"Дон Жуан" калісьці ішоў у нашым тэатры, але ж увогуле на савецкай і постсавецкай прасторы да гэтага сусветнага шэдэўра звярталіся не так ужо і часта: ну чаму можа навучыць моладзь ўсім вядомы распуснік, якога кампазітар, насуперак шматвяковай традыцыі, увасобіў не такім ужо і адмоўным персанажам? Нездарма яго бурлівая арыя з шампанскім у пэўныя часы ўвогуле ўспрымалася "недабранадзейнай".
Як бы тое ні было, а цяперашняя студэнцкая пастаноўка стала заклікам да высакароднасці, далікатнасці, інтэлігентнасці і папраўдзе высокага прафесіяналізму. Бо аднойчы ўзяць вяршыню можна і на "голым энтузіязме", на хвалі натхнення, прыроднай адоранасці, а трымаць тую планку ў якасці стартавай - гэта і ёсць прафесіяналізм. Нельга сказаць, каб склад удзельнікаў паказаных двух спектакляў быў цалкам зорным. Але сярод звыкла добрых выканаўцаў аказаліся і папраўдзе адметныя.
Ракавога спакушальніка жанчын давялося ўвасабляць даволі сціпламу ў жыцці пяцікурсніку Канстанціну Батурыну. Яго герой атрымаўся не гэткім мачо, а надзвычай галантным, далікатным рамантыкам з псіхалогіяй цікаўнага падлетка, які, адчуваючы сябе ўсеагульным улюбёнцам, не супраць крыху пасвавольнічаць. Мяккі, пяшчотны барытон, часам з лісліва абаяльным прыдыханнем, надзвычайная музычнасць, калі да кожнай фразы артыст ставіцца, быццам да сваёй каханай, шчырая, а не найграная пачцівасць у манерах - і хрэстаматыйна вядомая гісторыя заззяла зусім іншымі фарбамі.
Побач з такім Дон Жуанам яго служка Лепарэла ўспрымаўся незадачлівым "выхавацелем", які наўпрост не ведае, як яму справіцца з усё новымі фантазіямі "распешчанага дзіцяці". Бліскучым выканаўцам гэтай характарнай партыі "бурклівага старога" стаў Яўген Глебаў (цёзка, але не сваяк знакамітага кампазітара). Не маючы музычнай адукацыі і толькі пасля 30-ці гадоў вырашыўшы праф е с і й н а займацца спевамі , ён скончыў падрыхтоўчае аддзял е н не БДАМ і ўжо некалькі гадоў запар паспяхова ўдзельнічае ў пастаноўках опернай студыі - на вольных пачатках, без адрыву ад асноўнага месца працы. А яшчэ - увесь час займаецца самастойна, з канцэртмайстрам, упэўнена пераадольваючы прыступку за прыступкай на шляху да дасканаласці.
А як "вырасла" за апошні час Алена Таболіч! Скончыўшы Акадэмію музыкі, яна спявае ў хоры нашага Вялікага тэатра і працягвае супрацоўніцтва з опернай студыяй. Яркае, палётнае сапрана, выразнасць вакалу як у гучных, так і ў ціхіх, кранальных спевах зрабілі яе Донну Анну сімвалам сапраўднай высакароднасці і чысціні.
Збалансавана, не заглушаючы салістаў, гучаў студэнцкі аркестр, якім кіравалі нядаўнія выпускнікі БДАМ, а цяпер дырыжоры нашага Вялікага тэатра Іван Касцяхін і Андрэй Іваноў. А ўвесь спектакль пакінуў надзею на далейшыя сустрэчы і з маладымі артыстамі, і з новымі пастаноўкамі опернай студыі - тым больш, што праз год там павінны паказаць свае работы і студэнты класа опернай рэжысуры.
На здымках: Я.Глебаў (Лепарэла), К.Батурын (Дон Жуан); А.Таболіч (Донна Анна). Фота www.ont.by