Яна Штангей — удзельніца танцавальнага «Еўрабачання», лаўрэатка міжнародных конкурсаў артыстаў балета ў Стамбуле і Харкаве, дыпламантка міжнароднага конкурсу ў Варне, вядучы майстар сцэны Вялікага тэатра Беларусі. Балетаманы, як і прыхільнікі самой Яны, лёгка пазнаюць яе на сцэне, адзначаюць асаблівы стыль і почырк маладой танцоўшчыцы. Артыстка з уласцівай ёй шчырасцю распавяла пра дзіцячыя мары, дарослыя задачы і спосабы заваявання глядацкіх сэрцаў.
Вы родам з Харкава, у Мінск прыехалі ў досыць юным узросце. Як вашыя бацькі паставіліся да такога рашэння?
— Для іх гэта было складана. Калі я прыехала ў Беларусь, то неверагодна сумавала па сям’і. Бацькам было гэтак жа цяжка, бо я — адзінае дзіця, заўсёды жыла з імі, і раптам яны засталіся адны. Першыя паўгода тужліва перажывала расстанне, плакала. Мама перыядычна прыязджала, наведвалі тата, бабуля і дзядуля. Паступова я прызвычаіліся да самастойнага жыцця.
Чаму менавіта Мінск?
— У Харкаве вучылася ў харэаграфічнай школе, куды прыходзяць у чатыры гады. Спачатку займаешся ў падрыхтоўчых класах, а пасля пачынаецца сур’ёзная вучоба. Педагог, якая працавала са мной, параіла паспрабаваць пайсці ў Мінскі харэаграфічны каледж. Было складана, я тройчы прыязджала ў Беларусь. Паступіла на першы курс і трапіла ў скарочаную праграму, калі навучанне складае ўсяго тры гады замест чатырох, наш курс быў другім такім «эксперыментам».
А хто вашыя настаўнікі?
— У каледжы склалася сітуацыя, што педагогі кожны год мяняліся. Першай мяне ўзяла ў свой клас Марына Уладзіміраўна Пятрова, вельмі прафесійная выкладчыца, але па стане здароўя яна не магла шмат рэпетаваць з намі. І таму знайшла для нас педагогаў: для маёй аднакурсніцы — Юлію Дзятко, для мяне — Ганну Фокіну, з якой я рыхтавалася да выступленняў. На трэцім курсе нам выкладала Клара Мікалаеўна Малышава.
Звычайна калі ў тэатр прыходзяць выпускнікі каледжа, то іх таксама хтосьці «апекуе». Хто зрабіўся вашым педагогам у тэатры?
— Людміла Генрыхаўна Бржазоўская пачала працаваць са мной, калі з кардэбалету я перайшла ў склад салістаў і трэба было рыхтаваць партыі ў «Лебядзіным возеры» і «Баядэрцы». І цяпер я працую менавіта з ёй над сваімі ролямі. Людміла Генрыхаўна ведае мае плюсы і мінусы, заўсёды можа падказаць выйгрышны візуальны ракурс, яна — мой галоўны педагог. Увогуле мы працуем з усімі педагогамі-рэпетытарамі. Напрыклад, пастаноўкі Аляксандры Ціхаміравай рыхтуем непасрэдна з ёй. На другі год працы ў тэатры яна ўвяла мяне ў «Шчаўкунка».
Вы не шкадавалі, што абралі такую складаную прафесію?
— Наогул ніколі не шкадую аб прынятых рашэннях. Нават калі нешта атрымалася няўдала. Хай будзе, як ёсць.
Калі б выпаў шанец на пэўны час памяняць род дзейнасці, што б абралі?
— Гэта выдатна — заняцца чымсьці іншым! Чалавек павінен развівацца ў розных напрамках, каб быць цікавым. У дзяцінстве я не марыла зрабіцца прафесійнай балерынай, хутчэй дызайнерам адзення або мастаком.
У любым выпадку гэта аказалася б штосьці творчае?
— Так. Дакладныя навукі не для мяне — баюся памыліцца. А творчасць, дзе можна дадаць нешта сваё, прыдумаць новае, — пасуе.
З чаго пачалася ваша кар’ера ў тэатры?
— На трэцім курсе харэаграфічнага каледжа мяне ўзялі на стажыроўку ў тэатр. У гэты час трупа паехала на гастролі, і ў нас, маладых танцоўшчыкаў, з’явілася магчымасць паўдзельнічаць у спектаклях. Наколькі я памятаю, гэта была «Сільфіда», мы вельмі хваляваліся. Пасля танцавалі чацвёрты акт «Лебядзінага возера».
