— Я перакананая, што асаблівая роля ў патрыятычным выхаванні, фарміраванні і замацаванні традыцыйных каштоўнасцей беларускага народа належыць мастацкай адукацыі. Падзеі апошніх гадоў — глабалізацыя, лічбавізацыя, новы віток эскалацыі паміж дзяржавамі, практыка падвойных стандартаў, распаўсюджванне штучных каштоўнасцей, якія размываюць ідэнтычнасць народаў, — выразна паказалі, наколькі асаблівы статус маюць культура і выхаванне маладых беларусаў. Разам з тым няпростая сітуацыя апошніх гадоў стала своеасаблівым імпульсам, каб сфера мастацкай адукацыі стала больш гнуткай і мабільнай, у большай ступені адпавядала патрабаванням сучаснага інфармацыйнага грамадства.
І ў гэтым кантэксце неабходна падрабязна спыніцца на тым, дзе мы, шчыра кажучы, не дапрацоўвалі. Моладзь, якая і так мае лічбавую залежнасць, апынулася сам-насам перад экранамі гаджэтаў. І без таго аб’ектыўна слабая ў сілу распаўсюджвання інфармацыйных тэхналогій натуральная сацыялізацыя была парушаная яшчэ больш. Увогуле людзі, асабліва моладзь, сталі мець менш зносін адно з адным, менш датыкацца да рэальнасці, але затое з галавой пагрузіліся ў свет таннага хайпу і вытанчаных паліттэхналогій.
Пасля асэнсавання гэтай праблемы мы перагледзелі ўвесь спектр педагагічных метадаў і сродкаў для комплекснага і мэтанакіраванага фарміравання грамадзянска-патрыятычных якасцей асобы будучых спецыялістаў культуры. Значную ролю ў выхаванні адыгрывае фарміраванне ў моладзі паважлівага стаўлення да дзяржаўных сімвалаў. Асаблівая ўвага была звернута на напаўненне і актуалізацыю нагляднай агітацыі, на эстэтычнае афармленне куткоў дзяржаўнай сімволікі. На ўсіх урачыстых мерапрыемствах выконваецца гімн, выкарыстоўваюцца дзяржаўныя сімвалы. З восені 2020 года мы сталі паслядоўна і ўпарта даводзіць да нашых студэнтаў і выкладчыкаў, што выкананне сваіх грамадскіх абавязкаў — гэта не разбурэнне, а стваральная праца на карысць сваёй радзімы. Таму мы актыўна стымулявалі наш калектыў да ўдзелу ў такіх значных мерапрыемствах, як форум патрыятычных сіл «Сімвал адзінства», патрыятычная акцыя «Беларусь памятае», мітынг-рэквіем «Званы памяці», тэлевізійны праект «Плошча Перамогі» і шмат іншых. Варта падкрэсліць, што асаблівы статус культуры і адукацыі, маштабныя сацыяльныя гарантыі, падтрымка педагогаў, моладзі, дзеячаў культуры і мастацтва з боку дзяржавы адлюстраваны ў праекце абноўленай Канстытуцыі. Гэта адзначалі людзі падчас дыялогавых пляцовак, у тым ліку ў нашым універсітэце. Наша праца не застаецца незаўважанай. У рамках ХІХ рэспубліканскай выставы навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі ўніверсітэт узнагароджаны дыпломамі І і ІІ ступені. Гонар мы адчуваем у сувязі з прысуджэннем калектыву БДУКМ спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва за значны ўнёсак у патрыятычнае выхаванне моладзі і рэалізацыю грамадска-культурных праектаў.
У мэтах захавання памяці пра супрацоўнікаў універсітэта, якія зрабілі ўнёсак у развіццё культуры і адукацыі, у холах галоўнага корпуса будуць аформлены экспазіцыі пра навуковыя і творчыя школы навучальнай установы. Асобна трэба вылучыць працу над праектам па пошуку і сістэматызацыі інфармацыі пра супрацоўнікаў БДУКМ — ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.
Мы шмат кажам пра важнасць паўнавартаснага патрыятычнага выхавання і фарміравання духоўна багатай асобы. Асмелюся ўнесці некалькі прапаноў. Найперш неабходна ўмацаваць сувязь сістэмы мастацкай адукацыі з усёй сферай культуры — музеямі, тэатрамі, дамамі культуры, бібліятэкамі, творчымі калектывамі. Усім суб’ектам культурнага працэсу варта зразумець, што падрыхтоўка кадраў з’яўляецца нашай агульнай задачай. У сферы адукацыі трэба перагледзець праграмы з мэтай напаўнення іх зместам, звязаным з гісторыка-культурнай спадчынай беларускага народа. І тут ізноў неабходны актыўны ўдзел усёй сістэмы культуры.
Упэўнена, выкарыстоўваючы сфарміраваны патэнцыял, энтузіязм нашага пакалення, вялікае жаданне моладзі прынесці карысць уласнай краіне і нашу глыбокую ўпэўненасць у правільнасці нашай справы, мы працягнем будаўніцтва нашага агульнага дому — Рэспублікі Беларусь.