Перад пачаткам працы работнікаў міністэрства сустрэлі аўтэнтычнымі песнямі. Потым навуковы супрацоўнік музея распавёў гісторыю садоў у Беларусі. Да сярэдзіны XIX стагоддзя ў сялян сады не практыкаваліся, а былі яны пры шляхецкіх фальварках. Але ў пачатку XX стагоддзя з’яўляюцца вёскі, якія ўжо спецыялізаваліся на продажы садавіны. Дзякуючы Мікалаю Вавілаву і створанаму ў Лошыцы інстытуту раслінаводства з’явіліся гатункі дрэў, якія вырошчваліся на прыватных падвор’ях краіны.
Пасля невялічкай размовы работа пачалася. Анатолій Маркевіч асабіста саджаў рад дрэўцаў. У яго ёсць свой дом з садам, жыццё і побыт беларускай вёскі міністр культуры ведае добра, таму да такой работы прывычны, больш за тое — любіць яе і шануе. Яшчэ будучы настаўнікам Анатолій Мечыслававіч саджаў школьныя сады. Потым і каля Брэсцкай крэпасці таксама высаджваў дрэўцы, а цяпер у камандзіроўках міністр падыходзіць да іх, каб паглядзець, як яны прыжыліся, дакрануцца і ўзгадаць тыя часы.
Яшчэ ў красавіку ў міністэрстве ўзнікла ідэя размясціць на тэрыторыі музея таксама і хатніх жывёл, што цяпер і зроблена.
Ірына Карповіч, начальнік упраўлення культуры і народнай творчасці, распавядае, што працаваць на свежым паветры вельмі добра, бо гэта змена дзейнасці, а значыць, і актыўны адпачынак. У яе сям’і ёсць прысядзібны ўчастак, дзе растуць туі, вішні, а хутка з’явяцца і яблыні. А вось Альгерд Чарняўскі, начальнік аддзела па арганізацыі навукова-праектнага і метадычнага забеспячэння міністэрства, распавёў, што ў яго бацькі ў Лагойскім раёне ёсць участак у 30 сотак, дзе растуць розныя віды дрэў.
Працаваў на пасадцы саджанцаў таксама і Андрэй Дзічкоўскі, кансультант фінансава-эканамічнага ўпраўлення міністэрства. Мінулай суботай ён з супрацоўнікамі міністэрства культуры высаджваў лес пад Стаўбцамі. Зараз таксама працаваў з калегамі на свежым паветры. Па яго словах, ён захацеў стаць у любым музеі, дзе бываў неаднаразова на святах, не толькі госцем, але і крыху гаспадаром, зрабіўшы свой унёсак у калектыўную працу.
Застаецца дадаць, што надвор’е было сонечнае, спрыяльнае, і павольная справа пайшла на карысць усім.