Сустрэцца з Ксеніяй напярэдадні заключнага гала аказалася нялёгка. «Яшчэ не прыляцела, — праінфармавалі супрацоўніцы тэатра. — Самі чакаем. Самалёт затрымліваецца». Праз гадзінку: «Прыляцела. Але багаж згубіўся, а ў ім пуанты для выступлення. Шукаем цяпер па горадзе. Ёй будзе не да інтэрв’ю!» Яшчэ праз паўгадзіны: «На ўсялякі выпадак чакайце за кулісамі. Яна ўдзельнічае ў рэпетыцыі гала-канцэрта».
У рэшце рэшт мы знайшліся. Пакуль свае нумары рэпетавалі іншыя ўдзельнікі, я гутарыла з англійскай беларускай за кулісамі, сярод дэкарацый, у адной з аб’ёмных «кішэняў» сцэны, пад музыку варыяцый і галасы харэографаў, узмоцненыя мікрафонам. Ксенія прамаўляе з акцэнтам, шукае патрэбныя словы. Бо думае па-англійску.
— Нават не памятаю, калі апошні раз па-руску размаўляла. Для ўдзелу ў фестывалі «Балетнае лета ў Вялікім» мяне запрасіла харэографка Вольга Костэль. Я вельмі рада магчымасці прыехаць у Мінск і адчуць сябе балерынай менавіта на гэтай сцэне. Тут танцавала, толькі калі была маленькай дзяўчынкай. І марыла выканаць кожную ролю ў кожным спектаклі.
Вы казалі, што ў дзяцінстве бацькі часта вадзілі вас на балетныя і оперныя спектаклі. Яны звязаныя з мастацтвам?
— Прафесійна — не. Бацька — эканаміст, а мама — псіхолаг…
Класны псіхолаг і класны эканаміст! Калі меркаваць па вашых творчых дасягненнях...
— Так. Яны вельмі любілі мастацтва, часта выпраўляліся ў тэатр...
Хто з’яўляўся вашым педагогам у харэаграфічным каледжы?
— У Наталлі Мікалаевай займалася ўсяго год. Наступная выкладчыца Наталля Сокал моцна на мяне паўплывала, дала шмат шансаў выйсці на сцэну. Потым яна з’ехала працаваць у Штаты. А з трэцяга года з нашым класам працавала Інэса Душкевіч.
Хачу распытаць пра ваш шлях у Лондан. Так разумею, менавіта з Душкевіч вы рыхтаваліся да міжнароднага конкурсу ў Швейцарыі. Што паспелі станцаваць у Лазане?
— Не паспела нічога! Пасля 1-га туру мяне фактычна адсеялі. Ён быў проста ўрокам у класе. Праўда, на яго прыйшлі кіраўнікі школ танца з розных краін.. У выніку мяне запрасілі вучыцца адразу ў Пецярбург, Лондан і Нідэрланды.
Як вы ўспрынялі магчымасць вучыцца ў Англіі?
— Дамінавала радасць, бо я заўсёды марыла танцаваць у Лондане. У свой час бачыла відэа балетаў Кенета Макмілана і адчувала, што гэта харэаграфія мне блізкая.
Вашыя родныя сёстры таксама выправіліся набываць адукацыю за мяжу і шукаць там уласнае шчасце. Як склаўся іх лёс?
— Сапраўды, нас тры сястры, я — малодшая. Старэйшая стала артысткай драматычнага тэатра. Яе цяперашняе імя Алёна Іф, яна жыве ў Ізраілі. Вераніка, сярэдняя, працуе эканамістам.
Колькі часу спатрэбілася вам для моўнай свабоды?
— Калі з’язджала, ведала граматыку, чытала. У Англіі зразумела, што размаўляць зусім не магу. У лонданскай балетнай школе рускамоўных наогул не было, вакол толькі замежнікі. Таму праз некалькі месяцаў паступова пачала размаўляць.
З тадышняй харэаграфічнай падрыхтоўкай як сябе адчувалі?
— Калі прыехала ў Лондан, дык па ўзроўні апынулася вышэй за іншых. Усё-такі ў Мінску прафесійнае навучанне балету пачынаецца раней, чым у Лондане. Але методыкі тут іншыя. Студэнтам даюць больш незалежнасці, у тым сэнсе, што разлічваюць на самастойную працу, а не толькі з педагогам.
Чым яшчэ адметнае навучанне балету ў Лондане?
— У беларускім каледжы штогод набіраюць па дзве групы. У англійскай школе яна адна. У школе аказалася інтэрнацыянальная каманда вучняў. Балетныя педагогі Лондана, вядома, збіраюць «вяршкі» па ўсім свеце, асабліва на міжнародных конкурсах. Але і ў самой школе штогод ладзяцца прагляды. Для тых, хто хоча тут у перспектыве вучыцца.
Сталіца Брытаніі — вельмі дарагі горад...
— Маё навучанне было бясплатным. Як пражыванне і харчаванне.
Ці ёсць у вас цяпер патрэба ездзіць на міжнародныя конкурсы і ў якой ступені гэта для вас актуальна?
— Шчыра кажучы, ніколі не любіла конкурсы. Заўсёды цікавей на сцэне эмацыйна развіваць ролю, чым спаборнічаць.
У чым прынцыповая розніца паміж трупай Англійскага нацыянальнага балета, дзе вы выступаеце, і трупай «Ковент-Гардэн»?
