— Пачынала я ўвогуле з ткацтва, і званне народнага майстра атрымала менавіта за яго. Я ткач і па адукацыі — скончыла ў Віцебску вучылішча лёгкай прамысловасці. З маленства нешта шыла, вышывала, вязала — гэта мне перадалося ад мамы. Але, канешне, тады я і не думала, што лёс звяжа мяне з народнай творчасцю, што я буду працаваць у Цэнтры рамёстваў, стану народным майстрам, — у тыя часы этнаграфічная тэма неяк асабліва і не гучала. А нічога не рабіць я проста не магу, у мяне гэта як хвароба нейкая — родныя часта так жартуюць. (Смяецца.) Каб сесці нармальна паглядзець тэлевізар — не, абавязкова што-небудь павінна быць у руках. Пры гэтым — раблю адно, а прыдумляю ўжо наступнае.
— Значыцца, вы першы народны майстар у сям’і?
— Атрымліваецца так. У мяне і бабуля была рукадзельніцай, але як у тыя даўнія гады — нічога ж асабліва не купіш, таму ў вёсках многае рабілі самі: і шылі, і ткалі як маглі. А я, калі ўжо вярнулася ў Лепель пасля Віцебска, дзе працавала на фабрыцы, нешта сама для сябе дома вышывала — у дэкрэтным адпачынку, і проста зайшла ў краму “Скарбонка” пры мясцовым Доме рамёстваў набыць рамачкі. А мне там прапанавалі зазірнуць у Дом рамёстваў, і я запісалася ў гурток па вышыўцы. А неўзабаве ў іх вызвалілася месца майстра па ткацтве, і мяне ўзялі туды на працу. Толькі тады я пачала даведвацца пра традыцыі, пра старадаўнія станкі, пра асаблівасці беларускага ткацтва, пра фальклор і рэгіянальныя адметнасці, і гэтак далей. Нешта вывучалася, натуральна, па кнігах, а многае мы бралі і з экспедыцый, з размоў з тымі нешматлікімі ўжо на той час — а гэта канец 90-х гадоў — бабулькамі, якія ў лепельскіх вёсках захоўвалі майстэрства ад продкаў. Дзякуй богу, штосьці мы яшчэ паспелі знайсці і захаваць — у асноўным посцілкі, ручнікі, вышыўку… Усё збіралася па драбочках. Радаваліся, калі нават не цэлую посцілку ці ручнік знаходзілі, а хоць кавалачак. Вось адной з першых у мяне была дарожка, якую я аднавіла па ўрыўку, знойдзенаму ў вёсцы Губіна. Спачатку ж знойдзены экзэмпляр мы павінны вывучыць, стварыць па ім метадычную распрацоўку — які від ткацтва, які ўзор, якія перапляценні, колеры і ўсё астатняе, зафіксаваць гэта, і толькі потым ужо можна брацца рабіць новы твор такі ж самы, як і старадаўні.
— А ці ёсць на Лепельшчыне нешта сваё, асаблівае?
— Вось літаральна два тыдні таму нашы лепельскія так званыя “накладаныя адзіялы” атрымалі статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці. “Накладаныя адзіялы” — гэта посцілкі, зробленыя ў тэхніцы аднабаковага перабору, уласцівыя менавіта Лепельшчыне яшчэ з канца ХІХ стагоддзя: на льняное палатно чорнага колеру накладаецца рознакаляровы ўзор. Што тычыцца адзення, напрыклад, то існуе асобны лепельскі строй — у ім пераважае бела-чырвоная гама з невялікім уключэннем чорнага колеру, і зусім няшмат вышыўкі. Абрамленне арнаментам ідзе толькі па манжэтах, па гарлавіне, па разрэзе спераду — у тых месцах, дзе кашуля пераходзіць у адкрытыя участкі цела. Аказваецца, гэтыя арнаменты працавалі як абярэг, як абарона чалавека. Так нам расказвалі старыя бабкі ў вёсках.
— А ці дазваляецца вам як майстру ўключаць сваю творчую фантазію?
— Тое, што мы ствараем у Цэнтры рамёстваў, павінна быць у народнай традыцыі, а сама для сябе я магу ж рабіць што заўгодна. Ці з дзіцёнкам, які ў мяне ў гуртку займаецца і хоча маме на свята якую сурвэтачку саткаць, мы можам пафантазіраваць згодна з яго пажаданнямі. Але ў Цэнтра рамёстваў галоўная задача — захаванне і адраджэнне традыцый.
І ўсё роўна, нават калі я нешта і для сябе раблю, натхненне чэрпаю з народнага матэрыялу. Возьмем, напрыклад, пояс — ён павінны быць доўгі з кутасамі на канцах. А для цяперашніх маладых людзей я тку ўжо паясы хоць і традыцыйныя, але, напрыклад, пад джынсы — і не такія доўгія, і са спражкай. Ці якія блузкі летнія для дзяўчат — крой ужо крыху іншы. Бо раней жа шылі з тканага палатна і ашчаджалі кожны сантыметр такога каштоўнага матэрыялу — рабілі прамы крой і пад самае горла. Цяпер жа мы можам пашыць нешта і больш зручнае, але з традыцыйнымі ўзорамі, вышыўкай. Але многае раблю і больш крэатыўнае: сумкі, упрыгожванні — самае рознае. Мастацкай адукацыі ў мяне няма, пра што па цяперашнім розуме трохі дык і шкадую — але ў тыя часы ў маёй сям’і і магчымасцей такіх асабліва не было: так што раблю проста як адчуваю. І людзям падабаецца.
— Вы неаднойчы прадстаўлялі беларускія рамёствы і за мяжой. Як у іншых краінах рэагуюць на такую творчасць?
