Трупа была створана пяць гадоў таму па распараджэнні прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева. У краіне, дзе жывуць 18 мільёнаў чалавек, існуе два тэатра оперы і балета — адзін у Алматы, другі ў Астане. Новы калектыў больш мабільны, у рэпертуары пераважаюць аднаактовыя пастаноўкі, узнік ён і для эксперыментаў, і для прасоўвання казахскага мастацтва па ўсім свеце. Пералік гарадоў, дзе з поспехам выступалі казахскія танцоры, унушальны. Гэта Масква, Пецярбург, Пекін, Парыж, Вена, Сеул, Будапешт, Баку, Нью-Ёрк.
Чым патлумачыць такі мастацкі рэзананс і такі хуткі ўзлёт? Паказаныя спектаклі дапамаглі знайсці адказ на гэтае пытанне. Бясспрэчна, публіку прывабліваюць малавядомае пакуль нацыянальнае мастацтва далёкай краіны, самабытнасць і элементы экзотыкі. Павагу выклікае здольнасць інтэнсіўна развівацца, бо за пяць гадоў пастаўлены 10 аднаактовых балетаў і 4 канцэртныя праграмы. Відавочная падтрымка дзяржавы: летась калектыў займеў уласны будынак. У трупе хлопцаў няшмат, пераважаюць дзяўчаты, новыя спектаклі ствараюцца з разлікам менавіта на іх. Важна, што ў кіраўніцтва тэатра хапае імпэту і фінансаў запрашаць харэографаў, якія маюць адметны ўласны стыль, з розных краін.
Цяпер больш канкрэтна пра ўбачаныя балеты. Першае, на што звяртаеш увагу, — высокі тэхнічны ўзровень выканаўцаў, грунтоўнае валоданне школай і класічнага, і сучаснага танца. Гэта і не дзіўна, усе артысты маюць прафесійную адукацыю, у дадатак трупу набіралі па конкурсе.
Аднаактовы балет «Любоў страх страта» пастаўлены бразільскім балетмайстрам Рыкарда Амарантэ. З ім казахская трупа супрацоўнічае два апошнія гады. Відавочна: пастаноўшчык, які адукацыю атрымаў у Лондане, адной з харэаграфічных сталіц свету, моцна паўплываў на аблічча, імідж і мастацкія далягляды трупы.
Праграмка спектакля пераконвала, што балет натхнёны песнямі і гісторыяй жыцця выдатнай французскай спявачкі Эдыт Піяф. Як на маю думку, мы пабачылі тры дуэты, увасобленыя рознымі выканаўцамі. Прыгожыя лініі, арыгінальныя падтрымкі, стыльны танцавальны малюнак, у якім няма лішніх ці неабавязковых рухаў. Але падалося, што дуэты досыць абстрактныя і да Піяф мелі аддаленае дачыненне. Сітуацыя, калі заяўленае цікавей, чым увасобленае, — досыць распаўсюджаная з’ява ў сучаснай харэаграфіі.
«Спадчына вялікага стэпу», балетнае гала, якое складалася з работ розных харэографаў, пераважна казахскіх, было паказана ў той жа вечар і зрабіла больш моцнае ўражанне. Вабіла назва: яна сведчыла пра каштоўнасць і сучаснае прачытанне даўніх культурных традыцый. «Спадчына...» дала магчымасць пазнаёміцца з танцавальным фальклорам, інтэрпрэтаваным цяперашнімі пастаноўшчыкамі. У дадатак у праграме меўся ярка выяўлены відовішчны пачатак. Цікавымі падаліся ўрыўкі з балетаў «Азарэнне» (пастаноўка Мукарама Авахры) і «Алем» (харэаграфія Мікіты Дзмітрыеўскага). Запомніліся сольныя нумары «Аке Кыз» і асабліва «Куанамын» (салісткі, адпаведна, Дарына Кайрашава і Айнур Султанкажаева). Надзвычайнае ўражанне пакінулі «Скіфскія фрэскі», пастаўленыя згаданым балетмайстрам Авахры на музыку этна-фальклорнага гурта «Chemirani». Гэта той нячасты выпадак, калі ў разгорнутай кампазіцыі ўсё — музыка, экспрэсіўнасць пластыкі, святло, касцюмы, майстэрства выканаўцаў — падначалена магутнаму і глыбіннаму вобразу, які звяртаецца да гістарычнай памяці і выклікае шмат агульнакультурных асацыяцый.
У другой праграме казахскіх гасцей найбольш моцным падаўся балет «Туманы часу». Шмат у чым дзякуючы ідэям і вынаходлівай, разнастайнай пластыцы кітайскага пастаноўшчыка Ісяна Чжана. Ён таксама суаўтар сцэнаграфіі і касцюмаў. Велізарнае люстэрка, дзе адбіваюцца постаці танцораў, стварае моцныя сцэнаграфічныя эфекты і прымушае думаць пра сцэну як адлюстраванне рэчаіснасці. Люстэрка трансфармуе постаці. У структуры і танцавальным малюнку «Туманаў» відавочны ўплыў contemporary art і яго лепшых якасцей — філасафічнасці, імкнення насыціць пластыку сэнсам і эмацыйнай экспрэсіўнасцю.
І апошняя дэталь да партрэту казахскай трупы. Разам з артыстамі ў Мінск з Астаны прыехалі дзве тэлевізійныя групы — адна з казахскага канала, другая з самога тэатра. У антракце яны з радасцю запісвалі меркаванні беларускіх крытыкаў, іх уражанні ад гастролей. Мо і нам бы такі вопыт пераняць? Такім стаўленнем і такімі прыёмамі, як у казахаў, і ствараецца імідж, рэзананс, пагалоска, што папярэднічаюць з’яўленню артыстаў у новай краіне.