе і сам клішыраваны рытуал — вясковае залатое вяселле.
Дзіна Даніловіч, куратарка праекта (а іх, дарэчы, тры: яшчэ Уладзімір Парфянок і Алена Пратасевіч) сказала, што ім было цікава, як канцэптуальныя фатографы вырашаюць тэму сям’і. Ігар Саўчанка паказаў здымкі сяброў, дзе ў мімалётных сітуацыях шукае моманты блізкасці, натуральнасці, дапаўняючы кадры нейкімі іншымі гісторыямі — гульнёй святла, кантрастамі і перспектывамі.
Ганна Бундзелева фатаграфіям сваіх родных знаходзіць канцэптуальныя і рэальныя рамкі, выкарыстоўваючы для гэтага сапраўдныя дрэвы — аналогію сямейнай генеалогіі. Гэта ўсё «пра самаідэнтыфікацыю і ідэнтыфікацыю», — тлумачыць аўтарка. Фамільнае дрэва — «самая пэўная крыніца мiжпакаленнай інфармацыі, якая дапамагае выявіць сваё месца і ролю ў ланцугу пакаленняў... Я спрабую інтэрпрэтаваць сутнасць фамільнага дрэва, адштурхоўваючыся ад схематычнага апісання роднасных сувязяў паміж чальцамі сям’і і спробамі яго літаральнай візуалізацыі».
Жанна Гладко ў сваім мультымедыйным праекце «Insiting Force» разважае, як адносіны з блізкімі ўплываюць на нас, фармуюць нас — праз прыняцце ці адмаўленне, як яны развіваюцца з часам. Яе праца — сведчанне працэсу пераадолення траўмы з дапамогай мастацтва, калі няпросты досвед становіцца крыніцай, з якога аўтар кампануе новыя сюжэты. Яшчэ праект — пра падначаленне і дыстанцыю, тэмай і матрыцай апошніх версій становіцца разбітае піяніна, яно разбіраецца на фрагменты, якія пачынаюць жыць сваім жыццём у новых творах, праект доўжыцца, падпадаюць пад аналіз новыя члены сям’і, прыміраюцца супярэчнасці…
Юлія Назарава ў серыі «Варвара» даследуе свет сваёй дачкі, якой сёння ўжо 11 гадоў. Сталенне дзяўчынкі раскрываецца праз прыдуманыя ёй дарослыя ролі, якія дзіця прымярае на сябе.
Чужыя
Гістарычны фон «Роднаму склону» стварыла экспазіцыя Сяргея Кажамякіна. Адзін з яго праектаў — «Дзіцячы альбом», праяўка плёнак, знойдзеных аўтарам у 1988 годзе. Серыйная здымка дзяцей у касцюмах прыўносіць у тэму сям’і востры сацыяльны аспект, асабліва чытэльны на часавай адлегласці. Дзеці, пазіруючы для нейкай касцюмаванай здымкі, верагодна, у дзіцячым садку, прымаюць навязаныя ролі, і гэты маскарад выглядае напружана ненатуральным. У часы перабудовы аўтар убачыў у гэтых здымках мадэль сацыяльнага механізму, што падначальвае асобу. Наша ўспрыманне, напэўна, ужо не такое вострае. Прыцярпеліся.
Знаходка на сметніку старой валізкі, шчыльна ўтрамбаванай парванымі фотаздымкамі, стала асновай праекта «Re:Story» Вольгі Савіч. Аўтарка сапраўды перапісвае старую гісторыю, дакладней, піша замест яе сваю, бо старая распалася, калі Вольга стала кампанаваць парваныя здымкі ў імкненні разабрацца ў лёсе чужой сям’і.
Валерыя Мітэльман у праекце «Сямейныя вязі» прыходзіць у сем’і на фотасесію. Выбіраючы фон для пазіравання, утвараючы групавыя камбінацыі перад камерай, акрэсліваючы дыстанцыі, людзі агаляюць сямейныя стасункі — залежнасці ці любові, — дэманструюць агульныя каштоўнасці. Такім чынам выяўляюцца складаныя ўзаемасувязі паміж родзічамі, а здымка ў трох гарадах дзвюх краін дазваляе правесці больш складаныя паралелі.
Іншыя…
«Сям’я, на першы погляд, вельмі простае, і адначасова складанае паняцце, што выклікае ў нас велізарную колькасць асацыяцый: "традыцыя і род", "блізкасць і давер", "траўма і боль"», — зазначаюць куратары. Здавалася б, удзельнікі прайшліся па ўсіх названых аспектах прачытання, аднак многае засталося незакранутым. Таму нам абяцаюць, што праект будзе развівацца, тэма сям’і бясконцая, бо ўключае ўвесь спектр чалавечых стасункаў — пазначаючы іх крайнія межы.