Запрасіць у наш цырк слана было даўняй марай мастацкага кіраўніка ўстановы Вітаўтаса Грыгалюнаса. Пошукі цягнуліся не адзін год, перашкодзіла і пандэмія. Але як толькі была дасягнута дамоўленасць, пачало складацца астатняе напаўненне відовішча — і атрымаўся гэткі дывертысмент, удзельнікі якога быццам цягнуць час, бо слон, дзеля якога прыйшлі гледачы, недзе згубіўся.
Насамрэч нямецкая дрэсіроўшчыца Майлі Моні была дагэтуль са сланом і іншымі сваімі выхаванцамі ў Гомельскім цырку, дзе ўдзельнічала ў праграме “Навагоднія дыфірамбы, альбо 100 хвілін вакол свету”. Увогуле ж апошнім часам яна шмат гастралюе па Расіі (у тым ліку ў Санкт-Пецярбургу, Варонежы) і Украіне, часам разам са сваім мужам Крысціянам Гертнерам — патомным дрэсіроўшчыкам сланоў. Дарэчы, менавіта знаёмства з ім прывяло яе ў цырк, а цяпер дынастыю працягваюць іх дзеці: 10-гадовая Крысцел і 6-гадовы Ціван “пасвяць” на арэне гусей, а ў вольны час вучацца дыстанцыйна ў маскоўскай школе, куды ездзяць здаваць іспыты. Маці заўсёды бярэ іх з сабой (Ціван, дарэчы, нарадзіўся ў Беларусі), і на арэну яны выходзяць з таго часу, як навучыліся хадзіць. Дарэчы, яны і са сланамі выступаюць: катаюцца на хобаце, прабягаюць пад шэрым асілкам, але не ў нас, дзе на гэта няма дазволу. Таму пракаціцца ды пагушкацца на сланісе вырашыла галоўны рэжысёр Белдзяржцырка Ала Нікалаева-Аліева: па яе словах, “цырк дае вялікія магчымасці любому чалавеку, незалежна ад узросту. Бо цырк — сапраўдная сям’я, дзе ўсе ўзаемазвязаны, мы ў ёй жывём і маладзеем. І падтрымліваем адно аднаго”.
Цырк трымаецца на дынастыях і навічках, што пацвердзіў расійскі дуэт клоўнаў “Браты Пушкіна”. Насамрэч “браты” яны толькі па назве. Яўген Майхроўскі прадстаўляе чацвёртае пакаленне цыркавой сям’і, у Мінску выступаў сем з паловай гадоў таму ў “Парадзе дынастый”, працаваў таксама ў Гомелі, Оршы, Віцебску. А Стэфан Пятроў, акцёр па прафесіі, прыйшоў у цырк літаральна некалькі месяцаў таму і адразу пераўзышоў Яўгена па росце — 191 см супраць 160-ці.
З беларускай дынастыі і Андрэй Цяплыгін з дрэсіраванымі малпачкамі (асаблівую зайздрасць дзятвы выклікае палёт на паветраным шары). Менавіта ў нашым цырку нараджаўся нумар “Эквілібрысты на канаце”, дзе да Алега Лабанава далучылася юная гімнастка, што адначасова займалася ў цыркавой студыі.
Праграма атрымалася вельмі размаітай — не толькі па жанрах, але і па тэматыцы нумароў, нават па іх узроставым цэнзе, хаця ўся праграма цалкам пазначана як 0+. Не ўпэўнена, што мальцы ўцямяць “мастацка-інтэлектуальную” скіраванасць клоўнскіх рэпрыз з дуэллю Пушкіна, Танцам маленькіх лебедзяў і Канканам Афенбаха ў ластах, а вось як біць у пахвіну — навучацца дакладна. Іх дзядулі і бацькі больш упадабаюць танцоўшчыц, што там-сям разбаўляюць дзеянне. Асабліва калі тыя ў кідкіх бюстгальтарах з бліскаўкамі пад расшпіленымі пінжакамі. Не, я не супраць гуллівага сэксі, але некаторым нумарам ды трукам, нават надзвычай цяжкім для выканання, усё ж не хапала эстэтычнасці. Часам увогуле складалася ўражанне, што галоўнай мэтай такіх нумароў ці іх фрагментаў былі пераадоленні складанасцей, устаноўка на “ўпершыню” і як мага большую затратнасць высілкаў, а не ўласна мастацкія ўражанні і радасць публікі. Бо калі малпачка ў сукеначцы ўтрымлівае хвосцікам мячык, прыціскаючы яго да заду, гэта можа выклікаць і цалкам фізіялагічныя асацыяцыі. Затое смешныя гусі, што скатваюцца з горкі, як гэта любяць рабіць дзеці, выклікаюць мора пазітыву. Але ж Майла не надае гэтаму нумару каштоўнасці, маўляў, ён не арыгінальны, у Еўропе такіх многа. Дык, можа, менавіта таму ён такі папулярны, што пры мінімуме выдаткаў дорыць максімум лепшых эмоцый? У цырку ўвогуле вельмі важная лёгкасць выканання — канешне, уяўная, але менавіта яна дазваляе не шкадаваць артыстаў (бедненькія, яны так стараюцца, а мне ад гэтага ні холадна ні горача), а радавацца іх дасягненням.
Больш фантазійнай, пэўна, магла быць сюжэтная канва. Калі ўжо ўсе шукаюць слана, дык паветраная гімнастыка можа быць прыпаднесена як магчымасць агледзець наваколле, выступленні жывёл — як жаданне запытаць у іх, ці не бачылі свайго сябра. А выступленне Паўла Сінельнікава на рэйнскім коле ў вобразе трэнера па фітнесе — можа, сланіха вырашыла схуднець ды запісалася да яго на аэробіку?
Не надае імпэту і пачатак праграмы: аркестравая ўверцюра гучыць у цемры, хіба з расквечаным купалам-столлю — прытым што сёння нават у оперы інструментальныя ўступы ды інтэрмедыі набываюць тэатралізацыю. На пустую арэну выходзіць шпрэхшталмайстар, сумна распавядае гісторыю пра тое, як згубіўся слон. І толькі пасля гэтага цыркавая прастора запаўняецца артыстамі і глядач атрымлівае сваю порцыю свята. Канчатковае ж разуменне таго, што ты ў цырку, прыходзіць разам з квартэтам акрабатаў на джамперах, якіх дзяўчынка назвала “паласатымі зайчыкамі”, бо кожны з іх і сапраўды нагадваў Трусіка з “Алісы ў Краіне цудаў”.
— Не хачу, каб мае ўнукі вывучалі жывёл толькі па карцінках, — сказаў у час прэс-канферэнцыі В.Грыгалюнас, адказваючы на пытанне пра забарону выступленняў жывёл у некаторых краінах. — Набываючы квіткі, нашы гледачы заўсёды запытваюць, якія жывёлы будуць. У нас былі бегемот, насарог, морж, пінгвіны — цяпер вось слон. Жывёлы ў цырку знаходзяцца ў лепшых умовах, чым у жывой прыродзе, таму і жывуць долей.
Ну а пра тое, як цырк падаўжае жыццё гледачоў, ведаюць усе. Хочаце праверыць? Прыходзьце!
Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