Мінула пяць гадоў, як у Мірскім замку здымаўся фільм Аляксандра Яфрэмава “Снайпер. Зброя помсты”. Сумесны праект Белтэлерадыёкампаніі, кінастудыі “Беларусьфільм” і кампаніі “Арт Сінема Груп” у 2009 годзе стаў адным з самых тытулаваных на XVI ММКФ “Лістапад” у Мінску. Ён быў узнагароджаны спецыяльным прызам Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі і, акрамя таго, атрымаў “бронзу” “Лістапада”. Спецыяльным прызам Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы “Разам” быў узнагароджаны вядомы расійскі акцёр Дзмітрый Пяўцоў за выкананне галоўнай ролі ў фільме. Рэстаўрацыя ў Мірскім замку на час правядзення здымкаў падыходзіла да завяршэння. На кадрах можна разгледзець у дэталях неаздобленыя пакоі палаца, дзе па сюжэце фільма размяшчалася сакрэтная лабараторыя.
А першай кінастужкай, на кадрах якой быў захаваны Мірскі замак, з’яўляецца фільм “Пан Тадэвуш”, зняты ў 1928 годзе рэжысёрам Рычардам Ардынскім. У ім сабраны найбольш яркія моманты, апісаныя ў паэме Адама Міцкевіча. Асноўная частка карціны здымалася ў Навагрудскім раёне. Трапіў у кадр і Мірскі замак. У той час ён належыў Міхаілу Святаполк-Мірскаму, які спрабаваў пасля векавога запусцення аднавіць руіны. Але аднаўленчыя работы праходзілі павольна, і за шаснаццаць гадоў аднавілі толькі ўсходнюю частку палаца.
У 1964 годзе была знята ваенная драма “Цераз могілкі” рэжысёра кінастудыі “Беларусьфільм” Віктара Турава. Па рашэнні UNESCO яна ўвайшла ў Спіс ста лепшых фільмаў пра вайну. Адзін з эпізодаў кінастужкі быў адзняты каля царквы-пахавальні князёў Святаполк-Мірскіх. Кадры з адлюстраваннем замка ў возеры даюць магчымасць уявіць яго стан у пасляваенны час.
Напаўразбураныя сцены Мірскага замка сталі выдатнымі дэкарацыямі і для ваеннай драмы “Усходні калідор”. Зняты ў 1966 г. маладым беларускім рэжысёрам Валянцінам Вінаградавым, фільм раскрывае тэму падполля і знішчэння яўрэяў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Гэта была адзіная, створаная на той час на “Беларусьфільме”, кінастужка, што спрабавала закрануць тэму Халакоста. Пранізлівыя кадры яшчэ больш шчымілі сэрца, бо здымкі праходзілі ў замку, дзе ў гады вайны размяшчалася сапраўднае гета... У 2008-м на ХХХ Маскоўскім міжнародным кінафестывалі карціну ўключылі ў праграму “Савецкі авангард”.
У 1970-я гады Мірскі замак і яго наваколле былі задзейнічаны ў такіх мастацкіх фільмах, як музычная камедыя “Гора баяцца — шчасця не бачыць” (1973 г., “Беларусьфільм”, рэжысёр — В.Тураў), камедыя “Тры вясёлыя змены” (1977 г., “Беларусьфільм”, рэжысёры: Д.Міхлееў, В.Пазнякоў, Ю.Аксанчанка), ваенная драма “Пані Марыя” (1979 г., “Ленфильм”, рэжысёр — Н.Трошчанка).
У 1994-м у Мір ізноў прыехаў кінарэжысёр Віктар Тураў. Гэтым разам здымалася фантастычная драма “Шляхціч Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”. У аснову сюжэта мастацкай стужкі была пакладзена кніга Яна Баршчэўскага. Фонам для некаторых неверагодных аповедаў выпадковых гасцей Шляхціча Завальні сталі сцены Мірскага замка. У прыватнасці, у Паўднёва-заходняй вежы замка, дзе працаваў музей, праходзіла экранізацыя трэцяй часткі кнігі.
Тым, хто цікавіцца гісторыяй Беларусі, варта паглядзець адзін з першых айчынных тэлесерыялаў — “Пракляты ўтульны дом”, зняты рэжысёрам Уладзімірам Арловым у 1998-м па матывах рамана Стэфана Жэромскага “Верная рака”. Дзеянне фільма адбываецца на тагачасных беларускіх землях пад час паўстання 1863 года. У Міры знялі эпізод каля замка — сустрэчу галоўнай гераіні Саламеі з доктарам. На кадрах бачны руіны парахавой вежы.
З 2006-га пачалася актыўная рэстаўрацыя Мірскага замка, пра што сведчаць і кадры кінафільмаў. У серыяле “Ярмолавы” расійскіх рэжысёраў Уладзіміра Краснапольскага, Валерыя Ускова, Сяргея Вінаградава цікавасць выклікае старадаўняя легенда пра каштоўнасці Радзівілаў. Фільм быў зняты ў 2008 годзе кампаніяй “Фаварыт-фільм”. Здымкі першай серыі праходзілі ў Мірскім замку ў верасні 2007-га.
Сцены Мірскага замка часта служылі гістарычнай пляцоўкай і фонам для здымак мастацкага кіно. Дзякуючы гэтаму мы можам убачыць на кадрах старыя, напаўразбураныя сцены, якія выклікаюць здзіўленне: наколькі зараз замак змяніў сваё аблічча! Але тыя змены не сапсавалі яго гістарычную прыгажосць. Несумненна і тое, што незвычайны па сваёй архітэктуры Мірскі замак і надалей будзе выклікаць цікавасць кінематаграфістаў розных краін.
Наталля КАВАЛЕВІЧ, навуковы супрацоўнік музея “Замкавы комплекс “Мір”