Падзячны ліст ад імя генеральнага дырэктара расійскага"Дзяржцырка", народнага артыста СССР і Расіі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Расійскай Федэрацыі Мсціслава Запашнага атрымалі міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка, а таксама губернатар Гомельскай вобласці Аляксандр Якабсон. У лісце, у прыватнасці, гаворыцца, што нумар гомельскіх акрабатаў паказаў сябе перспектыўным, з вялікім творчым патэнцыялам, і дастойна прадставіў беларускае цыркавое мастацтва на гэтым прэстыжным міжнародным форуме.
- Гэты падзячны ліст - чарговае пацвярджэнне высокага патэнцыялу беларускага цырка, - адзначыў у гутарцы з карэспандэнтам "К" дырэктар установы культуры "Відовішчна-культурны комплекс "Гомельскі дзяржаўны цырк" Якаў Лабовіч, які быў запрошаны на фестываль у якасці ганаровага госця. З 27 верасня нашы акрабаты дэманструюць сваё высокае майстэрства жыхарам Ніжняга Ноўгарада. Іх расійскія гастролі скончацца 29 кастрычніка, а пасля славутых гамяльчан чакае трохмесячная паездка ў Францыю.