Адна сімвалізуе адраджэнне слуцкага пояса, другая (яна стаіць ля ўвахода на фабрыку) прадстаўляе майстра Слуцкай мануфактуры, які дэманструе грамадзе толькі што вытканы пояс.
√
Памятаю, колькі было
спрэчак сярод скульптараў,
архітэктараў і экспертаў
адносна канцэпцыі
манументальнай аздобы
прасторы паміж фабрыкай і ракой.
Мяркуючы па тым, што жыхары і госці горада з задавальненнем фатаграфуюцца каля скульптур, прафесійная дыскусія была плённай: у выніку яе для рэалізацыі былі вылучаны скульптурныя выявы, якія адпавядаюць і асяроддзю, і менталітэту тых, для каго гэта ўсё рабілася. Нагадаю, случчанам і гасцям скульптуры прыйшліся даспадобы.
Ды і сам будынак фабрыкі, які зыходна ўяўляў з сябе звычайную, стандартную прамысловую пабудову, сёння стаў упрыгожаннем горада. Здалёк відаць выяву слуцкага пояса, змешчаную на фасадзе фабрыкі.
Падводзячы рысу, канстатую: Дзяржаўная праграма адраджэння слуцкага пояса ў якасці нацыянальнага брэнда пазітыўна адбіваецца на абліччы Слуцка і спрыяе ўмацаванню ў случчан пачуцця гонару за свой горад.
А што мае ад рэалізацыі Праграмы краіна ўвогуле, мы папрасілі расказаць Барыса ЛАЗУКУ, загадчыка аддзела старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Менавіта пад ягоным старшынством пад час свята ў Слуцку праходзіла навукова-практычная канферэнцыя.
— Пакуль пра вынікі рэалізацыі праграмы казаць зарана, — зазначае Барыс Андрэевіч. — Прытым што фактычна ўжо створаны Музей слуцкіх паясоў, які мае стаць культурным асяродкам Слуцка, Слуцкага рэгіёна, Міншчыны, Беларусі ўвогуле. Выкананы пэўныя мастацкія работы, пастаўлены ткацкі станок, які ў хуткім часе запрацуе. Плён — відавочны, але я хацеў бы перавесці размову ў іншую плоскасць.
У Слуцку ў рамках свята праходзіла навуковая канферэнцыя. Мы яе зрабілі рэспубліканскай, хоць свята — абласное. І паказала гэтая канферэнцыя тое, што ў свядомасці вельмі многіх людзей адбываецца неймаверная блытаніна паміж тым, што мы называем традыцыйным беларускім народным поясам, і — слуцкім, той з’явай, якая, як мы ведаем, узнікла, сфарміравалася ў другой палове XVIII стагоддзя. Тэхніка ткацтва, тэхналогія — усё гэта несусветная блытаніна. Людзі з поўным перакананнем сцвярджаюць, што мы зараз робім слуцкія паясы і гэтак далей.
Адчуваецца неабходнасць у пэўнай асветніцкай рабоце, каб людзі зразумелі простыя рэчы: народны пояс і слуцкі пояс — гэта розныя паясы. І ўвогуле, трэба адрозніваць міфы ад рэчаіснасці.
Вось, напрыклад, звяртаецца да мяне журналістка і на поўным сур’ёзе пытаецца: скажыце, калі ласка, ці праўда, што золата ў слуцкіх поясах было столькі, што вага апошніх дасягала 700 — 800 грамаў? На што я пытаюся: шаноўная мая, уяві сабе, ты магла б апрануць, павязаць пояс, які важыць больш як паўкілаграма? Кажа: не! Дык навошта пра такое нават пытацца?..
Гэта адна акалічнасць. Другая — я пакуль не бачу канкрэтных работ, якімі павінна насычацца Праграма. Маю на ўвазе адсутнасць мастацкіх твораў, у якіх слуцкі пояс атрымаў бы годнае ўвасабленне. Няма і сувенірнай прадукцыі па матывах паясоў, якая магла б колькасна ды якасна задаволіць патрэбы рынку. Той сувенірны посуд, нібыта па матывах слуцкіх паясоў, што быў на выстаўцы ў Слуцкай карціннай галерэі, па стылі і пластыцы — фактычна расійская гжэль… Я разумею, спрацоўваюць стэрэатыпы. Але ж Праграма якраз і мае на мэце разбурыць падобныя стэрэатыпы ды адрадзіць сваё — кроўнае, беларускае.
Многія не разумеюць, што паясоў, якія ўяўляюць з сябе копіі тых славутых, краіне спатрэбяцца дзясяткі, сотні, можа, якая тысяча. Жыццё пакажа, колькі іх насамрэч патрэбна для прэзентацыйных мэт. Але ж гэта не ўсё, і гэта не галоўнае. Жывая культура не можа існаваць у выглядзе копій. Культурная традыцыя павінна ўключацца ў рэальнае жыццё. Згадайце Мікалая Міхалапа, які ў 50-я гады ўвёў матыў слуцкага пояса ў дэкаратыўную аздобу ліхтароў на галоўным праспекце Мінска. Нешта падобнае, але ў большых маштабах і пры выкарыстанні сучасных тэхналогій, мусім зрабіць мы сёння дзеля надання слуцкаму поясу другога жыцця. Матыў слуцкага пояса, вобраз слуцкага пояса можа прысутнічаць у якіх заўгодна рэчах.
