5 верасня Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі адкрывае сезон беларускай прэм’ерай — балетам Вячаслава Кузняцова “Вітаўт”. Пакуль артысты рэпеціруюць, пагартаем партытуру.
У самадастатковасці і моцнай пластычнай візуальнасці балетнай музыкі гэтага кампазітара можна было пераканацца неаднойчы. Невыпадкова яго “Клеапатра”, два гады таму прэзентаваная шырокай публіцы ў выглядзе літаратурна-музычнай кампазіцыі (ці харэаграфічнай сімфоніі, паводле азначэння яе дырыжора-першаадкрывальніка Аляксандра Анісімава), і дагэтуль пакідае ўражанне таго, што мы яе не проста чулі, але і “бачылі” (гл. “К” № 38 за 2010 г.). Тое ж самае — з “Вітаўтам”, дзе фантазія слухача здольная “дамаляваць” усё: старадаўнія палацы, некранутую прыгажосць краявідаў, шалёную энергетыку паганскіх абрадаў, жахлівую няўмольнасць бітвы, нарэшце, каханне — як нейкі асаблівы прытулак мірнага спакою, сцішана-ўпэўненай радасці.
Эскіз касцюма Біруты.
Ніякіх цытат, а тым больш стэрэатыпаў, і, адначасова, трывалае адчуванне таго, што гэтая музыка для цябе — блізкая і нават родная, чаму садзейнічаюць вельмі тонкія, гулліва-незаўважныя, “спасылкі”. Прычым ці на далёкую даўніну, ці на сучаснасць — ад І.Стравінскага і М.Равэля да лепшых сусветных саундтрэкаў (дзе Галівуд, дарэчы, “адпачывае”), не мінаючы творчага пераасэнсавання беларускай балетнай спадчыны, асабліва сімфанізму Генрыха Вагнера і каларыстычнай танцавальнасці Яўгена Глебава.
Эскіз касцюма Вітаўта.
Традыцыйны сімфанізаваны балет, здавалася б, ужо неаднойчы зжываў сябе, саступаючы ў мадэрне месца то прынцыповай “кліпавасці”, спалучаючы неспалучальнае, то ўвогуле цішыні. Кузняцоў, наадварот, надаў традыцыям балетнага сімфанізму новае жыццё. Замест простай дансантнасці ці залішняй інтанацыйна-тэматычнай “зашыфраванасці”, зразумець якую можна хіба пры паглыбленым услухоўванні ў музычныя перыпетыі, ён знайшоў сапраўдную гармонію паміж звыклай нумарной структурай — і бясконцым развіццём. У сцэнах “Вітаўта” амаль няма класічнай трохчасткавасці, замест пашыраных дынамічных рэпрыз — скарочаныя, замест “закругленых” структур — адкрытыя. Але імклівасць разгорту, пры ўсёй кантраснасці раздзелаў, не даходзіць да мільгацення. Лейтматывы — яркія, пазнавальныя, вобразныя, адметныя па тэмбравых фарбах — маюць адзінае інтанацыйнае зерне, прычым прынцыпова не “рамантычнае”, а надзвычай простае, блізкае старадаўнім песняспевам.
На адчуванне эпохі працуе і аркестроўка, якая ўвогуле становіцца ледзь не галоўным выразным сродкам. На жаль, з-за купюр, унесеных пры пастаноўцы, мы не ўбачым у фінале дадатковага сцэнічнага “бэнда” з труб ды трамбонаў (застаўся толькі хор). Але і без гэтага зразумела, што духавая медзь выкарыстоўваецца ў “Вітаўце” куды радзей, чым у іншых сучасных творах, затое надзвычай трапна. А вось драўляныя духавыя, ненадакучліва расквечаныя шматлікімі ўдарнымі, амаль не сціхаюць. У адрозненне ад многіх творцаў, Вячаслаў Кузняцоў не ператварае аркестр у сукупнасць асобных ансамбляў, не баіцца туці — не толькі кульмінацыйнага, але і... акварэлева-празрыстага. Адыходзячы ад рускіх традыцый аркестроўкі чыстымі тэмбрамі, дасягае па-еўрапейску стыльнай сумесі самых нечаканых інструментальных колераў. Смела працягвае эксперыментаваць з вялікай масай струнных. Замест класічнай лірыкі “шырокага разліву”, тыя быццам імітуюць то народную манеру, то нават... мяккія ўдарныя з подыхам трывожных прадчуванняў. А часам дасягаюць і асаблівай звонавасці! Пры ігры двайнымі нотамі адкрытыя струны пачынаюць “гудзець”, запаўняючы прастору — дзе лёгкай санорнай “туманнасцю”, а дзе грузным масівам гукавой “хмары”.
А якое ў “Вітаўце” каханне! Без аскомістай “саладжавасці”, азоранае нейкай асаблівай мудрасцю, тонкімі тэмбравымі “прадчуваннямі” і выхадам у касмічную бясконцасць… Як, між іншым, і ўся музычная канцэпцыя партытуры, пабудаваная на пераходзе ад гісторыі да папраўдзе касмічных філасофскіх абагульненняў. Хутчэй бы ўсё гэта ўбачыць на сцэне!..
Ілюстрацыі прадастаўлены тэатрам