— Напрыканцы снежня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале быў апублікаваны праект змен і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь для ўсенароднага абмеркавання. Наколькі актыўна яно адбывалася ва ўстановах культуры?
— Нават па той інфармацыі, якая публікавалася ў апошні месяц на старонках газеты “Культура”, можна меркаваць, наколькі шырокім і актыўным было гэтае абмеркаванне. Дыскусійныя пляцоўкі і сустрэчы рознага фармату прайшлі не раўнуючы ў кожнай установе сферы культуры, выклікаўшы шчырую зацікаўленасць калектываў. Дарэчы, такія абмеркаванні адбыліся і ў вашай рэдакцыйна-выдавецкай установе.
Людзі разумеюць, што абноўленая Канстытуцыя — падзея гістарычнага маштабу, і менавіта на рэферэндуме будзе закладзена заканадаўчая аснова нашага далейшага жыцця на дзесяцігоддзі. А паколькі работнікі культуры, як і наогул творчая інтэлігенцыя, — гэта людзі з актыўнай сацыяльнай пазіцыяй, да плебісцыту яны паставіліся вельмі ўдумліва і адказна.
— Відавочна, што праект Асноўнага Закона ўбірае ў сябе ўсе апошнія напрацоўкі, вопыт Беларусі за яе суверэнны перыяд, у тым ліку і ў сацыякультурнай сферы. У сувязі з гэтым, Анатолій Мечыслававіч, не маглі б вы коратка закрануць усе тыя заканадаўчыя перадумовы, што закладвалі падмурак, на якім у апошнія дзесяцігоддзі развівалася наша культура?
— Найперш тут, вядома, варта адзначыць Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб культуры — унікальны збор заканадаўчых актаў, які не мае аналагаў на постсавецкай прасторы. 3 лютага споўнілася ўжо пяць гадоў з таго моманту, як ён уступіў у сілу. Практыка паказала, што, наколькі б дасканалым ні быў той ці іншы нарматыўны дакумент, з часам усё адно ён запатрабуе пэўнай карэкціроўкі — яе вымагае само жыццё.
Таму ў мінулым годзе мы завяршылі працу над законапраектам, які прадугледжвае ўнясенне змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс аб культуры. Такія змены рознай ступені значнасці закрануць 109 са 257 яго артыкулаў. Спектр — даволі шырокі: гэта і ахова гісторыка-культурнай спадчыны, і правядзенне культурных мерапрыемстваў, і бібліятэчная справа… Усе інавацыі ўнесеныя выключна на аснове аналізу практыкі прымянення Кодэксу і тых прапаноў, якія паступалі ад самых розных суб’ектаў культурнага працэсу — упраўленняў культуры, асобных устаноў, творчых саюзаў… Спадзяемся, закон уступіць у сілу з наступнага, 2023 года, каб работнікі культуры на месцах мелі пэўны час на ада-
птацыю да новаўводзінаў.
— З моманту свайго ўступлення на пасаду міністра культуры вы ўзялі за правіла актыўна ездзіць па рэгіёнах краіны, праводзіць шматлікія сустрэчы з людзьмі, прамыя тэлефонныя лініі. Скажыце, калі ласка, якія пытанні ў апошні час вам задавалі нашы грамадзяне?
— І сапраўды, не толькі я, але і ўсе работнікі цэнтральнага апарата Міністэрства культуры сталі куды часцей выязджаць у рэгіёны, а таксама выкарыстоўваць сучасныя спосабы камунікацыі, уключна з сацыяльнымі сеткамі. Для нас вельмі важна пачуць голас кожнага работніка галіны: яго ідэі, прапановы, хваляванні… Лічу, менавіта на падставе такіх непасрэдных чалавечых зносін можна прымаць тыя ўзважаныя рашэнні, якія максімальна ўлічваюць інтарэсы кожнага.
Пытанні, якія даводзіцца чуць, могуць тычыцца як спраў глабальных — скажам, новага праекта Канстытуцыі або правядзення рэспубліканскіх акцый, — так і вельмі канкрэтных праблемных момантаў, датычных юрыдычнага аспекту дзейнасці той ці іншай установы. І на кожнае з гэтых пытанняў мы імкнемся даць адказ!
— Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёлета 1 студзеня падпісаў Указ № 1 “Аб аб’яўленні 2022 года Годам гістарычнай памяці”. Наша газета ў сваіх публікацыях заўсёды надавала падвышаную ўвагу тэме айчыннай гісторыі. Ці не маглі б вы нагадаць нашым чытачам, якія практычныя крокі ў апошнія гады рабіла беларуская дзяржава для таго, каб захаваць памяць народа ў мемарыялах і помніках?