— Кампанія, у якой працую, была створана для таго, каб актыўна гастраляваць, паказваць спектаклі не толькі ў сталіцы. Таму выпраўляемся ў творчыя вандроўкі значна часцей. Каралеўскі балет — у большай ступені стацыянарная трупа. Абодва калектывы імкнуцца мець адметны рэпертуар, каб не паўтарацца. У нашай трупе класіка і сучасныя пастаноўкі збалансаваныя. Перавага не аддаецца аднаму кірунку. Трупа складаецца з 65 выканаўцаў. У якасці вядучых салістаў у кампаніі працавала некалькі артыстаў з Тбілісі, Пецярбургу, але цяпер яны перайшлі ў іншыя калектывы. У Лондане я танцую ўжо восем гадоў.
Ці адрозніваецца рэпетыцыйны працэс у Беларусі і Брытаніі?
— Мы дастаткова доўга рэпетуем пэўны спектакль, потым працяглы час паказваем яго. Таму перыяд падрыхтоўкі больш інтэнсіўны — і для салістаў, і для кардэбалету.
Колькі пастановак на тыдзень ці месяц даводзіцца танцаваць? Ці існуе пэўная норма?
— Нашай кампаніі ўласцівая вялікая колькасць паказаў. Здараецца і восем за тыдзень.
Значыць, часам два на дзень. Але вы толькі ў адным з іх занятая?
— Не, у абодвух. Але калі ў адным паказе вядучая партыя, дык у другім можа быць менш складаная роля.
Ваша кампанія мае асобны будынак і ўласную сцэну?
— Сцэна не свая. Мы дзелім яе з трупамі, якія прыязджаюць у Лондан на гастролі. Будынак, дзе ідуць рэпетыцыі, існуе асобна.
Колькі часу для адпачынку мае салістка англійскага балета?
— Звычайна шэсць тыдняў. Чатыры летам і два ўзімку. У нас вельмі інтэнсіўны і напружаны перыяд перад Раством. Быў тыдзень, на які прыйшлося 12 спектакляў.
У Інтэрнэце бачыла вельмі цікавыя кадры са спектакля «Зламаныя крылы». На іх Тамара Роха, балерына і мастацкая кіраўніца трупы, — у партыі мексіканскай мастачкі Фрыды Кало. А Ірэк Мухамедаў, колішні саліст Вялікага тэатра Расіі, а цяпер характарны саліст вашай трупы і педагог-рэпетытар, — у партыі знакамітага Дыега Рыверы. Здзівілася, якімі нечаканымі могуць быць тэмы і сюжэты сучасных харэаграфічных пастановак!
— Так. Напрыклад, мінулы сезон у тэатры быў вельмі насычаны. З’явіліся тры новыя аднаактовыя спектаклі пад агульнай назвай «Яна сказала», пастаўленыя жанчынамі-харэографкамі. Сярод іх і балет «M-Dao» («Медэя»), дзе я выконвала галоўную партыю. Музыка сучасная, напісаная для пастаноўкі Джаселін Пук…
Нагадаю: ёй належыць музыка да фільма Стэнлі Кубрыка «З шырока заплюшчанымі вачыма». Адна з кампазіцый Джаселін выкарыстана ў стужцы Марціна Скарсэзэ «Банды Нью-Ёрка». А ў «Ковент-Гардэн» нядаўна была пастаўлена яе аднаактовая 30-хвілінная опера пад назвай «Ingerland», прысвечаная англійскай нацыянальнай страсці — футболу і дзяўчынам футбалістаў.
— У музыцы балета з’яднаныя заходнія і традыцыйныя кітайскія інструменты. Мая партыя, зразумела, насычана яркімі эмоцыямі. Ставіла спектакль кітайская балетмайстарка Ябінь Ван, якая імкнулася з’яднаць кітайскі класічны танец і традыцыйную класічную харэаграфію. У маёй партыі хапала рухаў, што да класікі не належаць, але іх трэба выконваць вельмі дакладна.
Як харэографка тлумачыла вобраз Медэі?
— Яна вельмі дакладна падбірала словы. І сама паказвала, бо Ябінь Ван — балерына, выступала ў кітайскіх спектаклях.
Ксенія, хацела распытаць вас і пра ролю Жар-птушкі з аднайменнага балета. Менавіта за гэтую партыю вас намінавалі на прыз «Бенуа дэ ля данс». Фрагменты са спектакля, пабачаныя на «YouTube», уражваюць. У пастаноўцы Фокіна гераіня — персанаж казкі. Апранутая ў чырвонае, яна ўвасабляе стыхію агню. У англійскім спектаклі — фантастычная істота, у візуальным абліччы якой дамінуе прыглушаны залацісты колер. Сусветная прэм’ера балета адбылася ў 2012-м у лонданскім тэатры «Калізеум».
— Спектакль пастаўлены на музыку Ігара Стравінскага. Мая гераіня сапраўды называецца Жар-птушкай, але Джордж Уільямсан — дарэчы, зусім малады харэограф, выпускнік Школы англійскага нацыянальнага балета — падышоў да сюжэта іначай і многае змяніў. У ягонай трактоўцы гераіня ўвасабляе прыгажосць і сілы прыроды. Яна хутчэй птушка Фенікс. У цэнтры пастаноўкі характары розных людзей, якія імкнуліся ўзяць усё, што толькі можна, ад гэтага цуду. У рэшце рэшт яна ўсіх вакол ператварыла ў попел. Але потым з попелу пачынае адраджацца жыццё...
Гутарыла Таццяна Мушынская.