— Так, я была ў Польшчы, Германіі, Эстоніі, краінах Балтыі, у Індыі нават. Канешне, заўсёды цікавасць вялікая, калі я са станком, — ручное ткацтва мала дзе пабачыш. А наш жа Лепельскі Цэнтр рамёстваў у Беларусі ўвогуле лічыцца адным з лепшым па ткацтве. У Індыю, канешне, я ездзіла без станка, бо складана было б яго туды завезці. Там я дэманстравала ткацтва паясоў: брала з сабой такое невялічкае прыстасаванне — бёрдышка, і для ўсіх ахвотных пляла нашы традыцыйныя паясы. Прасіла нават, каб чалавек напісаў сваё імя лацінскімі літарамі, і выплятала ў поясе яго імя.
— У родным Лепелі вас, мабыць, усе ведаюць…
— Думаю, што ведаюць. (Смяецца.) У нас жа калі якое свята ў Лепелі, то наш Цэнтр рамёстваў у ім абавязкова ўдзельнічае, мы працуем і на вуліцах, робім выстаўкі не толькі ў памяшканні. Вось у мінулыя выхадныя ездзілі са сваімі вырабамі і майстар-класамі ў Домжарыцы, дзе праходзіла вялікае свята “Шлях цмока”. Праз тыдзень будзе Дзень горада, і без нашага цэнтра на ім, канешне, ніяк не абыдзецца. У нас увогуле шмат выязных мерапрыемстваў. Ды й часта я перамагаю ў розных конкурсах — пра гэта пішуць, расказваюць. У 2008 годзе мне нават далі званне “Жанчына года Віцебшчыны”. Да таго ж, за гэтыя амаль чвэрць стагоддзя працы ў цэнтры я многіх лепельцаў — вялікіх і маленькіх — навучыла розным майстэрствам.
— Мы гаворым пра ткацтва, але ж цяпер вы прызнаны аўтарытэт і як майстар па ляльках — у конкурсе “Забава” ўжо другі раз атрымліваеце Гран-пры. Як вы заняліся і лялечным рамяством?
— Гэта здарылася недзе гадоў 12 назад. Тады майстар, які ў нашым цэнтры адказваў за лялек, з’ехаў, а мне стала шкада, што ў нас можа зусім знікнуць такі цікавы кірунак. І я перадала ўсе свае справы па ткацтве маладым, якіх сама і навучыла — у Цэнтры рамёстваў цяпер сапраўды працуюць ужо мае вучні, і занялася лялькамі. Я многае даведалася за гэтыя гады, раблю цяпер самых розных лялек — і абярэгавых, і гульнявых, і абрадавых. А сёлета атрымала Гран-пры за вялікую калекцыю лялек у народных строях — там іх больш за 30 было. У стварэнні калекцыі я абапіралася на вядомую кнігу Міхася Раманюка “Беларускія народныя строі”. Кожная лялька памерам недзе паўметра ў вышыню, і апранутая яна ў абсалютна дакладны народны строй таго ці іншага рэгіёна Беларусі. Я ўсё раблю сама — пачынаючы ад каркаса і манекена да апошняй нітачкі. У мяне ёсць і лепельскі строй, і смаленскі, і суражскі, і маларыцкі, і многія іншыя — з усёй Беларусі.
А зрабіць лялечны касцюм не вельмі проста. Узяць, напрыклад, вышыўку — пры вялікіх памерах у цябе прастора, ты можаш гэты ўзор вышываць без праблем, а вось у мініяцюры кожную дэталь выпрацаваць так, каб яна была і дакладнай, і заўважнай, каб яе было бачна — вельмі складана. Але, аказваецца, магчыма! (Смяецца.) Паважанае журы на конкурсе гэты момант таксама якраз ацаніла. Я ўвогуле люблю, каб было не проста, каб трэба было пастарацца, папрацаваць, падумаць. Цяпер калекцыя экспануецца ў выставачнай зале Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці.
— І гэта лялькі без твару…
— Так, бо акцэнт менавіта на касцюмах. А яшчэ ж я рабіла вялікую калекцыю народных лялек — абярэгавых, абрадавых. У такіх лялек твары практычна ніколі і не малююцца. Існуе тлумачэнне, і я сама яго чула ад старых людзей, што калі ляльцы зрабіць твар, намаляваць вочы, то гэта ўжо быццам душу ў гэтую ляльку ўпусціць. А лялька без твару не можа прычыніць шкоды чалавеку. Ды й як раней лялек рабілі — даволі простымі сродкамі, іншых жа магчымасцей і не было. З хусткі рабілі, а замест галавы заварочвалі бульбіну, ці нейкую тканіну замотвалі ў выглядзе немаўляці — такія называліся мотанкамі. Зернавушка — напаўнялі мяшэчак зернем, завязвалі фартушок і хустачку ды ставілі у чырвоны кут у якасці абярэга, калі збіралі ўраджай. На Каляды коз рабілі, маладым на вяселлі дарылі “неразлучнікаў” — у пары была адна агульная рука. Драўляныя лялькі — дзецям пагуляцца, і гэтак далей.
— Ці ёсць у вас як у народнага майстра яшчэ нейкія задумкі, грандыёзныя планы?
— З узростам я станаўлюся, мабыць, усё больш прыземленым чалавекам, задумкі ўжо пра заслужаны адпачынак. (Смяецца.) Але ж нечага я яшчэ не паспрабавала, чамусьці яшчэ не навучылася, — напрыклад пляценню на каклюшках ці тэхніцы фрывалітэ: вось такія планы. Імкнуцца яшчэ ёсць да чаго.