Вы ўдзельнічалі ў танцавальным «Еўрабачанні». На мой погляд, гэта сапраўдная авантура для класічнай балерыны! Хто падштурхнуў вас на гэта?
— Педагогі ў каледжы вырашылі адправіць мяне на конкурс. Вядома, я пагадзілася, пачала рыхтавацца. Складана было ўявіць, што буду паказваць, бо ўдзельнікі танцавалі пераважна сучасную харэаграфію, якой у нашым каледжы навучалі недастаткова глыбока. Першая думка: я прадстаўляю краіну, у дадатак не сваю Радзіму — таму гэта падвоеная адказнасць. Баялася, а раптам будзе сорамна за сябе? На адборачных этапах удзельнікі павінны былі імправізаваць у межах сучаснай харэаграфіі, і практычна ўсе аказаліся да гэтага гатовыя… акрамя мяне. Балела абсалютна кожная цягліца, цела ў сіняках, калені збітыя. У рэшце рэшт паставілі танец на ўсіх удзельнікаў, для яго спецыяльна напісалі музыку. Дарэчы, маёй бабулі ён вельмі падабаецца. А мне да гэтага часу сорамна, што некаторыя элементы доўга не магла зразумець ці выканаць. Але прыкладала шмат намаганняў, зрабіла ўсё, што ў маіх сілах. Гэта каласальны вопыт! Вядома, не спадзявалася на перамогу, бо канкурсанты сабраліся вельмі моцныя і прафесійныя.
Мяркуючы па аповедзе, вы дастаткова самакрытычная асоба. Заўсёды строгая да сябе і ўласнай працы?
— Так, вельмі. Імкнуся запісваць свае выступленні, каб потым паглядзець і дапоўніць нейкія элементы ці выправіць асобныя памылкі, калі яны ёсць. Бо часам збоку іх не відаць нават педагогу, ён прызвычайваецца да тваіх недахопаў і не вылучае іх. А калі сам паглядзіш на сябе, то заўсёды ўбачыш, над чым трэба папрацаваць. Калі пераглядаю запісы, у галаве пастаянна ўзнікае пытанне: «Госпадзе, што я раблю на сцэне?!» Ніколі не бываю задаволеная сабой.
А чужая крытыка моцна закранае?
— Калі яна апраўданая і чалавек шчыра хоча мне дапамагчы, то, вядома, я выслухаю заўвагі, прыму іх і буду над сабой працаваць. Але калі крытыка скіравана на тое, каб загнаць чалавека ў кут, прымусіць баяцца сцэны, дык тое нікому не патрэбна.
Хто для вас самы строгі суддзя?
— У мяне ёсць педагогі, што заўсёды падкажуць, як правільна танцаваць, яны прафесіяналы сваёй справы. А вось для бацькоў я танцую душой. Хачу, каб яны сказалі: «Якая ты сёння была Нікія!» або «Ты была сапраўдная Кітры!» Хачу, каб яны глядзелі не на мае рухі, а бачылі гісторыю. Ад родных людзей не чакаю крытычных заўваг у адрас тэхнікі, важна, каб яны адчулі, што я хачу выказаць сваім танцам. А калі закрануць жыццёвыя парады і заўвагі, то тут бацькі для мяне галоўны аўтарытэт, заўсёды да іх прыслухоўваюся.
Ёсць тое, чаго не будзеце рабіць на сцэне, партыі, якія не будзеце танцаваць з нейкіх унутраных перакананняў?
— Калі адмоўлюся ад якой-небудзь партыі, то мяне нельга лічыць прафесіяналам. Павінна рабіць усё і хачу станцаваць усё, каб паглядзець, на што здольная. Хачу, каб пастаноўкі былі розныя, каб мяне не пазнавалі ў маіх ролях. У многіх артыстаў ёсць свой стыль у танцы, ёсць уласны почырк, які прасочваецца ў іх працы, і гледачы, часта наведваючы спектаклі, па гэтым почырку пазнаюць выканаўцаў. А мне хочацца, каб, прачытаўшы ў афішы маё прозвішча, дзівіліся: «Гэта Яна? Я яе не пазнаў».
Ці быў у вашай кар’еры спектакль, які змяніў вашы погляды на рэчаіснасць або змяніў унутрана?
