Ёсць нейкая магія лічбаў у тым, што 89-ы сезон адкрываецца операй, напісанай і ўпершыню пастаўленай у 89-м — у часы савецкай перабудовы, можна сказаць, на досвітку далейшай Незалежнасці краіны. Той спектакль, пратрымаўшыся ў рэпертуары каля чвэрці стагоддзя, стаў “лідарам пракату” сярод беларускіх опер усіх часоў. Але цяперашняя прэм’ера — не проста новая версія сцэнічнага прачытання вядомай партытуры. Гэта яшчэ і шмат у чым новая музыка!
Уладзімір Солтан трагічна загінуў у 1997-м, але рэжысёр Ганна Маторная і дырыжор Андрэй Іваноў звязаліся з нашчадкамі, каб аднавіць некаторыя нявыкарыстаныя раней фрагменты. Справа ў тым, што творы, патрапіўшы ў тэатр, звычайна рэдагуюцца ў адпаведнасці з пастаноўчай задумай. А гэта опера і ўвогуле, можна сказаць, стваралася калектыўна — прыблізна так, як часцяком рабілася ў савецкіх тэатрах з 1930-х гадоў.
ІДЭЯ СА “...СТАХАМ”
Жаданне звярнуцца да аднайменнай аповесці Уладзіміра Караткевіча ўзнікла ў заслужанага артыста Беларусі, тагачаснага саліста тэатра Віктара Скорабагатава. У партыі збіральніка фальклору Беларэцкага ён шмат у чым увасобіў сябе самога: неўзабаве стварыў “Беларускую капэлу”, скіраваную на пошук, вывучэнне і папулярызацыю помнікаў старадаўняй айчыннай музычнай культуры. А тую ідэю са “…Стахам” падтрымалі і ў тэатры, і ў Міністэрстве культуры, замовіўшы музыку маладому на той час кампазітару Уладзіміру Солтану — нядаўняму выпускніку прафесара, народнага артыста Беларусі Анатоля Багатырова. Лібрэтыстам выступіла Святлана Клімковіч. Напісаныя старонкі адразу прыносіліся ў тэатр для абмеркавання, кожны выказваў аўтарам заўвагі, просьбы (маўляў, зрабіце для мяне так і гэтак), даваў парады. Падобная практыка дае плён сярод аднадумцаў. Але наша трупа, узрошчаная амаль выключна на класіцы ХІХ стагоддзя, арыентавалася на традыцыйную драматургічна-стылёвую мадэль, што і была тады ўвасоблена.
Як паказала цяперашняя прэм’ера, тагачасныя нерэалізаваныя кампазітарскія задумы і накіды, памножаныя на крэатыўны пастаноўчы падыход, далі зусім іншую оперу — куды больш сучасную нават па сваёй драматургіі.
Спектакль пабудаваны па законах дэтэктыва і нават хорару. Замест звыклага опернага раскладу (экспазіцыя, завязка, кульмінацыя, развязка) глядач адразу паглыбляецца ў атмасферу страху, мільгацення таямнічых падзей. Рэжысёр дадае такіх персанажаў Караткевіча (вядома, бязмоўных, бо не дапішаш за кампазітара іх магчымыя рэплікі), як Малы балотны чалавек, прывіды Блакітнай жанчыны. Больш падрабязнае знаёмства з галоўнымі героямі ажыццяўляецца не столькі праз арыі, колькі праз “партрэтныя” маналогі-развагі і ўвогуле адкладзена на другую дзею. Тая пачынаецца цяпер не з тужлівай песні селяніна Рыгора, а з відовішчнай народнай сцэны калядных абрадаў. Гэты кантраст яшчэ больш падкрэслівае сімволіку кожнай пастаноўчай дэталі.
Цягам усяго спектакля на авансцэне застаюцца гадзіннікі. Таямнічыя сведкі, яны быццам жывуць сваім уласным жыццём: то ідуць, то прыкідваюцца паламанымі, каб потым усё роўна выпраменьваць інфернальнае святло. І тым самым працягваюць зададзены і вытрыманы ў спектаклі дуалізм жывога і мёртвага, перададзены, у тым ліку, сістэмай двайнікоў, пры якой некаторыя героі маюць сваё супрацьлеглае адлюстраванне. Стах на партрэце ператвараецца ў чэрап. Засмажаны вяпрук у атачэнні ваяўнічых гасцей Дубатоўка — у шкілет, з якога тырчаць вантробы. Берман з выбеленым тварам — бы жывы мярцвяк. Нават частка вясельнага абраду ў пачатку другой дзеі асацыюецца з пакладаннем у труну.
Добра распрацаваны сам архетып палявання, у свой час даследаваны ў беларускай музыцы Радаславай Аладавай. Для яго больш яркай тэмбравай абмалёўкі кампазітар прадугледзеў старадаўнія беларускія сурмы — доўгія паляўнічыя трубы, што вырабляліся з суцэльнага дрэва. Для цяперашняй пастаноўкі іх вырабіў майстар Алесь Лось, пры гэтым у спектаклі задзейнічаны і сурмы з ранейшай сцэнічнай версіі. Фальклорны струмень традыцыйна спалучаны з тэмбрам жалейкі, змайстраванай Уладзімірам Пузынем.
