Доўгі час выяўлены мастаком персанаж лічыўся ананімным “мужчынам з кнігай”, што было зусім не характэрна для Ваньковіча, які звычайна пісаў партрэты канкрэтных і пазнавальных асоб. Даследаванні вядомага расійскага мастацтвазнаўцы і філолага Вадзіма Старка дазволілі персаніфікаваць гэтую постаць. Мяркуецца, што партрэт быў створаны ў Санкт-Пецярбургу, дзе на нейкі час перакрыжаваліся шляхі будучых класікаў. Тамаш Зан асеў у тагачаснай сталіцы па вяртанні з ссылкі, а Валенцій Ваньковіч прыехаў туды, каб прадоўжыць навучанне жывапісу.
Увядзенне гэтага партрэта ў навуковы ўжытак папоўніць зусім невялікую пакуль іканаграфію, датычную постаці нашага таленавітага земляка, які праявіў сябе ў самых розных галінах дзейнасці — ад паэзіі да мінералогіі. Раней шырокае кола даследчыкаў пра гэтую выяву не ведала. Апошняе не дзіўна, калі ўлічыць, што карціна была набыта ў прыватнага расійскага калекцыянера.
Паколькі аўтарства твора адзін час прыпісвалася іншаму мастаку — Аляксандру Варнеку, экспертыза праводзілася асабліва дбайна. Аднак аўтарытэтныя спецыялісты Дзяржаўнага Рускага музея запэўнілі: сумневаў узнікаць не можа, гэта — Ваньковіч!
— Партрэт Томаша Зана — адзін са знакавых твораў выбітнага майстра жывапісу, і таму вельмі важна, што менавіта гэтая карціна вярнулася ў нашу краіну, — распавёў кансультант “Белгазпрамбанка” Уладзімір Шчасны. — Мы зрабілі чарговы крок у рамках рэалізацыі праекта “Арт-Беларусь”, мэта якога — паказаць працэс развіцця айчыннай культуры ў яго паўнаце і непарыўнасці, запоўніць тыя “белыя плямы”, якіх у нас пакуль яшчэ ўдосталь…
Упершыню ўбачыць твор Ваньковіча на ўласныя вочы гледачы здолеюць на выстаўцы “Дзесяць стагоддзяў беларускага мастацтва”, што адкрыецца ў сакавіку наступнага года ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. Па словах Уладзіміра Шчаснага, адна з мэт праекта — гэта менавіта своеасаблівая рэвізія нашых матэрыяльных культурных набыткаў і больш грунтоўнае вызначэнне тых самых “белых плям”, якія ў будучыні яшчэ належыць запоўніць.