Дата мерапрыемства — 28 верасня — была выбрана невыпадкова, бо менавіта ў верасні адзначаецца дзень Інстытутаў Канфуцыя, якія сёння адкрыты па ўсім свеце, і шэсць з іх — у нашай краіне. Гэта дзень нараджэння Канфуцыя, альбо Дзень нацыянальнага настаўніка, старажытнага філосафа, які аказаў велізарны ўплыў не толькі на кітайскую цывілізацыю, але і наогул на сусветную культуру.
У сімвалічнай цырымоніі разразання чырвонай стужкі прынялі ўдзел першы прарэктар БДУ Дзмітрый Мядзведзеў, дырэктар РІКК Анатоль Тозік, рэктар БДУКМ Наталля Карчэўская і загадчык кафедры культуралогіі БДУКМ Аляксандр Смолік. Прывітальныя словы ўдзельнікаў былі прызначаны актуалізацыі ўзаемадзеяння дзвюх устаноў вышэйшай адукацыі па папулярызацыі культуры і традыцый Кітая. Наталля Карчэўская выказала падзяку за магчымасць супрацоўніцтва і адзначыла сімвалічнасць стварэння новай структуры ў год 100-годдзя найстарэйшага ўніверсітэта Беларусі.
Перад гасцямі мерапрыемства выступілі творчыя калектывы БДУКМ — ансамбль беларускіх цымбалістаў і хор кітайскіх студэнтаў “Садружнасць”. З навуковай дзейнасцю вучэбных устаноў можна было пазнаёміцца на выставе навуковай і вучэбнай літаратуры супрацоўнікаў РІКК і БДУКМ. Таксама для кітайскіх і беларускіх гасцей была арганізавана экскурсія па інстытуце.
Пабудова міжкультурнага дыялогу паміж краінамі праз адукацыйны працэс — важны напрамак работы кафедры культуралогіі БДУКМ. Першы кітайскі магістрант быў выпушчаны ў 2013 г. За восем гадоў з ліку кітайскіх студэнтаў кафедра падрыхтавала трох дактароў навук, 28 магістраў, якія навучаліся на рускай мове, і 25 магістраў з англійскай мовай навучання. Менавіта плённая даследчая праца кафедры стала асноўным матывам адкрыцця філіяла кафедры культуралогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў на базе Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя.
Ініцыятыва адкрыцця філіяла — гэта шлях да аб’яднання вопыта дзвюх краін у напрамку ўдасканалення працэсу адукацыі, а таксама пашырэння інтэграцыйных сувязей у інтарэсах развіцця сістэмы падрыхтоўкі кітайскіх навучэнцаў.
Дзейнасць філіяла кафедры культуралогіі будзе накіравана на ўмацаванне навуковых і адукацыйных сувязей РІКК БДУ са спецыялістамі ў галіне кітайскай культуры і паляпшэнне якасці падрыхтоўкі кітайскіх магістрантаў і аспірантаў БДУКМ. Плануецца сумесная арганізацыя навуковых і навукова-практычных мерапрыемстваў, тэматычных круглых сталоў, лекцый і семінараў па гісторыі і культуры Кітая, правядзенне навучальных і вытворчых практык для кітайскіх магістрантаў і аспірантаў, удзел выкладчыкаў інстытута ў распрацоўцы тэм навуковых, магістарскіх і кандыдацкіх прац з далейшым укараненнем вынікаў даследаванняў у навукова-практычную і адукацыйную дзейнасць устаноў.
Жадаю супрацоўнікам філіялу паспяховага старту і плённай працы!
В. М. САКАЛОВА, кандыдат культуралогіі, дацэнт кафедры культуралогіі БДУКМ Фота Дзіяны ПУГАЧОВАЙ