А двума днямі раней, 18 студзеня, Аляксандр Лукашэнка правёў нараду ў шырокім фармаце па выніках усенароднага абмеркавання праекта змяненняў Канстытуцыі.
Паводле яго слоў, ужо многія з удзельнікаў нарады наведалі працоўныя калектывы, арганізацыі, пабывалі ў рэгіёнах. “Уласна, і сам праект змяненняў Канстытуцыі — вынік шматлікіх дыскусій, сустрэч, абмеркаванняў на тых жа дыялогавых пляцоўках”, — сказаў Прэзідэнт.
Ужо цяпер бачна, што грамадства адгукнулася на ініцыятыву карэкціроўкі Асноўнага Закона краіны. Чарговым пацверджаннем гэтаму стала і паездка міністра культуры Анатолія Маркевіча ў Стаўбцоўскі раён, яго сустрэча і выступ перад людзьмі ў мясцовым Цэнтры культуры.
Праект абноўленай Канстытуцыі быў вынесены на ўсенароднае абмеркаванне пасля доўгай і плённай працы над ім спецыялістаў самага высокага ўзроўню.
“…Была створаная працоўная група, куды былі ўключаныя аксакалы, якія ведаюць жыццё, прайшлі гэтае жыццё, якія могуць аналізаваць... Ну, і Канстытуцыйная камісія. Яна разнапланавая. Тут людзі ўсялякія — ад моладзі да сівізны людзі”, — падкрэсліў беларускі лідар.
Разам з тым кіраўнік дзяржавы адзначыў, што “канчатковы праект абноўленай Канстытуцыі будзе ўнесены Прэзідэнтам на рэферэндум”.
Аляксандр Лукашэнка расказаў і аб тым, як далей у краіне будзе праходзіць канстытуцыйны працэс: “Далей два варыянты: або народ прымае змяненні да гэтай Канстытуцыі і ў нас з’яўляецца абноўленая Канстытуцыя, або ён адхіляе гэтыя прапановы і ў нас застаецца старая Канстытуцыя. У гэтым увесь адказ на пытанне, каму гэта выгадна і каму гэта трэба”.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ідэя аб наданні канстытуцыйнага статусу Усебеларускаму народнаму сходу якраз абмяркоўвалася ў рэчышчы таго, што цяперашняе пакаленне паступова адыходзіць ад улады, даючы магчымасць новаму прыйсці і спакойна кіраваць краінай.
Разам з тым Прэзідэнт растлумачыў: "Мы дакладна вызначыліся: пакаленне цяперашняе павінна не адысці. Яно нікуды не сыдзе — больш за палову насельніцтва. Куды яно сыдзе? Яно павінна адысці на запасныя шляхі, даць магчымасць новаму пакаленню прыйсці спакойна, без шуму… да ўлады. Мы не павінны канфліктаваць з ім. Мы павінны, назіраючы, накіроўваць туды, куды трэба".
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Усебеларускі народны сход якраз павінен адыграць гэту ролю. “Гэта правераны орган. Шэсць Усебеларускіх сходаў прайшло. Гэта ад жыцця канцэпцыя, што цяперашняе пакаленне за сабой пакідае нейкія рычагі кіравання”, — сказаў Прэзідэнт.
Пры гэтым лідар краіны акцэнтаваў увагу, што вельмі небяспечна дапусціць двоеўладдзе: “УНС павінен стрымліваць у чымсьці Прэзідэнта, усе органы ўлады — веча народнае. Але яно не павінна націскаць на Прэзідэнта, яго паўнамоцтвы”.