Фрагмент спектакля "Валянціна". Фота Настассі Асіповіч
“Валянціна” — пачатковая назва п’есы Аляксандра Вампілава “Мінулым летам у Чулімску”. У рэжысёра Анісенкі свае стасункі з творчасцю гэтага расійскага драматурга, заўчасна загінулага ў 1972-м. Валерый Данілавіч быў першым, хто адкрыў для колішняй савецкай грамадскасці яго “Качынае паляванне” 42 гады таму ў Тэатры-студыі кінаакцёра. Узначаліўшы РТБД, ездзіў з працяглымі гастролямі ў Іркуцк — у родныя мясціны Вампілава. Паспяховых гастроляў, у тым ліку за межамі Беларусі, хацелася б пажадаць і цяперашняй прэм’еры. Яна сабрала такі аншлаг, што дырэкцыя тэатра паставіла дадатковы спектакль у звярстаную майскую афішу. У чым жа сакрэт? У тым, што спектакль атрымаўся папраўдзе мастацкім — па ўсіх паказальніках.
У ім знойдзена цалкам натуральная гармонія між адлюстраваннем нядаўняга мінулага — 1960-х — і актуаліямі сучаснасці. Між гумарам і драмай, пачуццёва-эмацыйным і разумова-інтэлектуальным пачаткамі. Між традыцыйным псіхалагічным тэатрам і сучасным метафарычным, гіперрэалізмам і асацыятыўнай сімволікай. Так супала, што і мастацкая выстава, традыцыйна разгорнутая ў фае і зусім не прымеркаваная да прэм’еры, сумяшчала тыя ж складнікі. Бо аўтарская камбінаваная тэхніка Віктара Мікіты, што спалучае жывапіс з прыёмамі скульптуры, графікі, дызайнерскіх інсталяцый, вядзе ад рэалістычнага ўспрымання да багацця алегорый. Своеасаблівай метафарай спектакля мне ўявіўся “Квітнеючы бацькоўскі кошык”, дзе парасткі бульбы нагадваюць рукі-рыбіны-хвасты, а пільныя бульбяныя “вочкі” падазрона сочаць за гэтым фантазійным “падводным царствам”.
Усё гэта закладзена ў п’есе, дзе за лёсам кожнага героя — суцэльныя гістарычныя пласты савецкай рэчаіснасці, што разам складаюць партрэт эпохі. Яго асобныя дэталі рэжысёр выцягнуў з глыбінь падсвядомасці і змясціў у святло тэатральных пражэктараў — праз сцэнаграфію Дар’і Волкавай, музыку Цімура Каліноўскага і, галоўнае, акцёраў, якія адышлі ад праславутай “тэатральшчыны” з яе найграным пафасам і існуюць у натуральнай “кіношнай” манеры.
Драўляны плот палісадніку, дзе 18-гадовая буфетчыца Валянціна штодзень, а тое і па некалькі разоў на дзень, рамантуе весніцы. Драўляныя сталы, крэслы, прылавак чайнай, драўляная лесвіца ў жытло аптэкаркі Кашкінай быццам пазычаныя з наваколля, ды пазбаўленыя звыклага атачэння. Бо змешчаны ў філасофска-касмічную бездань умоўнага чорнага кабінета і практычна аднолькавай інтэнсіўнасці асвятлення — незалежна ад таго, калі адбываецца дзеянне: раніцай, днём, увечары ці ўночы. Бо час тут насамрэч спыніўся і буксуе — як і жыццё герояў, што шукаюць сябе, ды не заўсёды знаходзяць.
Кожны з іх — яркая індывідуальнасць, перададзеная праз пластыку, асаблівасці маўлення. Вось Кашкіна (Яўгенія Сцяцэнка) заўзята робіць ранішнюю гімнастыку — артыстка балета, дый толькі. Далей таксама: што ні поза ў яе — выкшталцоная скульптура, пастаноўчае фота топ-мадэлі. Вось Мячоткін (Андрыян Барткевіч) скача праз лужыны — і ў адной гэтай дэталі выяўлена ўся ягоная “правільнасць” з галоўным пасылам: не запэцкацца. Патрыярхальны ўхіл Памігалава (Дзяніс Фешчанка) перададзены праз характэрнае “оканне”. Перараджэнне следчага Шаманава (Аляксей Карпец) — праз яго першы дыялог з Валянцінай, дзе герой незаўважна для сябе самога становіцца шчырым, пачуваецца самім сабой. Больш красамоўна за любыя словы гаворыць пра ягоныя пачуцці тое, як у канцы другой дзеі ён клапатліва і пяшчотна накідвае дзяўчыне на плечы пінжак — бы той можа абараніць яе, адгарадзіць ад асуджальных позіркаў. Настасся Мілушава — ідэальная Валянціна: уражанне, што драматург спісаў сваю гераіню менавіта з гэтай маладой артысткі. 20-гадовы Уладзімір Назаранка дае бліскучы прыклад акцёрскага пераўвасаблення ў 74-гадовага Ерамеева. Дарэчы, гэтыя артысты — маладая сямейная пара. Летась пасля заканчэння Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў яны былі размеркаваныя ў Маладзечна і працуюць першы сезон.
Нязвыклым атрымаўся Пашка (Мікіта Драздоў, выпускнік Гімназіі-каледжа мастацтваў г. Маладзечна). Уласцівыя герою ўпартасць, што даходзіць да “ўпёртасці”, жудасны эгаізм, што часам перарастае ў жорсткасць, пададзены як наступствы ягонай няўпэўненасці ў сабе. А якімі каларытнымі атрымаліся ягоныя маці (Алена Рахмангулава) і айчым (Сяргей Карзей)!
Музыка Цімура Каліноўскага чуйна ідзе за героямі. Простыя, запамінальныя тэмы перадаюць то шчымлівую настальгію, то нясмелую надзею. Спектакль, як і п’еса, працягвае чэхаўскія тэатральныя традыцыі: героі ўвесь час сілкуюцца-харчуюцца, пляткараць-размаўляюць — пражываюць адзін дзень свайго жыцця, бы ў тэатры класіцызму з яго адзінствам месца, часу, дзеяння. А вось фінал выведзены на ўзровень эпілогу ледзь не біблейскай прыпавесці.
Першая рэдакцыя п’есы завяршалася самагубствам Валянціны: гераіня застрэльвалася, дадаткова выбудоўваючы спасылку да чэхаўскай “Чайкі”. Другая рэдакцыя, калі драматург, ратуючы неўвасобленую п’есу, вымушана падпарадкаваўся некаторым пастулатам савецкага мастацтва, заканчвалася “шчасліва”: гераіня зноў карпела над рэйкамі парушанага плота. Спектакль, акрэслены як драма, а зусім не меладрама, завяршаецца шматзначным шматкроп’ем. На сцэне збіраюцца ўсе героі, ствараючы групавы партрэт эпічна-аратарыяльнага разгорту. Менавіта групавы, а не калектыўны, бо падзяляюцца на асобныя групоўкі — як на старых студыйных фота. А Валянціна зноўку, быццам вяртаючыся на пачатковыя пазіцыі, рамантуе разбураны плот палісадніку: тук-тук, тук-тук — ці то гадзіннік нябачны адлічвае час, ці то грукае сэрца, што так і не можа змірыцца з абыякавасцю.