— Важнасць гэтай тэмы і прынятага рашэння засноўваецца на тым, што мір і стабільнасць дзяржавы шмат у чым фарміруюцца памяццю народа і яго культурай як асновай самаідэнтыфікацыі. Папярэдні, 2021 год, абвешчаны Годам народнага адзінства, быў адзначаны цэлым шэрагам мерапрыемстваў і праектаў, скіраваных на ўшанаванне памяці аб падзеях міжваеннага перыяду ў Заходняй Беларусі і яе далучэння да БССР у 1939 годзе. 17 верасня ў краіне ўпершыню прайшло адзначэнне Дня народнага адзінства. Адбылося ўрачыстае адкрыццё абноўленага мемарыяла на месцы канцэнтрацыйнага лагера ў Бярозе Брэсцкай вобласці, які дзейнічаў у 1934-1939 гадах, і прысвечанай яму музейнай экспазіцыі ў колішнім лагерным корпусе. Сёлета, у рамках адзначэння Года гістарычнай памяці, будзе нададзеная ўвага і іншым перыядам гісторыі нашага народа.
Вялікія намаганні прыкладаюцца для захавання гісторыка-архітэктурных помнікаў. Працягваліся і рэстаўрацыйныя работы на шэрагу найвыбітнейшых аб’ектаў архітэктурнай спадчыны ў самых розных кутках краіны. У Гальшанах, што ў Ашмянскім раёне, завершаная першая чарга кансервацыі з рэстаўрацыяй у славутым замку Сапегаў XVI стагоддзя. Працягваюцца работы і на замку XIV стагоддзя ў Крэве Смаргонскага раёна і Старым замку ў Гродна, дзе напрыканцы мінулага года была адкрытая музейная экспазіцыя. Працягваецца аднаўленне неагатычнага палаца Пуслоўскіх у Косаве Івацэвіцкага раёна, палаца Булгакаў XVIII стагоддзя ў Жылічах, што ў Кіраўскім раёне, палаца Сапегаў у Ружанах Пружанскага раёна, вядуцца рэстаўрацыйныя работы ў Спаса-Праабражэнскай царкве ў Полацку. Зробленыя першыя крокі па аднаўленні касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Будславе пасля наступстваў пажару, які здарыўся ў маі мінулага года.
— "Праяўленне патрыятызму, захаванне гістарычнай памяці пра гераічнае мінулае беларускага народа з’яўляецца абавязкам кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь" . Якім чынам культура, на ваш погляд, павінна садзейнічаць навядзенню мастоў гістарычнай пераемнасці між пакаленнямі, цэментаваць беларускае грамадства?
— Гэтае дапаўненне ў 54-ы артыкул абноўленай Канстытуцыі, відавочна, накіраванае на ўмацаванне мастоў пераемнасці паміж пакаленнямі. Без малога 77 гадоў аддзяляюць Беларусь ад самай страшнай і крывавай вайны — вайны, якая прынесла нашай краіне не толькі незлічоныя беды і пакуты, але і прадэманстравала веліч і сілу духу беларускага народа. Тым не менш усё далей у мінулае адыходзіць страшная і гераічная рэальнасць Вялікай Айчыннай, усё часцей ёй на змену прыходзіць прывідная рэальнасць, якая нясе з сабой не менш сур’ёзныя разбуральныя пагрозы для грамадства. Таму пытанні патрыятычнага выхавання маюць ключавое значэнне для нашай краіны. У сувязі з гэтым у праект абноўленай Канстытуцыі (у артыкул 15-ы) унесеныя важкія дапаўненні, звязаныя з захаваннем гістарычнай праўды і памяці аб гераічным подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Памяць пра вайну і акупацыю ў нашай краіне і сёння яшчэ блізкая і балючая для многіх сем’яў, непасрэдна закранутых ліхалеццем. Амаль кожны з нас мае сярод сваіх продкаў і сваякоў герояў і ахвяр той вайны. 2019 і 2020 гады прайшлі пад знакам святкавання 75-годдзяў, адпаведна, вызвалення Беларусі і перамогі над нацызмам. У 2021 годзе маштабна адзначалася 80-годдзе з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Беларускі досвед гэтай вайны застаецца ўнікальным, і айчынныя навукоўцы ды дзеячы культуры яскрава імкнуцца данесці свету свой прынцыповы і адметны погляд на гісторыю тых незабыўных гадоў, трактуючы факталогію з беларускіх пазіцый.
Тэме захавання памяці пра герояў і ахвяр вайны прысвечаныя шматлікія навуковыя канферэнцыі, музейныя выставы і выдавецкія праекты. Захоўваецца памяць і пра мясціны, непасрэдна звязаныя з трагедыяй вайны, — абноўлены мемарыяльны комплекс памяці спаленых вёсак у Борках Кіраўскага раёна на Магілёўшчыне, узведзены мемарыял на месцы вёскі Ала Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці, знішчанай разам з жыхарамі ў 1944 годзе, прынятае рашэнне аб абнаўленні мемарыяла на месцы масавага знішчэння ахвяр нацызму на Броннай Гары ў Бярозаўскім раёне Брэсцкай вобласці.