— Я іначай паглядзела на сваё жыццё пасля траўмы. Цяпер нават думаю, што мне пашанцавала яе атрымаць, бо я пачала зусім іначай працаваць, рэальна ацэньваю свае сілы. Дзесьці трэба расслабіцца, а дзесьці наадварот — выкласціся напоўніцу. Часам неабходна сябе спыніць, каб пазней з новымі сіламі акунуцца ў працу. Як кажуць, што ні робіцца, усё да лепшага.
У адным вашым інтэрв’ю напаткала цікавую думку: «Балет — вельмі разумнае мастацтва. На сцэне трэба шмат думаць, сачыць за тым, як працуе кожная цягліца, дзе знаходзіцца партнёр, што выдае аркестр». Які спектакль самы складаны фізічна ці маральна?
— «Лебядзінае возера». Гэта такая класіка, дзе ўсё павінна быць ідэальна, «чыста», кожны рух адточаны. А з «чысцінёй» танца, з акадэмічнасцю могуць быць праблемы, трэба сябе пераадолець, усё адпрацаваць. Да «Лебядзінага возера» пачынаю рыхтавацца за месяц. Увогуле мне падабаюцца творы, у якіх трэба сур’ёзна падумаць над сюжэтам, гісторыяй, вобразам. Асабліва калі ты настроішся не проста вывучыць і станцаваць пэўны балет, а знайсці ў ім штосьці цікавае, выявіць гэта, дадаць часцінку сваёй асобы, зрабіць спектакль «сваім».
Хто з вашых гераінь больш за ўсё падобны да Яны Штангей?
— Па стане душы — гэта мая Нікія ў «Баядэрцы», яна глыбокая, меланхалічная. А вось па характары — Маша са «Шчаўкунка», напэўна, таму што не адчуваю сябе ўжо зусім дарослай.
Педагогі-рэпетытары падкрэсліваюць вашу мэтанакіраванасць, бязмежную працаздольнасць, упартасць і любоў да прафесіі. Кажуць, маўляў, да кожнай партыі вы рыхтуецеся як да экзамену, да драбніц прадумваеце вобраз гераіні, гадзінамі адшліфоўваеце кожны ўзмах рукі і паварот галавы. У вас ёсць адчуванне, што вы, можа быць, не зорка, але выдатная артыстка?
— Не, я — дакладна не зорка. «Зорная хвароба» — лічыць сябе вышэй за іншых, а я не лічу сябе вышэй за некага ні ў сваёй прафесіі, ні ў чымсьці яшчэ. Я вельмі самакрытычны чалавек, заўсёды незадаволеная ўласным вынікам і хачу дамагчыся ў балеце нашмат большага, чым тое, што ёсць цяпер. І да гэтага трэба вельмі доўга ісці, магчыма, мне не хопіць усяго жыцця, каб спраўдзіць свае мары ў прафесіі. Калі гляджу на ўзровень балерын у свеце, то разумею: мне ёсць на каго раўняцца, з каго браць прыклад. Не лічу ніжэй за ўласную годнасць вучыцца ў таленавітых танцоўшчыкаў, маладзейшых за мяне, калі яны могуць і ўмеюць больш.
Мы загаварылі пра ўдасканаленні ў прафесіі. Што, на ваш погляд, павінен умець сучасны артыст балета, каб быць запатрабаваным?
— Тут дваістая сітуацыя. Цяпер, вядома, выйграе тэхніка, балерыны паказваюць на сцэне проста фантастычныя рэчы: дзесяць піруэтаў, неверагодныя фуэтэ. Калі артыстаў запрашаюць на гала-канцэрты, яны заўсёды імкнуцца падрыхтаваць спецыяльны нумар, вельмі тэхнічны і эфектны. Але ў спектаклі глядач хоча бачыць не толькі тэхніку, але і эмоцыі, апавяданне, агульную гісторыю.
Вы адчуваеце гэтую знакамітую «аддачу», калі выходзіце на паклон?
— Ведаеце, калі станцаваў, напрыклад, тое ж «Лебядзінае возера», пасля якога ты — выціснуты лімон, потым выбягаеш на паклон і зала выбухае апладысментамі… Так прыемна! Кажу, а ў мяне мурашы па скуры. І гэта не проста словы, якія прамаўляюць усе артысты, — гэта праўда. Прыходзіш дадому са страшэнным болем у нагах, але ты — неверагодна шчаслівая. Або калі, напрыклад, выконваеш вядучую партыю, а потым у фінале стаіш у цэнтры і ўся зала апладзіруе менавіта табе, я часам задумваюся: «Госпадзе, няўжо гэта я вяду спектакль?» На мяне глядзяць людзі, кожную маю памылку яны запомняць, я павінна ўсё зрабіць ідэальна. Сцэна — гэта вялікая адказнасць, у першую чаргу перад гледачом.
