Хамсінам называюць жудасны афрыканскі вецер, што нясе з сабой пыл, пясок, разбурэнне. Перакладаецца слова як “пяцьдзясят”: менавіта столькі дзён звычайна працягваецца ў Ізраілі гэтае няпростае для людзей выпрабаванне. Але ж назву спектакля нельга трактаваць літаральна, яна набывае сімвалічны сэнс. Героі, што жывуць у пасляваенны час у адным з ізраільскіх пансіянатаў, перажываюць наступствы душэўнага хамсіна, прынесенага Халакостам. У кожнага з іх — свая гісторыя. Яны распавядаюць адзін аднаму асобныя старонкі свайго жыцця, і з гэтых кавалкаў мазаікі складаецца агульная карціна.
У аснову п’есы і спектакля быў пакладзены невялічкі аповед яўрэйскага аўтара пра вяселле, знойдзены пастаноўшчыкам “Хамсіна”, галоўным рэжысёрам Новага драматычнага Сяргеем Кулікоўскім, з верасня прызначаным мастацкім кіраўніком калектыву. Але звесткі пра тое апавяданне, неяк згаданыя ў адным з інтэрв’ю, не пазначаны ні ў анонсах спектакля на сайце тэатра, ні ў праграмцы. Можа, яшчэ і таму, што гэтая лінія не з’яўляецца асноўнай: у спектаклі ўвогуле амаль няма звыклага “закручанага” сюжэту. Гісторыя пра “няроўны”, на першы погляд, але насамрэч шчаслівы шлюб атрымлівае нейкае развіццё хіба ў другой дзеі. Уся першая пры гэтым — надзвычай разгорнутая экспазіцыя, шчодра населеная не толькі галоўнымі, але куды больш — другаснымі, здавалася б, персанажамі. Ды ў гэтым і заключаецца ўвесь смак п’есы, створанай былой артысткай нашага ТЮГа Таццянай Жданавай.
Дарэчы, падобная “аскепкавая” драматургія, дзе героі толькі ў фінале аповеду аказваюцца непасрэдна звязанымі сваймі лёсамі, — адна з сучасных тэндэнцый развіцця мастацтва тэатра і кінематографа. Постмадэрнісцкімі прыёмамі ўспрымаюцца і таямнічая сцэна сна, з якой пачынаецца дзея, і само імя цэнтральнага героя — Манфрэд, што вядзе да змрочна неўтаймаванай рамантыкі Байрана. Акрамя ўсяго, спектакль азначаны жанрам з відавочнай музычнай спасылкай — “яўрэйская рапсодыя”, што прадугледжвае вольнае “рамантычнае” формаўтварэнне, заснаванае на эмацыйных усплёсках, а не падпарадкаванае строгаму лагічнаму ланцужку.
Рапсадыйнасць спектакля выяўляецца таксама ў яго агульным апавядальным тоне, дзе кожная асобная навэла — шчымлівая споведзь душы, балючыя ўспаміны чалавека пра перажытую вайну, блізкія да так званага “дакументальнага” тэатра. І дзе за кожнай трагічнай дэталлю, што быццам хіліць долу, гулкім званочкам узнімаецца звонкі спадзеў на шчасце, аздоблены непаўторным яўрэйскім гумарам.
Сцэны са спектакля “Хамсін”.
Сцэнаграфія Святланы Макаранка — крэслы, пара невялічкіх круглых столікаў, напаўпразрыстыя фіранкі, падсветленыя рознымі колерамі (мастак па святле — Уладзіслаў Рыхтэр) ці сплеценыя ў падабенства магутнай разгалінаванай кроны, што нагадвае радавое дрэва. Такая ж няхітрая рэжысура (згаданы С.Кулікоўскі), вельмі простая харэаграфія — побытавай, а не ўзнёсла рамантызаванай скіраванасці (Марына Баранава). Усё гэта пакідае на першым плане артыстаў (Алега Радкевіча, Наталлю Капітонаву, Валерыя Глазкова, Эдуарда Вайніловіча і інш.), засяроджвае ўвагу гледача на душэўных памкненнях іх персанажаў. Акцёры не падводзяць. Некаторыя з іх, яшчэ нядаўна (а хтосьці і дагэтуль) працуючы ў розных іншых калектывах, выдаюць тут папраўдзе ансамблевую ігру, у якую верыш, бы ў тую дакументалістыку.
Адно шкада: на нядаўні ХХV Міжнародны тэатральны фестываль “Белая Вежа”, што ладзіўся ў верасні ў Брэсце, ад Новага драматычнага тэатра быў абраны іншы спектакль — “Нобелеўскі тыдзень”, што саступае “Хамсіну” па ўсіх параметрах, пачынаючы з п’есы.