— Сям’я, заснаваная на традыцыйных каштоўнасцях, вядома ж, павінна рыхтаваць новыя пакаленні да грамадска карыснай працы, прышчапляць культуру і павагу да законаў, гістарычных і нацыянальных традыцый Беларусі. Ці магла б тут больш актыўную ролю адыграць менавіта культурная сфера?
— Далучэнне грамадзян да гераічнай гісторыі і нацыянальных традыцый дапамагае кожнаму ўсвядоміць адказнасць за захаванне набыткаў мінулага і вызначэнне будучыні краіны. Варта падкрэсліць значнасць культуры як асновы для стваральнай працы і складніка, які аб’ядноўвае людзей розных узростаў і поглядаў. Спадчына яднае ўсіх нас. І кожны работнік сферы робіць вялікі ўклад у тое, каб дасягненні, якімі ганарыцца наша дзяржава, маглі быць прадстаўлены жыхарам краіны. Менавіта ў нацыянальнай культуры і гістарычнай памяці сабраны духоўныя каштоўнасці. У сучасным свеце культура павінна быць фундаментам патрыятызму, з якога і вынікае памкненне працаваць дзеля развіцця краіны, дзеля агульнай карысці. Як неаднойчы адзначаў Кіраўнік дзяржавы, без арыентацыі на высокую культуру мы не можам выхаваць грамадзяніна-патрыёта, руплівага працаўніка, асобу творчую і духоўна багатую. Таму на работніках сферы культуры, безумоўна, ляжыць вялікая адказнасць.
— Падчас выніковай калегіі Міністэрства культуры, што адбылася нядаўна ў сталіцы, між іншых важных пытанняў было згадана аб неабходнасці заахвочвання творчай моладзі да ўдзелу ў культурным жыцці краіны. Якія крокі неабходна зрабіць у гэтым напрамку?
— Пытанне выяўлення творчай моладзі і стварэння спрыяльных умоў для развіцця яе талентаў знаходзіцца на асаблівым кантролі Адміністрацыі Прэзідэнта, гэта даручэнне Кіраўніка дзяржавы. Неабходна забяспечыць суправаджэнне таленавітай моладзі на ўсіх этапах творчага шляху, фарміраванне яе светапогляду і грамадзянскасці. Праца з дзецьмі і моладдзю павінна забяспечыць выхаванне патрыётаў сваёй краіны, адказных людзей з канструктыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Больш уважлівага і неабыякавага стаўлення патрабуе арганізацыя работы па вылучэнні таленавітай моладзі на заахвочванні спецыяльнага фонду Прэзідэнта. Па выніках калегіі пастаўлены задачы прыцягваць да правядзення дзяржаўных спецыяльных мерапрыемстваў маладых рэжысёраў і прадстаўнікоў таленавітай моладзі — пераможцаў міжнародных, нацыянальных і рэгіянальных конкурсаў і фестываляў. У мэтах прыцягнення таленавітай моладзі да вытворчасці фільмаў мяркуецца абвясціць конкурс кінапраектаў сярод маладых кінематаграфістаў з правядзеннем па яго выніках маладзёжнага кінафестывалю.
— Ужо хутка абноўлены варыянт Асноўнага Закона ўвойдзе ў паўсядзённае жыццё. Новая Канстытуцыя прадугледжвае і новы этап развіцця Беларусі. Як сказаў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, у краіне будзе нанава адбудавана ўся сістэма ўлады. Як вы лічыце, якую будучыню мы пабудуем разам? Ці здолеем захаваць нацыянальную самабытнасць, суверэнітэт у поўнай меры, культурныя і духоўныя традыцыі нашага народа?
— Па-ранейшаму асновай дзяржаўнай палітыкі застаецца мэта захавання і ўзмацнення суверэнітэту, забеспячэння правоў і свабод грамадзян. Нязменным прыярытэтам з’яўляецца сацыяльная скіраванасць. Пры гэтым у абноўленай Канстытуцыі вызначана мера адказнасці грамадзян. Чалавек павінен разумець, што мае не толькі правы, але і абавязкі. Узаемная адказнасць дзяржавы і грамадзян прасочваецца ў многіх артыкулах, у тым ліку ў тых, якія тычацца праяўлення патрыятызму, сацыяльных паводзін, захавання здароўя. Наша будучыня залежыць ад намаганняў кожнага члена грамадства. І, вядома, адным з краевугольных камянёў, на якіх трымаецца беларуская дзяржава, з’яўляецца нацыянальная культура. Упэўнены, мы зможам захаваць найлепшыя дасягненні папярэднікаў і ўзбагаціць гэты скарб.
Пытанні задаваў Аляксандр КРЫВАНОС