Праз некаторы час пасля з’яднання на далучаныя тэрыторыі выправіліся спецыяльныя камісіі, у выніку чаго некаторыя творчыя калектывы таго рэгіёна атрымалі статус дзяржаўных. Менавіта такім чынам Беларуская дзяржаўная філармонія, адкрытая ў 1937 годзе, папоўнілася харавой капэлай і джазавым бэндам. Справа ў тым, што паводле распрацаванай у Маскве “інструкцыі”, неабходнай да выканання, філармоніі саюзных рэспублік павінны былі ўтрымліваць наступныя абавязковыя калектывы: сімфанічны аркестр, аркестр народных інструментаў, харавую капэлу і “духавы, джазавы аркестр”. Апошні пункт фармуляваўся менавіта так, праз коску. Бо трывалага азначэння, у чым менавіта асаблівасць джазу, акрамя ўдзелу духавых і ўдарных інструментаў, на той час практычна не было. Джаз успрымаўся як мастацтва прыгнечаных капіталізмам афрыканскіх народаў, а таму карыстаўся падтрымкай савецкай улады (сітуацыя рэзка зменіцца ў пасляваенны час, у гады халоднай вайны, калі джаз будзе асацыявацца з заходняй і найперш амерыканскай культурай, а джазавая імправізацыя стане сімвалам волі, свабоды).
Цяперашняя Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Рыгора Шырмы, афіцыйна ўтвораная ў лютым 1940 года, да таго часу была аматарскім калектывам на чале з Рыгорам Раманавічам — апантаным збіральнікам і папулярызатарам беларускага фальклору. Апрацоўкі беларускіх народных песень, зробленыя ім ды іншымі заходнебеларускімі музыкантамі, і дагэтуль застаюцца неацэнным скарбам нашай культуры.
Ёсць нейкі парадокс у тым, што ў 1920 — 30-я гады беларуская нацыянальная культура мела адзіную стылёвую прастору. Незалежна ад палітычнага падзелу і, адпаведна, ад розных эстэтычных прыярытэтаў, што панавалі ў Польшчы і СССР, яна развівалася практычна аднолькава — з арыентацыяй на класіка-рамантычныя павевы сярэдзіны ХІХ стагоддзя. На ўсходзе такая стылёвая мадэль была адзінай і прадугледжвалася сацыялістычным рэалізмам. Для польскай музычнай культуры — даўно пройдзеным этапам, што саступіў месца імпрэсіянізму, а пазней авангарду. Чаму ж беларускія творцы не пераймалі тыя найноўшыя тэндэнцыі, што былі ў трэндзе? Бо хацелі, як і іх савецкія супляменнікі, “беларусамі звацца”, не згубіцца на фоне багатага мастацтва іншай краіны, захаваць і падкрэсліць сваю адметнасць. Усё, што яны рабілі ў гэтым кірунку, рухалася не палітычна-эканамічнымі разлікамі, а выключна сэрцам, шчырымі памкненнямі. Таму і мела такі імклівы ўзлёт — насуперак усяму.
Значнай старонкай стала і з’яўленне калектыву, названага “Дзяржджаз БССР”. Нязручнае для вымаўлення “рждж” стала наступствам рускамоўнай калькі — “Госджаз”. А само ўзнікненне аркестра (больш дакладна па музычных мерках — ансамбля) падобна да дэтэктыву.
“Адборачная камісія” выправілася ў Беласток, дзе на канец 1939 года існавалі ажно тры выбітныя джазавыя калектывы — і ніводны з іх не скардзіўся на адсутнасць публікі ці “нездаровую канкурэнцыю” з боку калег. На той час на тэрыторыі Заходняй Беларусі існавала безліч разнастайных кабарэ, дзе паспяхова развівалася эстрада, на тэрыторыі БССР практычна адсутная — насамрэч замененая на так званыя савецкія масавыя песні. Распаўсюджаны былі і аматарскія гітарныя аркестры: гэты інструмент, бадай, быў самым папулярным сярод простых жыхароў гарадоў і мястэчак. Але ж камісію цікавіў “духавы, джазавы” аркестр! Таму на “Джаз-гол”, што быў вакальным ансамблем накшталт сучаснай “Камераты”, увагу не звярнулі. Паслухалі калектыў на чале з Ежы Пецярсбурскім (а гэта аўтар такіх хітоў, як “Стомленае сонца”, “Сіняя хустачка”) — і ў прэсе нават было надрукавана паведамленне, што менавіта гэты аркестр стане дзяржаўным. А літаральна назаўтра, акурат 1 студзеня (не будзем забываць, што да 1947 года гэты дзень у СССР быў працоўным), рашэнне змянілася: Дзярджазам БССР стаў калектыў на чале з Ежы Бяльзацкім (вядома, гэтага кіраўніка і кампазітара перайменавалі ў Юрыя). Па просьбе апошняга запрасілі трубача Эдзі Рознера, які тады знаходзіўся ў Львове. І дзейнасць гэтага аркестра стала яскравай старонкай развіцця джаза не толькі ў Беларусі, але і, праз шматлікія гастролі, па ўсёй вялізнай савецкай дзяржаве.
А ў пасляваенны час флагманамі беларускай музыкі, што вызначалі найбольш перспектыўныя шляхі яе далейшага развіцця, сталі такія кампазітары, як Леў Абеліёвіч, Эдзі Тырманд, Генрых Вагнер. Бо ў сілу свайго “заходняга” паходжання яны куды лепей ведалі найноўшыя еўрапейскія мастацкія знаходкі Еўропы і свету і былі больш адкрытыя да эксперыментаў з выкарыстаннем сучасных сродкаў выразнасці. І тое, што сёння іх імёны і творы залатымі літарамі ўпісаны ў класіку беларускай музыкі ХХ стагоддзя, — цалкам заканамерна.