ГЛЫБЕЙШАЯ ЗА ДЭТЭКТЫЎ
Гэта супрацьстаўленне жыватворнай, стваральнай народнай культуры і жудаснага, разбуральнага палявання пададзена і вонкава — праз два розныя абліччы каня. Для сялян ён — галоўны кармільца: і поле ўзараць, і дроў прывезці. Невыпадкова рэжысёр вывела на сцэну сапраўднага жывога каня — самага звычайнага, без аніякай спецыяльнай выпраўкі ды цыркавой падрыхтоўкі. Кранальны ў сваёй безабароннасці, ён мірна жуе сена. Такое рашэнне не прыхамаць, не даніна модзе, не жаданне ўразіць публіку “жывёлінай з заапарка”, а ключ да разумення больш глыбокай за дэтэктыў маральна-філасофскай, духоўнай лініі спектакля. А вось узброены вершнік на кані нясе небяспеку. Дзікае паляванне — гэта жахлівыя ў сваёй велічнасці металічныя скульптуры “Вершнікі на дрыкгантах”, зробленыя Уладзімірам Піліным і Канстанцінам Касцючэнкам, сынам памерлага галоўнага мастака тэатра Аляксандра Касцючэнкі. Падвешаныя “між небам і зямлёй”, яны павольна рухаюцца, спускаюцца долу за сваёй ахвярай, каб загнаць яе ў дрыгву.
Той жа холад металу — у сцэне балю. Мы бачым яго быццам вачыма Яноўскай, таму і вырашаны ён як жахлівы карнавал. Ніякай побытавай жанравасці, шляхетнага бляску “вечарынкі ў палацы”. Госці — у масках, ваяўнічых строях. Дубатоўк — у масцы мядзведзя. А над усім — танцы за кратамі. На такое параўнанне наводзяць і рашоткі палацавай агароджы, і каркас старадаўняй сукенкі, што сціскае гераіню з усіх бакоў, і яна, бы тая птушка ці загнаны звярок, біецца ў клетцы.
Спектакль атрымаўся шматгранны, прасякнуты сімволікай. Чым далей разгортваецца дзея, тым больш ён мадулюе ад дэтэктыву да прыпавесці. Ад гістарычных рэалій, памножаных на фэнтэзі, — да актуальных праблем сучаснасці. Размаўляе з гледачом на самыя набалелыя тэмы — шчырасці і крывадушнасці, волі і прыгнёту (маральнага ці фізічнага — не так важна), адданасці і здрады, духоўнага святла і д’ябальскай цемры. Хіба ўсё пералічыш? Бо пры другім, трэцім праглядах адкрываюцца ўсё новыя дэталі, не заўважаныя раней. Дый кожны з трох, а то і чатырох складаў артыстаў уносіць разыначку, па-свойму расстаўляе сэнсавыя акцэнты. А як іначай, калі тут нават сярод гадзіннікаў няма двух падобных? Кожны з іх — увасабленне непаўторнай індывідуальнасці, згубіць якую — незаменная страта. Што ж тады казаць пра людзей?
ТРЫВАЛЫ ПАСТУЛАТ
Таму ў згаданым дуалізме жывога і мёртвага перамагае не хтосьці з герояў, а самое жыццё, што азарае кожнага непадобнасцю да іншых. Гэты пастулат спектакля застаецца трывалым. Астатняе — змяняецца разам з самімі персанажамі, характар якіх вызначаюць спевакі.
Так, Алена Золава і Уладзімір Громаў плённа развіваюць тэму кранальна шчырага выратавальнага кахання, чым набліжаюць спектакль да меладрамы. Марта Данусевіч і Уладзімір Пятроў трактуюць узаемаадносіны герояў як раўназначнае бацькоўска-дачкоўскае партнёрства, заснаванае на любові і ўзаемапавазе. Іх персанажы вартыя адзін аднаго і нават у чымсьці падобныя: абодва могуць сумнявацца ў сабе, але валодаюць вялікім духоўным патэнцыялам, маюць моцныя характары. Таццяна Гаўрылава і Аляксандр Гонца, які нядаўна з’явіўся ў нашым тэатры, “эмігрыраваўшы” на радзіму пасля вучобы і працы ў Расіі, увасабляюць унутранае прыцягненне ў класічным раскладзе запалоханай ахвяры, амаль даведзенай да страты розуму, і яе абаронцы, не надта схільнага да бурнай праявы эмоцый. Але на адкрыцці сезона Марта Данусевіч будзе спяваць з Уладзімірам Громавым — значыць, мы ўбачым яшчэ адзін варыянт раскладу ўнутры пары!
Вельмі рознымі атрымліваюцца і іншыя героі. Дубатоўк можа быць як пярэваратнем (Дзмітрый Шабеця), так і відавочным д’яблам (Сяргей Франкоўскі). Ягоны бліжэйшы паплечнік Варона, закаханы ў Яноўскую, — як гранічна жорсткім (Станіслаў Трыфанаў), так і насамрэч больш мяккім, што імкнецца паказаць сваю адпаведнасць сумнеўнай кампаніі (Андрэй Сялюцін). Свеціловіч — як горача закаханым (Тарас Прысяжнюк), так і крыху самаўлюбёным, у чымсьці саманадзейным (Аляксандр Міхнюк) ці ўвогуле “празрыста” тонкім інтэлігентам, здольным хаваць пачуцці ў душы, не расплёскваючы іх на публіку (Юрый Гарадзецкі). Рыгор паўстае і простым беларускім селянінам, мудрасць якога заснавана на багатым жыццёвым вопыце (Аляксандр Кеда), і зусім няпростым чалавекам, з якога мог бы ўзрасці дапытлівы даследчык (Андрэй Валенцій).
Але ў гэтым сезоне мы ўбачым не толькі новыя спалучэнні складу салістаў, але і іншых дырыжораў за пультам. Так, паказы ў верасні і кастрычніку правядзе Уладзімір Авадок. А гэта значыць, што, магчыма, нас чакаюць новыя цікавыя дэталі, бо кожны інтэрпрэтатар, нават абапіраючыся на распрацаваны варыянт, уносіць штосьці сваё. Адкрыцці працягваюцца!
Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