Ёсць такое паняцце “мастацкі твор — тэкст”. Тэкст мае ўласцівасць перакладу. Мы ўсе чыталі літаратурныя творы, а потым глядзелі мастацкі фільм, альбо наадварот. І кожны заўважаў розніцу. Вось і мы зараз маем праблему: як “перакласці” слуцкі пояс на сучаснае ткацтва, разьбярства, на мову сучаснай керамікі і гэтак далей? Я не кажу, што слуцкі пояс мусіць быць ўсюды, але як адно з найбольш яскравых увасабленняў нашай гісторыі ён прэтэндуе на пачэснае месца ў сучасным культурным працэсе.
√
І яшчэ. Я баюся,што ў 2015 годзе (а гэта
вельмі хутка) Дзяржаўная праграма будзе
лічыцца завершанай, і пра слуцкі пояс
забудуць. Між тым, адроджаны слуцкі пояс
можа стаць першым крокам на шляху
вяртання беларускіх гістарычных брэндаў.
Першым на чарзе я бачу налібоцкае шкло, якое калісь замаўлялі для сябе еўрапейскія манархі. Гэта, праўда, тэма для асобнай гаворкі…
Тым часам
21 верасня народныя майстры з усёй сталічнай вобласці сабраліся ў Слуцку на Свяце рамёстваў “Слуцкія паясы”. І месца правядзення, і назва свята — невыпадковыя: Слуцк здаўна вядомы як цэнтр рамёстваў, а слава паясоў, што вырабляліся ў XVIII стагоддзі на мясцовай мануфактуры, сягала далёка за межы Рэчы Паспалітай. Сёлетняе свята, акрамя традыцыйных для падобных імпрэз мэт, мела і прапагандысцкі аспект: яно ладзілася згодна з Дзяржаўнай праграмай адраджэння тэхналогій і традыцый вырабу слуцкіх паясоў ды развіцця вытворчасці нацыянальнай сувенірнай прадукцыі. Інакш кажучы, абласное свята ў раённым цэнтры мела на мэце засяродзіць увагу грамадства на нацыянальнай праграме, каб людзі паспалітыя на свае вочы пабачылі тое, што ўжо здзейснена дзеля надання слуцкаму поясу статуса нацыянальнага брэнда, а спецыялісты абмеркавалі сённяшні стан выканання Дзяржаўнай праграмы.
Свята рамёстваў, якое было спалучана з Днём горада, мела тры асноўныя складнікі. Гэта канцэрты самадзейных калектываў Міншчыны, нашых суайчыннікаў, што жывуць у Расіі (народны хор “Купалінка” з Рэспублікі Комі), і Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Г.Цітовіча. Канцэрты ладзіліся на дзвюх пляцоўках: на Цэнтральнай плошчы горада і каля фабрыкі мастацкіх вырабаў “Слуцкія паясы”. Далей — выстаўка-кірмаш вырабаў майстроў з гарадоў ды вёсак Міншчыны і навукова-практычная канферэнцыя “Беларускія паясы: гістарычныя шляхі развіцця і сучасная практыка”. Гэта, так бы мовіць, стрыжань.
Акрамя таго, праводзіўся конкурс “Беларуская лялька”, проста на вачах публікі малявалі выхаванцы народнай студыі выяўленчага мастацтва “Вытокі”, а ахвотныя маглі пад наглядам майстроў ткаць на кроснах або плесці з лазы. Тэатралізаваная дзея нагадвала пра ваенную славу Слуцка — пра Вялікую Айчынную вайну і бітвы Сярэднявечча. Да свята ў Мастацкай галерэі была адкрыта адмысловая экспазіцыя.
Галоўнае, што ўсё гэта адбывалася пад знакам адраджэння, вяртання слуцкага пояса і, адпаведна, набыцця горадам ды рэгіёнам новага іміджа. Гучалі песні пра слуцкі пояс, і сярод іх — знакамітыя “Слуцкія ткачыхі” на верш Максіма Багдановіча. Вобраз пояса быў увасоблены ў харэаграфіі і мастацкім слове. Выстаўка ў галерэі, якую я згадваў вышэй, мела назву “Слуцк. Праз далячынь стагоддзяў”. Яна складалася з твораў мастакоў — ураджэнцаў Случчыны (а іх, да гонару горада і рэгіёна, шмат) і распавядала, як вынікае з назвы, пра шматвяковую гісторыю горада. Тут вобраз пояса як сімвала повязі часоў меў мастацкае ўвасабленне.
Рэалізацыя Дзяржаўнай праграмы ўжо таксама стала часткай гісторыі і пояса, і горада. Яна занатавана ў дакументах, фотаздымках, узорах сувенірнай прадукцыі і часткова прадстаўлена ў залах Слуцкай мастацкай галерэі. Гэтая выстаўка мае асветніцкі ўхіл. На рэпрадукцыях — мінуўшчына горада і мануфактуры, на дакументальных фотаздымках — найноўшая гісторыя пояса. Тут жа — сувенірны посуд з матывамі слуцкіх паясоў і відамі горада.