Прытулкам кампазітарскіх фантазій спачатку была сталічная філармонія, потым — Нацыянальны мастацкі музей, нарэшце — Оперны тэатр. Так супала, што на асноўнай сцэне ў той вечар ішла опера “Самсон і Даліла” Сен-Санса, пастаўленая ў нас упершыню. І ўсё гэта адбывалася ў Таццянін дзень, які яшчэ называюць Днём студэнта. Чым не канцэнтрацыя ўсяго новага ды маладога? Менавіта гэтага заўжды чакаеш ад “Трамантаны”, незалежна ад узросту ўдзельнікаў, бо існуе так званы псіхалагічны ўзрост, здольны ператварыць “зялёную моладзь” у пасівелых старых, што размерана трымаюцца традыцый, а знаных майстроў — у гулліва-адчайных першапраходцаў.
Цяперашняя “Трамантана” (а гэтае слова азначае вецер, што нясе змену надвор’я) атрымалася “сярэдняй”. Не па мастацкім узроўні, а ў сэнсе ўраўнаважанасці “традыцый і наватарства”, як прынята гаварыць у падручніках эстэтыкі. У адрозненне ад мінулых гадоў, было многа не толькі абсалютных прэм’ер, але і пералажэнняў твораў для іншага выканальніцкага складу. І ў гэтым таксама бачылася “правіла постмадэрну” — пераасэнсоўваць тое, што было напісана раней. Бо разам з новым тэмбравым “адзеннем” карэктаваўся і сэнс твораў, перастаўляліся акцэнты, а часам і ўвогуле атрымліваліся не столькі своеасаблівыя транскрыпцыі, колькі папросту новыя версіі, як гэта адбылося з “Энігмай” Валерыя Воранава. Упершыню яна прагучала год таму на ХІV Міжнародным фестывалі Юрыя Башмета ў Сочы, дзе ўвага слухачоў была прыкавана найперш да нязвыклага музычнага інструмента — арганета. Мы ж пачулі варыянт з баянам, вібрафонам, сугучча якіх стала сімвалам-эквівалентам нязвыклага тэмбру, і віяланчэллю, якая адна імкнулася замяніць ранейшы струнны аркестр. Летась была і прэм’ера Санаты W для марымбы-сола Віктара Войціка — у Варшаве. Але там твор быў адначасткавым, у нас жа ўпершыню дадалася першая павольная частка, што вымусіла ўбачыць у Санаце водгулле барочнай драматургіі: дзве часткі, пабудаваныя па прынцыпе павольна-фантазійна — і хутка-строга (менавіта другая частка ўтрымлівае санатную форму).
Цікавымі аказаліся спалучэнні кантрабаса з кларнетам ды марымбай (“Адзінокая ідылія” Галіны Гарэлавай), флейтай і вібрафонам (“Выходныя ў Парыжы” Ніны Сіняковай). Згаданая повязь флейты з вібрафонам выступіла і больш тонкай, выкшталцонай альтэрнатывай раяля (вакальны цыкл Любові Сыцько). А якімі яркімі паўсталі спалучэнні духавой медзі з марымбай (“Прэамбула” Вячаслава Кузняцова) ці, наадварот, іх кантрасныя супастаўленні (Concuss Любові Эпавай). Імітацыяй званоў выступілі цымбалы (“Званы забыцця” Андрэя Цалко). Багатай была і стылёвая палітра, закрануўшы нават джаз. Іншымі словамі, “Варыянтаў дыялогу”, як называлася фартэпіянная п’еса Алены Гуцінай, створаная як саўндтрэк да чэшскага мульфільма, было безліч. Асабіста ж для мяне цэнтральным творам стала “Лавандавае поле пасля навальніцы...” магістранта нашай Акадэміі музыкі Ігара Комара. Прысвечанае Галіне Гарэлавай, яно наўпрост працягвала яе традыцыі гэткага “праграмнага неаімпрэсіянізму” і, разам з тым, развівала ўласцівыя І.Комару тэмбравыя пошукі ў “нетрах раяля”, калі піяніст іграе на струнах. Спалучэнне розных “абліччаў” фартэпіяна з ударнымі прыводзіла да сапраўднага “лавандавага поля” гучанняў, а ігра смыкам па корпусе вібрафона ўтварала гэткае “мокрае”, “умытае” аблічча самога паветра. Усё разам гэта не проста складала касмічную па ўражаннях атмасферу, а папраўдзе пераносіла слухачоў у яе. “Варажбітамі” ж выступалі выканаўцы і найперш артысты аркестра нашага Вялікага тэатра — Міхаіл Канстанцінаў з ансамблем А.M.A.D.I.S. Brass, да якіх далучыліся іншыя музыканты.
Канцэрт атрымаў азначэнне “Далягляды новай камернай музыкі”. На справе ж атрымаўся пагляд не толькі ў далячыні наваколля, але і ўглыб нас саміх. Чаму здзіўляцца? У гэтым і ёсць прызначэнне музыкі — зазірнуць туды, куды вока не сягае.