Аднак трэба заўважыць, што мудрыя выказванні жыццёвых прынцыпаў уладароў, а таксама дзеячаў усходняй культуры таксама можна разглядаць як дэвізы, жыццёвае крэда: “Усё мітусня марнасці і лоўля ветру” (Саламон-Эклезіяст), “Спазнаю ўсё з дапамогай адной ісціны” (Канфуцый).
Змены дэвізаў адбываліся ў сувязі з лёсавызначальнымі падзеямі ў жыцці асоб, пераломнымі момантамі ў гісторыі краіны. Напрыклад, Людовік XI меў шматсэнсоўны дэвіз “Хто яго кране, той можа ўкалоцца”, які быў подпісам пад выявай дзядоўніка, але пасля таго, як здолеў устанавіць у Францыі абсалютную манархію, змяніў дэвіз на больш грунтоўны: “Хто не ўмее таіцца, не ўмее правіць”. Карл VIII (1470 — 1498), чыім дэвізам было выслоў’е “Падвышэнне славы”, пры ўваходзе на чале войска ў Рым загадаў напісаць на сваіх сцягах “Воля Бога — Пасланец Бога”.
Такім чынам, дэвізы лідараў нацыі нярэдка станавіліся дэвізамі дзяржавы. І, напрыклад, сённяшні афіцыйны дэвіз Вялікабрытаніі “Бог і маё права” ёсць дэвіз англійскіх манархаў. Ды і цяпер, напрыклад, Рэспубліка Казахстан хоць афіцыйнага дэвізу не мае, але краіна карыстаецца выслоўем, што ўжывае Прэзідэнт Нурсултан Назарбаеў — “Толькі наперад!”
Рэвалюцыйныя падзеі, змены палітычнага курсу заўсёды адбываліся пад новымі лозунгамі і прыводзілі да змен нацыянальных дэвізаў. Гэтыя дэвізы станавіліся лёсавызначальнымі для ўсёй палітыкі дзяржавы, у тым ліку — культурнай. Вядомае выслоўе (аўтарства па розных версіях належыць ці маскоўскаму мітрапаліту Зосіму, ці манаху Філафею) “Масква ёсць трэці Рым, а чацвёртаму — не быць” стала асновай палітыкі Расійскай імперыі больш як на чатыры стагоддзі. Пазнейшыя — “За веру, цара і Айчыну” (цяпер гэта дэвіз Ліхтэнштэйна) і “З намі Бог!” — афіцыйнымі дэвізамі Расіі так і не сталі. Дэвізы-заклікі “Уся ўлада Саветам!”, “Няхай жыве сусветная рэвалюцыя!” відавочна былі тактычнымі, а не стратэгічнымі.
У выніку, дэвізам СССР стала цытата з “Маніфесту камуністычнай партыі!” К.Маркса — Ф.Энгельса “Пролетарии всех стран, соединяйтесь!”, якая, мяркую, была сугучнай па сэнсе з колішнім імперскім дэвізам. Цікава адзначыць, што пераклад на беларускую мову гэтага дэвізу, у сувязі са шматлікімі рэформамі беларускага правапісу, меў за перыяд з 1923 па 1956 год ажно шэсць (!) варыянтаў напісання: “Пралетары ўсіх краін, злучайцеся!”, “Пролетарыі ўсіх краёў, злучайцеся!”, “Пралятары ўсіх краін, злучайцеся!”, “Пролетарыі ўсіх краін, злучайцеся!” “Пролетарыі ўсіх краін, еднайцеся!”, ”Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!”...
Пра генэзіс дэвізаў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, а таксама пра іншыя цікавыя дэвізы краін свету, чытайце ў наступных нумарах газеты.