Праходзіла імпрэза ў зале пад купалам, а ў холе першага паверха наладзілі выставу твораў мэтра. Збольшага гэта фотаздымкі манументальных работ, але былі і арыгіналы — партрэты, а таксама кампазіцыі, якія, на думку аўтара, мусяць стаць манументамі.
Першым на імпрэзе браў слова міністр культуры нашай краіны Анатолій Маркевіч. Ён зачытаў прывітальны адрас Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі юбіляру. Кіраўнік дзяржавы назваў Івана Міско выдатным скульптарам, адзначыў ягоную выключную ролю ў стварэнні, захаванні, развіцці і папулярызацыі лепшых традыцый нашай культуры. Згадаўшы лепшае са зробленага юбілярам, падзякаваў за плённую працу на карысць Бацькаўшчыны, выказаў упэўненасць, што скульптар яшчэ доўга будзе радаваць грамадства новымі творчымі дасягненнямі. Прэзідэнт пажадаў юбіляру моцнага здароўя, даўгалецця і невычэрпнага натхнення.
Словы Прэзідэнта, ягоная ацэнка творчасці Івана Міско сталі свайго роду камертонам для ўдзельнікаў урачыстасці, што выходзілі да мікрафона. Падзяку за творчасць і выразную грамадзянскую пазіцыю мастаку выказалі прадстаўнікі Мінскай гарадской і абласной улады, кіраўніцтва Слонімшчыны — малой радзімы Івана Міско, творчых саюзаў, Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і Дзяржаўнага мастацкага каледжу імя Глебава, Студыі ваенных мастакоў, Інстытута дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Былі віншаванні ад Беларускай фонду міру, Музея гісторыі горада Мінска, Беларускай арміі, ад артыстаў і літаратараў.
Асобна варта згадаць добрага сябра нашага мэтра — расійскага касманаўта беларускага паходжання, Героя Расіі Алега Навіцкага. Ён спецыяльна прыехаў у Беларусь дзеля юбілею Івана Якімавіча. Алег Навіцкі сказаў, што вельмі ганарыцца сяброўствам з такой асобаю, а сваім аптымізмам і працавітасцю юбіляр можа даць фору яшчэ многім.
Дарэчы, адзін з цэнтральных экспанатаў выставы, пра якую згадвалася вышэй, — гэта фотаздымак нашай сталіцы, зроблены Алегам Навіцкім з космасу.
Браў слова і юбіляр. Стрыжнявая тэза ягонай прамовы такая: “Зараз я раблю кампазіцыю, якая называецца “Шлях на старт”. Прысвечана яна касманаўтам і апавядае пра тое, што шлях гэты лёгкім не бывае. Да свайго палёту ідзеш усё жыццё, а ў жыцці здараецца рознае. Сёння мне 90 год, і пачынаецца мой шлях да стагадовага юбілею. Спадзяюся сустрэцца з усімі вамі праз дзесяць год”.
Творчасць — няспынны працэс. Добра, калі мастаку ёсць на што азірнуцца, але багаж дасягненняў, здабыткаў, досведу — гэта падстава, каб не спыняць хаду. Творца заўжды на пачатку шляху, а мяжа для яго — заўжды па даляглядзе. Як у касманаўта.