Сама па сабе казка добра вядомая дзецям ужо некалькіх пакаленняў. У савецкія часы многія не падазравалі, што Аляксандр Волкаў пісаў яе па матывах амерыканскага “Дзіўнага Чараўніка з краіны Оз”, але ў кожнай новай рэдакцыі ўсё больш адыходзіў ад арыгіналу і потым прыдумляў самастойныя працягі гэтай гісторыі — як сказалі б сёння, сіквелы. Абодва кніжныя “Чараўнікі” за гады свайго існавання “начаравалі” безліч тэатральных пастановак, кінастужак і мультфільмаў, скарылі музычную сцэну, пракраліся ў камп’ютарныя гульні — адным словам, сталі неад’емнай часткай дзіцячай шоу-індустрыі з недзіцячымі бюджэтамі. Не засталася ўбаку і Беларусь — дастаткова згадаць музычную казку “Чараўніцтва ў краіне Оз” кампазітара Алены Атрашкевіч, увасобленую Веніямінам Растрыжэнкавым у 1997-м у Мінскім абласным драмтэатры, што ў Маладзечне.
Цяперашні мюзікл паводле аповесці А.Волкава напісаны ў 2019-м маскоўскім кампазітарам Яўгенам Заготам — адмыслова для Краснадарскага музычнага тэатра “Прэм’ера”, з якім кампазітар супрацоўнічаў раней. Аўтарам інсцэніроўкі выступіў галоўны рэжысёр і балетмайстар гэтага тэатра Аляксандр Мацко. Вершы належаць кіраўніку маскоўскага рэкламнага агенцтва Андрэю Слепчанку, для якога гэта была першая такая спроба — і вельмі ўдалая. Пазней мюзікл быў пастаўлены таксама ў Алтайскім музычным тэатры ў Барнауле, у Музычным тэатры Кузбаса ў Кемераве — нарэшце, у нас і амаль адначасова ў Хабараўску, дзе прэм’ера адбылася акурат на наступны дзень пасля нашай, што прайшла 24 снежня на сцэне Палаца культуры
МАЗа.
Пры гэтым ніводная з пастановак не з’яўляецца пераносам, штораз гэта цалкам новыя версіі. Я іх не бачыла. Але мяркуючы па шматлікіх фота і некаторых выкладзеных у Сеціва фрагментах, у тым ліку ў расійскіх блоках навін, наш спектакль зроблены з куды большым пастаноўчым размахам. Бо ў якасці яго галоўных “чараўнікоў” выступіла спрактыкаваная каманда “Тэрыторыі мюзікла”: рэжысёр Настасся Грыненка, балетмайстар Дзмітрый Якубовіч, мастакі Андрэй Меранкоў (сцэнаграфія) і Юлія Бабаева (касцюмы).
Атрымаўся сапраўдны Брадвей, дый толькі! Чаго тут толькі няма: вялізная ступа, у якой злая чараўніца са страшэнным носам варыць зелле; машына на ранча бацькоў Элі, што павольна наварочвае кругі па сцэне; хатка, што ад урагану развальваецца на нашых вачах; пальчаткавыя лялькі-вароны; агромністая, ажно да каласнікоў, маска-галава Гудвіна, у якой жудасна свецяцца вочы, і шмат чаго іншага. Ну проста вяртанне шыку-бляску і эфектных барочных традыцый, што ўпрыгожвалі найноўшыя класіцысцкія оперы і балеты ў прыватных тэатрах Радзівілаў, Тызенгаўзаў, Зорычаў ды іншых беларускіх магнатаў у ХVІІІ стагоддзі.
Пра добры густ і мастацкую празорлівасць пастаноўшчыкаў сведчыць ужо сам зварот да твора Яўгена Загота — кампазітара, што называецца, моднага, запатрабаванага ў шоу-бізнесе. Днямі на расійскім тэлеканале “Культура” завяршыўся грандыёзны праект “Вялікі мюзікл”, дзе Я.Загот выступіў музычным прадзюсарам, аранжыроўшчыкам і галоўным дырыжорам. Дыпламант “Залатой маскі”, на сёння ён з’яўляецца адным з самых прызнаных расійскіх лідараў у гэтым жанры.
Музыка “Чараўніка...” і сапраўды сучасная, вельмі прафесійная, з элементамі полістылістыкі. Драматургія пабудавана не на чарадзе танных песенных куплетаў, а на змене разгорнутых, складана арганізаваных сцэн, кожная з якіх ужо сама па сабе можа прэтэндаваць на асобны завершаны міні-спектакль.
У сюжэтнай канве таксама ёсць цікавосткі. Людаед, да якога трапляе Элі, пакутуе: у яго алергія на ўсё, акрамя людзей. Таму ён і вымушаны іх есці. Вядома, казачныя героі-сябры вылечваюць небараку: даюць яму морквіну.
Спектакль мае некалькі акцёрскіх складаў, у ім занятыя практычна ўсе артысты калектыву, удзельнічаюць дзеці са школы-студыі пры тэатры. Усе працуюць не проста сумленна — літаральна на змор. Праўда, на самым першым паказе, куды я патрапіла, не ўсё было адладжана з гукарэжысурай: дэцыбелы часам зашкальвалі. Але гэта справа папраўная — як і далейшае “ўжыванне” артыстаў у няпросты музычны матэрыял, каб той прыпадносіўся з яшчэ большым смакам і асалодай. Хвалююць іншыя камяні, якія даводзіцца кінуць у гэтую папраўдзе сенсацыйную заваёву дзіцячай “мюзіклёвай” вяршыні.
Дзве дзеі без малога па паўтары гадзіны кожная — ці не занадта? Відовішча такой працягласці нават для дарослай аўдыторыі можа стаць выпрабаваннем. Мяне лёгка аспрэчыць, бо ў таго ж Э.Някрошуса ды іншых знакавых рэжысёраў ёсць пастаноўкі і па пяць гадзін. Але ж якой шалёнай энергетыкай, лавінай думак яны прасякнуты! “Чараўнік...” жа трымаецца на шалёным тэмпарытме. І такое мільгаценне фарбаў, усё новых персанажаў пачынае стамляць.
Але ўсё роўна крок, зроблены насустрач “беларускаму Брадвею”, трэба лічыць творчым подзвігам. Не магу толькі пазбавіцца крамольнай думкі: магчыма, нейкіх не менш значных вынікаў можна было дасягнуць і меншай крывёю? Як прыклад, угаварыўшы кампазітара на некаторыя купюры. Ці ўвогуле разбіўшы спектакль на дзве паўнавартасныя часткі, што ішлі б як гэткі “міні-серыял” — з працягам. Бо пазнака 6+ з аб’яўкай, што дзеці да пяці гадоў — бясплатна, выклікае наплыў малечы, для якой смарагд можа стацца непад’ёмным каменем, адбіўшы ахвоту да тэатра.