Пэўна, маюць рацыю тыя, хто параўноўвае спектаклі з людзьмі: маўляў, у кожнага — свой лёс, не заўжды заслужаны. Так здарылася, што раней Новы драматычны амаль не ўдзельнічаў у фестывальным руху. І раптам, бы падарунак да юбілею — такі буйны форум. У некалькіх блоках навін культуры з’явілася радасная навіна, што “Нобелеўскі тыдзень” стаў лаўрэатам “Белай Вежы”. А на сайце Беларускага саюза тэатральных дзеячаў змешчаны яшчэ і сатырычныя выпады на адрас запрошаных у Брэст крытыкаў, у тым ліку з Масквы, што не ацанілі гэты спектакль. Усё так, ды тая інфармацыя патрабуе каментару.
Асаблівасцю брэсцкага форуму з’яўляецца тое, што яго арганізатары вельмі імкнуцца заахвоціць удзельнікаў, а таму выдаюць лаўрэацкія дыпломы абсалютна ўсім тэатрам без выключэння, прычым адразу па завяршэнні прывезенага на фестываль спектакля, яшчэ да пачатку ўсялякіх абмеркаванняў. Апошнія, вядома, часцяком бываюць крытычнымі, але заўжды — этычна вытрыманымі і прафесійна дакладнымі. Здараецца, крытыкі спрачаюцца не толькі з пастаноўчай камандай, але і між сабой, што дадатковы раз сведчыць пра эксперыментальнасць, неадназначнасць некаторых спектакляў. Нармальная мастацкая з’ява! Як і тое, што некаторыя калектывы просяць выказаць меркаванні наконт іх творчых прац не публічна, заўтрашняй раніцай, а ў закрытым фармаце, адразу пасля паказу: хтосьці хутка з’язджае, а хтосьці, разумеючы недахопы, папросту не хоча залішняга розгаласу. Арганізатары і крытыкі, якім пры адначасовым паказе некалькіх спектакляў на розных пляцоўках даводзіцца падзяляцца, заўсёды ідуць насустрач. Так адбылося і з “Нобелеўскім тыднем”: на яго выправіліся двое тэатразнаўцаў з пяці, гатовыя размаўляць адразу пасля заканчэння спектакля. Ды толькі рэжысёр да іх не выйшаў, а паслаў “ганца” — перадаць, што патрэбы ў крытыцы не мае.
Сцэны са спектакля “Нобелеўскі тыдзень”.
Я глядзела “…Тыдзень” яшчэ ў Мінску ў час прэм’еры — і, разумеючы права творцаў на памылку, вырашыла пра спектакль на газетных старонках “журботна прамаўчаць”. Хіба са скрухай на сэрцы падзялілася ўражаннямі з тымі супрацоўнікамі тэатра, хто сам да мяне звяртаўся. Што ж, цяперашняя ананімная публікацыя на сайце БСТД пра высокае прызнанне спектакля і ганьбу крытыкаў вымушае мяне абнародаваць свае заўвагі — хаця б дзеля справядлівасці.
Галоўны недахоп п’есы Валянціна Пепяляева — у залішняй публіцыстычнасці выказванняў герояў. У рэальнасці ж ці ў сне, што напаткаў героя, — газетнымі лозунгамі не размаўляюць.
Галоўны плюс спектакля, пастаўленага С.Кулікоўскім, — цікавая праца маладога мастака Лідзіі Малашэнка: люстэркавыя сферы, што складаюцца-раскладаюцца, відэапраекцыі на іх (на жаль, скарыстаныя не заўсёды паслядоўна), фантазійныя касцюмы, што адразу раскрываюць тыпажы ды характары сваіх уладальнікаў. І хаця гэта далёка не першы сцэнаграфічны выхад мастачкі (у адным толькі Новым драматычным — ажно пяты яе спектакль), ён папраўдзе адкрыў яе імя шырокай публіцы. А тэатр працягнуў з ёй супрацоўніцтва: цяперашнія “Вадэвілі” таксама афармляла яна.
Наперадзе ў калектыва — новыя прэм’еры (нагадаем, іх запланавана пяць). Дарэчы, такая даволі значная колькасць — гэта не толькі даніна юбілею, але і вытворчая неабходнасць: змяніўшы акцёрскі склад, тэатр напрацоўвае разлічаны на новых артыстаў рэпертуар. Спадзяемся, усё будзе рэалізавана паспяхова!
Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