«Хэштэг Ансамбль» па законе сінэргіі складаюць невялікія камерныя калектывы, якія ў розных складах (прынцып «матрошкі») рэалізуюць музычныя праекты. У іх рэпертуары творы класікаў ХХ стагоддзя — Пітэра Максвела Дэвіса, Джорджа Крамба, Жэрара Грызэ, Стыва Рэйха, ансамбль папулярызуе творчасць польскіх кампазітараў, у тым ліку маладога пакалення — Дарыюша Пшыбыльскага, Ігнацыя Залеўскага, Войцеха Блажэйчыка. Нагадаем лічбы, што адлюстроўваюць інтэнсіўнасць жыцця гэтага калектыву і сапраўды ўражваюць: 72 сусветныя прэм’еры, 103 конкурсныя ўзнагароды як выканаўцам класічнай музыкі, выступленні на 78 польскіх і міжнародных фестывалях. Ансамбль робіць запісы для польскага радыё, актыўна супрацоўнічае з варшаўскімі тэатральнымі пляцоўкамі, прымаў удзел у гала-канцэрце з нагоды перадачы Польшчы старшынства ў Вышаградскай групе. Падкрэслім: пабачыць «Хэштэг Ансамбль» у Мінску атрымалася дзякуючы падтрымцы Польскага інстытута ў Мінску і яго дырэктара Матэвуша Адамскага.
Але перш за ўсё «Хэштэг Ансамбль» — гэта арыгінальная сэнсавая канцэпцыя, постмадэрнісцкія эксперыментальныя пошукі змешвання стыляў і музычных сродкаў да межаў пасцішу (ад італ. pasticcio — сумесь, стылізацыя). Імправізацыя, у якой аб’ядноўваюцца акадэмічныя традыцыі выканання з рознакаляровымі ўплывамі папулярнай і электроннай музыкі (у складзе ансамбля электронны акардэон, электрагітара). У імкненні да дыялогу музыканты звяртаюцца да нацыянальных традыцый, фальклорных першакрыніц, шукаюць уласныя гукі, уцякаючы ад стандартаў. Атрымліваецца незвычайна, таленавіта і па-мастацку пераканаўча — жывое гучанне паэтызаванай прасторы!
Праект, прадстаўлены беларускім слухачам, быў прысвечаны 25-годдзю аб’яднання краін Чэхіі, Славакіі, Венгрыі і Польшчы ў Вышаградскую групу і сёлетняму старшынству ў ёй сваёй краіны (адзначым прысутнасць у мінскай філармоніі прадстаўнікоў дыпламатычнага корпуса ўсіх чатырох краін). Ён ужо атрымаў міжнароднае прызнанне на канцэртных пляцоўках. Вынікі творчых пошукаў падсумаваны ў CD-альбоме «Вышаградскія песні». Анатацыя да яго належыць аўтарытэтнаму польскаму кампазітару Ежы Карновічу (нагадаю, ён — дырэктар Міжнароднага фестывалю сучаснай музыкі «Варшаўская восень», шматгадовы старшыня Саюза польскіх кампазітараў.
Адзіны калектыў, што іграе па высокапрафесійных музычных правілах, складаюць Анна Карповіч (флейта), Марта Гжывач (вакал), Павел Янас (электронны акардэон), Кшыштаф Казлоўскі (фартэпіяна), Войцех Блажэйчык (электрагітара). «Вышаградскія песні» — чатыры блокі імправізацый на музычныя тэмы кампазітараў краін-удзельніц: Бэла Бартак і Венгрыя, Ян Леваслаў Бела і музычная культура Славакіі, Мечыслаў Карловіч і нацыянальныя каларыты Польшчы, Антанін Дворжак і Чэхія.
І гэтых творцаў, і музыкантаў-выканаўцаў яднаюць пошукі ў галіне нацыянальнай народнай культуры і яе сувязяў з прафесійным мастацтвам. Да свайго паэтызаванага аповеду-роздуму «Хэштэг Ансамбль» абірае сапраўдныя музычныя ідыёмы-сімвалы: тэмы з «Канцэрта для аркестра» і цыкла «Шэсць танцаў» Бартака, цыкла «In Folk Style» Дворжака, славацкую народную песню «Leti, leti roj» паводле апрацоўкі Белы, раннія песні Мечыслава Карловіча («Засмучанай», «Пагавары са мной яшчэ», «Іржавае лісце»), а таксама радкі меланхалічнай, сімвалісцкай паэзіі Казімежа Пшэрвы-Тэтмаера, аднаго з прадстаўнікоў руху «Маладая Польшча» пачатку ХХ стагоддзя.
У сваіх імправізацыях музыканты ансамбля ўражваюць драматызмам і экспрэсіяй без «зашоранасці» думкі, шалёнай па якасці тэхнікай выканання, бездакорным густам у адносінах да кампазіцыі і драматургіі, свабодай у адчуванні санарыстычна-гукавай прасторы.
На адным дыханні музычнае пасланне-хэштэг далятае да кожнага, хто неабыякавы да нацыянальнай самаідэнтыфікацыі, уласнай самабытнасці ў эпоху татальнай інтэграцыі. Нездарма пасля канцэрта ад нашых кампазітараў і музыказнаўцаў пачула: «Нам да такога ўзроўню так далёка!..» А чаму?