Многія артысты сцвярджаюць, што сцэна падтрымлівае, надае сілы. Вы адчуваеце штосьці падобнае?
— Не зусім правільна думаць: «На рэпетыцыях не атрымліваецца, а вось на сцэне ў мяне атрымаецца!» Гэта не апраўдана. Адзін працэнт са ста, што на сцэне ў цябе сапраўды атрымаецца. Сцэна заўсёды дадае хвалявання, якога ў рэпетыцыйнай зале няма, ад гэтага хвалявання захоплівае дух, трымцяць рукі. Але яно не перашкаджае добра адпрацаваць нумар, калі ты ўпэўнены ў сваёй тэхніцы, калі ўсё адрэпетавана. На сцэну трэба выходзіць падрыхтаваным — фізічна і тэхнічна. Тады ўсё атрымаецца. Многія артысты кажуць, што сцэна ім дапамагае, а камусьці наадварот — святло, касцюмы, дэкарацыі, гледачы замінаюць.
Вы кажаце, што ў балеце вельмі важна паказаць гісторыю. Як вы рыхтуеце свае гісторыі, дзе шукаеце інфармацыю і натхненне? Мо чытаеце літаратуру, звяртаецеся да кінематографа?
— Абавязкова чытаю кнігі, звязаныя з сюжэтам спектакля, гляджу фільмы, відэазапісы ранейшых пастановак. Мне падабаецца сваімі рукамі рабіць для касцюма галаўныя ўборы, завушніцы, іншыя аксесуары, якія дадуць менавіта мой вобраз. Калі рыхтавалася да «Баядэркі», хадзіла і шукала індыйскія ўпрыгожванні, прыдумляла прычоску, грым, каб усё мне дапамагала знайсці сваю Нікію. І так з кожнай гераіняй: імкнуся ў кожным спектаклі ствараць уласны вобраз. Успрымаю гэта як этапы падрыхтоўкі, без якіх немагчымы выхад на сцэну.
Вы згадалі пра аксесуары ручной работы — гэта ваша хобі?
— Так, вельмі люблю рабіць кароны, дыядэмы з бісеру і камянёў. Гэта мяне супакойвае, напэўна, вяртае да таго, што марыла стаць дызайнерам. Тэатр пакідае вельмі мала вольнага часу на хобі, часам сыходзіш з дому раніцай, а вяртаешся позна ўвечары, і хочацца толькі аднаго — адпачыць. Шмат чытаю, люблю глядзець фільмы, хачу падцягнуць англійскую мову, таму гляджу фільмы ў арыгінальным агучванні.
Ёсць катэгорыя людзей, якія любяць складаць доўгатэрміновыя планы. А як вы ўяўляеце сваю будучыню?
— У мяне багата планаў у галаве. Нават не ведаю, што тут галоўнае. Шмат думаю пра жыццё, далёка заходжу ў сваіх разважаннях: а раптам будзе так? ці вось так? Гэта датычыць і банальных пабытовых пытанняў, і глабальных планаў пра кар’еру і сям’ю. У якім узросце стаць мамай, каб разумець сваё дзіця і быць яму блізкім сябрам, як купіць дом і ўсё ў ім уладкаваць? Бо вельмі важна мець уласнае гняздо. На першы погляд гэта здаецца банальным, але з такіх рэчаў і складаецца паўсядзённае жыццё.
Ці ёсць у вас куміры ў прафесіі, на каго арыентуецеся, за кім назіраеце?
— Так, ёсць. Гэта французская балерына Аўрэлія Дзюпон. Як яна выступае! Кожны жэст… усё прадумана. Люблю артыстаў, якія танцуюць з душой, разумеюць, пра што іх танец.
А ці адчуваеце вы канкурэнцыю або саперніцтва ў прафесіі?
— Не. Ніякага саперніцтва не адчуваю. Магчыма таму, што не спрабую быць лепш за кагосьці. Хачу быць лепш за сябе ўчарашнюю.
Алена ЕРМАКОВІЧ